У ноч пад Новы год арцыбіскуп Станеўскі адкрыў юбілейную святыню ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе

У ноч з 31 снежня на 1 студзеня 2025 года, напярэдадні ўрачыстасці Святой Багародзіцы Марыі, у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбыўся ўрачысты абрад адкрыцця юбілейнай святыні 2025 года, паведамляе catholic.by
Узначаліў гэты адмысловы абрад, што адбываецца толькі раз на 25 гадоў, і цэлебрацыю святой Імшы, якая яго суправаджала, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Раней арцыпастыр прызначыў малую базыліку Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе адной з трох у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі юбілейных святыняў Святога 2025 года.
Тут на працягу Юбілею, які праходзіць у Каталіцкім Касцёле пад дэвізам «Пілігрымы надзеі», можна атрымаць поўны адпуст пры выкананні звычайных умоваў.

Познім вечарам вернікі з Будслава і іншых мясцін сабраліся перад уваходам у будслаўскі касцёл.
Працэсія, на пачатку якой міністранты неслі крыж — сімвал хрысціянскай надзеі, што знаходзіцца ў цэнтры сёлетняга Юбілею, — выйшла з плябаніі і скіравалася ў бок святыні.
Перад зачыненымі цэнтральнымі дзвярыма базылікі арцыбіскуп Станеўскі прамовіў належныя малітвы, а ксёндз канонік Антоній Казлоўскі, дэкан Смаргонскі з Гродзенскай дыяцэзіі, які ўжо традыцыйна штогод бярэ ўдзел у навагодніх цэлебрацыях у Нацыянальным санктуарыі, прачытаў фрагмент Евангелля паводле Яна, дзе Езус кажа, што Ён — дарога, праўда і жыццё.
Пасля гэтага арцыбіскуп Станеўскі сваім пастырскім посахам — біскупскім пастаралам — гучна тройчы ўдарыў у зачыненыя дзверы святыні.
Адчыніўшы іх, арцыпастыр правёў сабраных людзей, нібы праз браму збаўлення, усярэдзіну базылікі, дзе ўсіх пілігрымаў чакаў Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце і Святая Багародзіца Марыя ў Яе цудадзейным Будслаўскі абразе.
Уваходзячы ў святыню, арцыпастыр трымаў за руку дзіцятка — наймалодшага будслаўскага міністранта, — нібы жывое ўвасабленне надыходзячага Новага, юбілейнага года хрысціянства і новай будучыні Касцёла на Беларусі.
Ушанаваўшы алтар і прывітаўшы прысутных, у тым ліку святароў, сярод якіх былі ксёндз прэлат, грэміяльны канонік Уладзіслаў Завальнюк і ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі, арцыбіскуп акрапіў усіх асвячонаю вадою на знак ачышчэння, пасля чаго ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.
У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на таямніцы Богаўцелаўлення — адной з цэнтральных падзей у гісторыі збаўлення, — адзначыўшы, што Будслаўскі санктуарый з’яўляецца «беларускім Бэтлеемам», дзе Хрыстус сваёю ласкаю нараджаецца ў сэрцах вернікаў дзякуючы матчынаму заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.
«Мы глядзім разам з Марыяй і з Юзафам на гэтае Божае Дзіця, Езуса Хрыста, які прыйшоў, каб нас аднавіць, каб нас збавіць, каб мы адчулі сябе сапраўды Божымі дзецьмі»,— падкрэсліў арцыпастыр.
Напрыканцы Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, перад якім у апошнія хвіліны адыходзячага, 2024 года ўсе прысутныя адспявалі гімн «Цябе, Бога, праслаўляем» як выраз падзякі за пражыты год і малітву аб тым, каб Бог бяспечна вёў свой пілігрымуючы народ у нябесны Ерузалем, сцярог ад грахоў і не пакінуў сваіх падданых без апекі на зямным шляху.
Роўна апоўначы арцыбіскуп Станеўскі ўдзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам на чатыры бакі свету, просячы ў Бога для ўсіх людзей на зямлі Божых ласкаў, а асабліва дару міру ў Сусветны дзень малітваў за мір, які адзначаецца 1 студзеня.
Пасля Імшы ўсе прысутныя — ад найменых да найстарэйшых — абменьваліся святочнымі віншаваннямі, найлепшымі пажаданнямі на распачаты Новы год і дзяліліся традыцыйнымі каляднымі аплаткамі.
































Рекомендуем


