Деревня Нивки становится краше
«Ніўкам, вядома, да «маленькай Швейцарыі» яшчэ далёка. Але вёска апошнім часам стала больш чыстай і прывабнай. І ўсё дзякуючы энтузіястам, якія тут жывуць», – кажа старшыня Княгінінскага сельвыканкама Вольга ГАЛКО.
Ніўкі – невялікі населены пункт. Мала тут засталося карэнных жыхароў. Але дзякуючы ім і дачнікам вёсачка жыве. І гэта заўважаюць усе, хто тут апошнім часам бывае.
– Цяпер многія хочуць перамен, аднак самі для гэтага нічога не робяць. У большасці выпадкаў адрасуюць свае праблемы мясцовай уладзе і чакаюць, пакуль хто да іх прыйдзе і вырашыць хвалюючае пытанне, – кажа Вольга Галко. – У Ніўках ініцыятарамі добрых спраў людзі выступаюць самі. Прыемна, што дзейнічаюць заадно і мясцовыя жыхары, і дачнікі. Разам выходзяць на суботнікі і працуюць па навядзенні парадку на зямлі. Вядома, там яшчэ далёка не ўсё зроблена. Але тое, што жыхары хварэюць за свой населены пункт, радуе. Пабольш бы нам такіх актыўных, ініцыятыўных людзей!
У Ніўках нават каля пустых закінутых хат не ўбачыш пустазелля. Трава там выкашана. Павыразаны парасткі дрэў, якія, калі не глядзець за імі, могуць утварыць зараснікі. І зроблена гэта намаганнямі саміх людзей. А зямля, з мэтай захавання пажарнай бяспекі, лічы, пад самыя хаты ўзарана дзякуючы кіраўніку сялянскай гаспадаркі «ЯнПлан» Яну Паследу. Наведзены вяскоўцамі парадак і на могілках.
– Сельвыканкам, са свайго боку, шмат увагі надае рабоце з пабудовамі, дзе ніхто не жыве. Паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
№116 візуальна аглядаем такія будынкі, шукаем уласнікаў, – тлумачыць Вольга Станіславаўна. – Пішам ім пісьмы, дасылаем прадпісанні аб навядзенні парадку каля дома, на дваровай тэрыторыі. Калі ўласнікаў не ўдаецца адшукаць, дамы, якія не маюць гаспадароў і з’яўляюцца непрыдатнымі да выкарыстання па прызначэнні, уносяцца ў адпаведны рэестр і падлягаюць зносу. Сёлета ўжо адзін з такіх дамоў у гэтым населеным пункце знесены. Але яшчэ хапае паўразбураных дамоў і іншых гаспадарчых пабудоў, таму праца будзе працягвацца.
Ініцыятарам і асноўным арганізатарам работ па навядзенні парадку на зямлі ў Ніўках кіраўнік сельвыканкама назвала Сяргея Мацко. Ён жыве ў Мінску, але наведваецца на малую радзіму, у дом, дзе жылі яго матуля і бабуля. Хварэе душой за населены пункт, клапоціцца, каб на вуліцах, у дварах было чыста і прыгожа. Актыўнымі памочнікамі Сяргея сталі дачнікі з Вілейкі Віталій Клімовіч і Дзмітрый Капцюг, якія прыязджаюць у Ніўкі ў дамы сваіх бабуль, а таксама мясцовыя жыхары. Гэта Васілій Звяруга, браты Арцімовічы (Юрый, Васілій, Аляксандр) і Павел Маісееў. Пакрысе агульнымі намаганнямі робіцца добрая справа.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота Васілія ЗВЯРУГІ