Взрослые в стране детства. Рассказываем, как «Зубренок» встретил молодых специалистов
Вашай увазе – тры жыццёвыя гісторыі
УПЕРШЫНЮ Ў «ЗУБРОНКУ»
Вольга Стральцова прыехала сюды 10 жніўня. Працуе выхавальнікам.
– Скончыла Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Івана Шамякіна – гэта адукацыйны цэнтр Беларускага Палесся, – адзначае яна. – Спецыяльнасць паводле дыплома – «руская мова і літаратура, замежная мова і літаратура». Размеркавалі ў «Зубронак», бо палічылі, што гэта месца дапаможа мне вырасці ў педагагічным плане. А таксама навучыць працаваць з дакументамі і выходзіць з самых розных сітуацый.
– Вучыліся вы ў Мазыры, а родам адкуль? Дзе бацькі жывуць?
– Таксама ў Мазыры. Тата працуе на нафтаперапрацоўчым заводзе, мама – трэнер-інструктар па кулявой стральбе. Я вырасла ў Мазыры і студэнткай жыла з бацькамі. Мама вельмі бядуе, што мяне размеркавалі так далёка. А тата лічыць, што ўсё добра, што так і павінна быць. Маўляў, вопыт жыцця ў інтэрнаце рана ці позна павінны атрымаць усе.
– А самі што думаеце на гэты конт?
– Праца тут цікавая. Ну і інтэрнат сапраўды добры. У блоку – два пакоі. Новая мэбля. Быў рамонт – усё ў ідэальным стане. Ёсць невялічкая куханька з плітой і халадзільнікам, можна гатаваць самому. А можна харчавацца ў сталоўцы – мне так зручней. Прыходзіш разам з дзецьмі, аддаеш талончык і атрымліваеш порцыю. У сталоўцы кормяць тры разы на дзень, але можна выбраць, напрыклад, толькі сняданак. Трохразовае харчаванне каштуе прыкладна 10 рублёў у дзень. Грошы потым вылічаць з заробку.
– З суседкай па пакоі сышліся характарамі?
– Сышліся. Яна таксама выхавальнік. Скончыла мой універсітэт, толькі тэхнолага-біялагічны факультэт. А ўвогуле ў «Зубронку» шмат маладых спецыялістаў, яшчэ не ўсіх ведаю.
– Што тут рабіць выхаднымі?
– У мяне пакуль ён адзін і быў: я ж толькі тыдзень працую. Хадзіла да возера. Першае, што даведалася пра «Зубронак», – тут вельмі прыгожа ўзыходзіць і заходзіць сонца. Сядзела на беразе, глядзела на чаек і думала: «Божа, я на моры!» А яшчэ тут добрая піцэрыя. Утульна, смачна – вельмі падабаецца. Пакуль вывучаю тэрыторыю: я ж прыехала сюды ўпершыню.
ЛЮБОЎ ДАЎНЯЯ І ЎЗАЕМНАЯ
Аліна Васільева па адукацыі настаўніца пачатковых класаў, скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. У «Зубронку» працуе выхавальнікам.
– Сюды прыязджала з 2013 года, – расказвае. – Спачатку – у якасці дзіцяці на адпачынак, пасля была ў валанцёрскім атрадзе «Крылы». Студэнткай працавала тут улетку, у тым ліку была на практыцы. З мая стала пастаянным супрацоўнікам. Для мяне гэта змена ўжо 21-я, а «Зубронак» – адзінае працоўнае месца.
– Выходзіць, падабаецца?
– Канечне! Прыехала сюды па закліку сэрца, мне блізкія праца выхавальніка і «Зубронак». Месца, якое палюбіла з дзяцінства, не адпускае.
– Ці далёка жывуць бацькі?
– У Рызе. Я вучылася ў Рыжскай беларускай асноўнай школе імя Янкі Купалы. З першага класа вывучала беларускую мову. Ужо ў пачатковай школе зразумела, што Беларусь мне вельмі блізкая, што хачу звязаць жыццё менавіта з гэтай краінай. Таму і ва ўніверсітэт паступала ў Мінск. У Беларусі ёсць сваякі па татавай лініі, жывуць у Магілёве. Перыядычна да іх езджу.
– Сумуеце па бацьках?
– Ужо прывыкла: пяць год вучылася ў Мінску, у 17 паехала з дому. Да бацькоў можна з’ездзіць, ды і самі яны ў мяне бываюць. А зараз у «Зубронку» адпачывае сястра.
– Як вам тут бытавыя ўмовы?
– Вельмі добрыя, вы ж бачыце. Інтэрнат блочнага тыпу, далі магчымасць выбраць, з кім жыць. Сабралася добрая кампанія, у блоку са мной – выхавальнікі і педагогі-псіхолагі. Усе ўмовы створаны. У блоку ёсць абсталяваная ўсім неабходным кухня, можна самому гатаваць карысную смачную ежу. Я так і раблю. Бяру на працу лусту – там ёсць магчымасць падагрэць. У блоку прадугледжаны і душ, і туалет. Вясной у інтэрнаце быў рамонт, у нашым блоку ў тым ліку.
– Агульнавядома, што ў «Зубронку»высокі заробак. А ці ёсць тут дзе траціць грошы?
– Ёсць. На тэрыторыі «Зубронка» размешчаны магазіны, кавярня, піцэрыя. Карчма, дзе гатуюць смачныя бліны. Ну і ў выхадныя можна паехаць у курортны пасёлак Нарач або ў Мядзел. Некаторыя ў Мінск ездзяць: з транспартам тут добра.
УБАЧЫЦЬ «ЗУБРОНАК» – І ЗАСТАЦЦА
Не сакрэт, што, нягледзячы на высокі заробак і добрыя бытавыя ўмовы, пасля абавязковай адпрацоўкі ў «Зубронку» застануцца не ўсе маладыя спецыялісты. Нехта хоча жыць і працаваць бліжэй да бацькоў, нехта – у горадзе, а не сярод лесу. Ды і з самага пачатку некаторыя настроены з’ехаць.
А хтосьці ўспрымае «Зубронак» як рамантычную магчымасць атрымаць першы вопыт, працуе з задавальненнем і – застаецца на гады. Сярод такіх – загадчык аддзела па арганізацыі выхаваўчай работы структурнай адзінкі «Зорная» Сяргей Сечын. У «Зубронку» ён з 2008 года.
– Увесь гэты час жыву ў інтэрнаце, – кажа суразмоўца. – Спачатку ў пакоі з хлопцамі, а як ажаніўся – з жонкай. Яна тут харэографам працуе. У 2020 годзе пазнаёміліся, а два гады таму пажаніліся.
– Увесь блок захапілі?
– Не, у другім пакоі жыве сусед. Ён перш працаваў у «Зубронку», зараз на пенсіі.
– Не плануеце будаваць кватэру?
– Дом будуем. Магчымасць такая ёсць: зарабляем добра, а жыццё ў інтэрнаце асаблівых выдаткаў не патрабуе. Нешта паламаецца – адрамантуюць. Нават калі лямпачка перагарыць, самім мяняць не трэба, проста паведамляем на вахту.
Сёлета ў «Зубронак» прыйшлі 72 маладыя спецыялісты, у тым ліку 64 педагогі. Сярэдні заробак выхавальніка ў «Зубронку» – 2400 рублёў.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота Аляксандра ЮЦА