Меню

Побывали в автопробеге по местам боевой и воинской славы Мядельщины

Побывали в автопробеге по местам боевой и воинской славы Мядельщины

Апоўдні з плошчы Шаранговіча пачаўся аўтапрабег па месцах баявой і воінскай славы Мядзельшчыны.

Перад стартам слова меў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Жук.

— Рад прывітаць усіх удзельнікаў аўтапрабегу і павіншаваць з самымі галоўнымі для нашай краіны святамі — Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 81-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дзень Незалежнасці — гэта свята, што сімвалізуе доблесць, высакароднасць, гераізм нашых продкаў, якія сваёй крывёй, сваімі жыццямі заваявалі нашу незалежнасць. Мы павінны памятаць і шанаваць гэта свята заўсёды. Наш сённяшні аўтапрабег — знак глыбокай павагі да ўсіх людзей, якія кавалі нашу Вялікую Перамогу.

Руслан Вячаслававіч пажадаў прысутным здароўя, шчасця і мірнага неба, а нашай краіне — далейшага развіцця і росквіту. І выказаў упэўненасць, што сённяшні аўтапрабег будзе такім жа эмацыянальным і цікавым, як той, што праводзіўся ў Дзень Перамогі.

…Першы прыпынак аўтапрабегу – ДЗЯГІЛІ.

На помніку загінуўшым землякам 56 імён. Пра гераічную і трагічную гісторыю гэтых мясцін расказвае навуковы супрацоўнік Мядзельскага музея народнай славы Аляксей Камолаў. А пра важнасць захавання гістарычнай памяці разважае супрацоўнік раённага ваеннага камісарыята Рыгор Хіла.

Да помніка ўскладаюць кветкі. Хвіліна маўчання.

…Удзельнікі аўтапрабегу спыняюцца ля помніка загінуўшым землякам у СЛАБАДЗЕ.

30 верасня 1942 года партызаны атрада імя Суворава пад камандваннем будучага Героя Савецкага Саюза Фёдара Маркава разграмілі варожы гарнізон у гэтым населеным пункце. Непадалёку, ля вёскі Гулі, памятны знак на месцы гібелі партызанкі Надзеі Асіненкі. Пра гэта расказаў навуковы супрацоўнік музея.

Да прысутных звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў і жыхарка Слабады Антаніна Крыўко:

— Прыміце самыя шчырыя, самыя цёплыя віншаванні са святам — Днём Незалежнасці нашай Радзімы. Гэта свята, якое яднае людзей з аднолькавымі каштоўнасцямі: гонар за нашу краіну, імкненне і жаданне працаваць на яе дабрабыт і росквіт, любоў да сваёй радзімы і да сваёй сям’і. Мы жывём у добры, стабільны час. І я хачу пажадаць усім, хто тут сабраўся, вашым родным і блізкім, каб не давялося перажыць ваеннае ліхалецце. А таму мы павінны памятаць і шанаваць воінаў, якія цаной уласнага жыцця змаглі пакінуць нам мірнае неба.

СТАРЫЯ ГАБЫ. Удзельнікі аўтапрабегу спыняюцца ля грамадзянскіх могілак.

Аляксей Камолаў расказвае, што Старыя Габы былі своеасаблівым партызанскім цэнтрам усходняй часткі Мядзельшчыны. А пасля вызвалення нашых мясцін габлюкі і жыхары навакольных вёсак змагаліся на фронце. Не ўсе вярнуліся з вайны. У 1965 годзе помнік загінуўшым землякам з’явіўся ля тагачаснай калгаснай канторы.

А на могілках – брацкая магіла савецкіх воінаў і актывістаў. Пра абставіны гібелі гэтых людзей расказвае дырэктар Старагабскай сярэдняй школы Іван Босы.

…Удзельнікі аўтапрабегу спыняюцца ля брацкай магілы ў КРЫВІЧАХ. У ёй пахаваны 127 савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў барацьбе з захопнікамі.

Супрацоўнік музея расказвае пра трагічны лёс яўрэяў мястэчка. А ўсяго за гады акупацыі ў тагасчасным Крывіцкім раёне фашысты знішчылі 2189 чалавек. 4 ліпеня 1944 года партызаны брыгады імя Будзёнага ва ўзаемадзеянні з часцямі 72-га стралковага корпусу 5-й арміі 3-га Беларускага фронту вызвалілі Крывічы.

Пра важнасць захавання гістарычнай памяці і каштоўнасць мірнага жыцця гаворыць дэпутат раённага Савета Андрэй Дубаневіч.

…Гісторыя КНЯГІНІНА таксама гераічная, расказвае ўдзельнікам аўтапрабегу супрацоўнік музея. На франтах загінулі 145 жыхароў Княгінінскага сельсавета, у партызанах – 16. У чэрвені 1944-га партызаны брыгад імя Даватара і імя Будзёнага захапілі і ўтрымлівалі да прыходу Чырвонай Арміі чыгуначную станцыю.

Пра важнасць захавання памяці пра герояў і ахвяр вайны гаворыць старшыня сельвыканкама Вольга Галко. Хвіліна маўчання.

А потым пра мірную Беларусь спяваюць юныя княгінінкі.

…Апошні прыпынак аўтапрабегу – СВАТКІ.

У першыя дні акупацыі гітлераўцы расстралялі старшыню сельскага Савета Пятроўскага і ўпаўнаважанага раёна Валюка. А ў верасні 1943-га карнікі спалілі тут 50 вясковых гаспадарак. У 1965 годзе ля калгаснай канторы быў пастаўлены абеліск у памяць пра 72 загінуўных землякоў. Пра гэта расказвае Аляксей Камолаў.

З галоўным святам краіны віншуем прысутных кіраўнік раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Кацярына Клімовіч. А пра любоў да Беларусі і мір на зямлі спявае самадзейны артыст Пётр Маўчан.

Падрабязней пра аўтапрабег мы раскажам у «Нарачанскай зары» за 12 ліпеня.

Наталля ЛІСІЦКАЯ

Фота і відэа Аляксандра ЮЦА

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59