Более 1000 детей прибыло на торжество в Будслав

У суботу 31 мая ў Нацыянальным марыйным санктуарыі Беларусі ў Будславе прайшло святкаванне Сусветнага дня дзіцяці, які прыпадае на 1 чэрвеня.
Арганізатарам рэлігійнага мерапрыемства была Місія Добрага Самараніна, пры якой у Мінску дзейнічае Хрысціянскі сацыяльны цэнтр. Узначальвае Місію сястра Часлава Навіцкая USJK.
Больш за 1000 дзяцей прыбыло на ўрачыстасць са сваімі душпастырамі, катэхетамі і бацькамі. Нават кепскае надвор’е, якое ўсталявалася на працягу тыдня напярэдадні, не спалохала арганізатараў і ўдзельнікаў. «Усё прайшло сонечна!» — адзначылі арганізатары.

Тэма сёлетняй сустрэчы: «Гэта мы — радасць і надзея».
Прывітальне слова ксяндза Аляксандра Шамрыцкага MIC, душпастыра Місіі, дало пачатак святкаванню. Самым важным пунктам была Эўхарыстыя, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Падчас прамовы да дзяцей у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі арцыпастыр разважаў пра тое, чаму Марыя, нягледзячы на выпрабаванні ў сваім жыцці, была радаснай асобай і адкуль яна чэрпала радасць і надзею.

Пасля святой Імшы і кароткага перапынку дзяцей чакала забаўляльная праграма, якую падрыхтавала салезіянская моладзь разам са сваім душпастырам, ксяндзом Алегам Каралёвым SDB. Усе прысутныя мелі таксама магчымасць паўдзельнічаць у арганізаваных майстар-класах.


Чарговым пунктам праграмы была малітва праслаўлення, якую правялі дзеці, якія належаць не толькі да каталіцкіх супольнасцяў, але і да іншых канфесій.
Сустрэчу завяршыла супольная малітва «Ойча наш», якая аб’яднала ўсіх прысутных.

У арганізацыю мерапрыемства ўключылася каля 100 валанцёраў, шматлікія парафіі, арганізацыі і індывідуальныя асобы складалі ахвяраванні.
Некаторыя ўдзельнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі:
Міша (Барысаў):
«Было весела разам. Усё было маштабным: колькасць дзяцей, майстар-класаў і гульняў. Спадабаўся таксама канцэрт, былі прыгожыя спевы з глыбокім сэнсам».
Глеб (Будслаў):
«Добры дзень! Вельмi ўсё спадабалася. Вялiкi дзякуй за вельмi цудоўнае свята для дзяцей».
Багдан (Смалявічы):
«Мне вельмі спадабалася ўчарашняя сустрэча. Спадабаліся гэтыя гульні, я нават атрымаў тры выйгрыша. Мне вельмі добра было ў душы».
Марта (Мінск):
«Усё вельмі спадабалася. Асабліва цікава слухаць песні пад электрагітары».
Лёша (Барысаў):
«Асаблівым момантам для мяне была Імша, на якой я бачыў шмат святароў. Спадабалася гамілія абпаарцыбіскупа Юзафа.
Соня (Смалявічы):
«Гэты дзень у Будславе мне вельмі спадабаўся! Як і ў мінулым годзе, гэтае мерапрыемства напоўнена радасцю, усмешкамі, вяселлем і добрымі людзьмі. Гэтая Святая Імша заўсёды застаецца у сэрцах людзей, бо атмасфера, якая на ёй прысутнічае, зачароўвае душу. І ніякі дождж не перашкаджае нам праслаўляць Пана Бога нашага».
Паводле: samaranin.by
Рекомендуем





