Не родня, но семья: что происходит по средам в районной библиотеке
Дзіўна сказана? Магчыма. Але так бывае. І ёсць. Размова пойдзе пра аматарскае аб’яднанне пры цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка пад назвай «Задушэўная размова».
Хто ў гэтым аб’яднанні? Па-першае, людзі пенсіённага ўзросту. Ці лепш сказаць – срэбнага. Па месцы жыхарства – і блізкіх, і аддаленых вуліц райцэнтра. Па прафесіі – былыя бухгалтары, медыкі, інжынеры, работнікі сферы абслугоўвання і г. д. Раз у месяц, у сераду, усе яны збіраюцца ў бібліятэцы. Радасна прывячаюць адно аднаго – як дарагога, роднага чалавека. Ва ўтульнай зале размяшчаюцца за столікамі, дзеляцца навінамі, добрымі падзеямі з уласнага жыцця, расказваюць цікавыя здарэнні. Успамінаюць словы, якія сталі дэвізам:
Серады штораз чакаю,
Калі сум агорне дома,
Мне б з табой хутчэй сустрэцца,
«Задушэўная размова».
А агульная асноўная тэма кожнай гутаркі – за кіраўнікамі аб’янання. Гэта загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Ірына Цыгельнікава і спецыяліст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Шаранговіч. Гэта яны запрашаюць на сустрэчы то урачоў, то юрыстаў, пісьменнікаў, псіхолагаў… Словам, цікавых людзей з карыснай інфармацыяй. Дапаўненнем з’яўляюцца паведамленні Ірыны Альфрэдаўны і Наталлі Анатольеўны: цікавыя факты з газет і часопісаў, кінафільмаў і кніг. А яшчэ праводзяцца розныя конкурсы, гульні, віктарыны, і іншае.
Асабліва хацелася б расказаць пра першае ў гэтым годзе пасяджэнне. Тут былі і гараскопы-прадказанні, і латарэя, і песні, і прыпеўкі. Спявалі, радаваліся ўсе. А Алену Нарэйку, Валерыю Цяляк, Марыну Чарняўскую, што завіталі на мерапрыемства, сустракалі шчырымі апладысментамі. Дзяўчаткі-прыгажунькі і сказалі добрыя словы, і праспявалі вясёлыя песні, і нават развучылі з усімі танец. Ніхто не ўседзеў на месцы. Зарад бадзёрасці, цудоўнага настрою атрымаў кожны ўдзельнік «Задушэўнай размовы».
Варта дадаць, што пасяджэнні не абыходзяцца без чаявання. Водар духмянай гарбаты дапаўняе хараство ўсёй дзеі.
Напрыканцы варта прывесці словы пастаянных удзельніц аб’яднання:
– Мы зрадніліся, мы сумуем і так чакаем сустрэчы! (Галіна Яфрэмава);
– Гаспадары і гаспадынькі, уставайце з канапы, прыходзьце да нас. Не пашкадуеце! (Людміла Крупенка);
– Варта прыйсці адзін раз – потым цягне сюды як магнітам (Лія Купрэвіч);
– У нас – як на тэлебачанні ў Андрэя Малахава: спяваем любімыя песні. Здорава! (Лілія Сокава);
– Наш узрост – час для самаўдасканалення, для цікавага і карыснага адпачынку. Шчыры дзякуй Ірыне Цыгельнікавай і Наталлі Шаранговіч! (Таццяна Чарняўская).
Валянціна ЯФІМАВА
Фота цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка