«Нідзе лепей не будзе». Тры сыны Наталлі Яноўскай працуюць у сельгасфіліяле «Дзягілі»

Пра Наталлю ЯНОЎСКУЮ параіў напісаць дырэктар гаспадаркі Аляксандр ВАРАШКЕВІЧ. «Шмат год Наталля Якаўлеўна сумленна і адказна адпрацавала даяркай, – расказаў. – На пенсіі, пакуль магла, таксама выручала, як трэба было некага падмяніць. І ўсе яе сыны працуюць у нашай гаспадарцы».
ПРА СЯБЕ
– Нарадзілася ў Нагаўках, – расказвае Наталля Яноўская. – 10 класаў у 1976-м скончыла і ў тым жа годзе замуж выйшла ў Нагаўшчыну. Працавала ў паляводстве, муж трактарыстам быў. І дома гаспадарка: дзве каровы, бычкі, свінаматка… Як муж памёр, сыны зусім малыя былі. Пасля знайшоўся чалавек – зноў выйшла замуж. Паехалі жыць у Зані. Зіму пабылі, але не спадабалася ў чужых людзях. Навучальны год скончыўся (Коля з Ванем ужо ў школу хадзілі) – вярнуліся ў свой калгас, жыллё ў Дзягілях атрымалі. А тады і Міша нарадзіўся. У 1992-м зноў аўдавела. Такі лёс – таўклася, як Марка ў пекле. Але ж трэба было жыць, хлопцаў падымаць.
Працавала ў сталоўцы ў Дзягілях, тэхнічкай у школе. Даяркай – у тым ліку на раздоі пяршачак. Цяжка было, думала: «Толькі б да пенсіі дапрацаваць, хай толькі 55 стукне». А як прыйшлося – толькі ў 62, здаецца, кінула. І потым Аляксандр Сяргеевіч (Варашкевіч, дырэктар сельгасфіліяла. – Заўвага.), бывала, папросіць то падмяніць, як хто прыхварэе, то выхадны даць. Як не паслухаць? І ён жа нам дапамагае: сена дае, збожжа выпісвае. Цяпер ужо не змагла б на ферме працаваць, а тады сілы болей было.
ПРА ПРАЦУ
– Даяркай працаваць нават зараз цяжка, – канстатуе Наталля Якаўлеўна. – Хоць вёдры ўжо цягаць не трэба, малако само бяжыць па трубе. А перш усё было ўручную. Я яшчэ школьніцай зімовымі канікуламі давала выхадныя даяркам у Нагаўках. Трэба было а палове чацвёртай устаць, зайсці на ферму. Тады падаіць. І цялят даяркі самі глядзелі. Гэта цяпер нейкія прафілакторыі. А тады ў кароўніку ў рад клеткі з цялятамі стаялі – не прайсці. А працаваць трэба, куды ж падзенешся?
Галлё, бывала, нарыхтоўвалі. Зімой – сасновае з ігліцай, летам альховае з лісцем. Былі такія «Валгары», у іх, бывала, падаеш галлё. І таўставатыя сукі ішлі – секліся там, малоліся. Тады ў мяшкі затарвалі, а потым каровам у муку дадавалі. Бо гэта цяпер у камбікармах усяго хапае, а даўней змелюць збожжа – і ўсё.
І кармы даяркі самі раздавалі. Кармавыя сталы пазней з’явіліся. А перш такія як начоўкі стаялі цагляныя. Сенажу ў іх накідаеш, наверх – буракоў. А пасля дойкі, адыходзячы, – сена. І на раніцу кармоў пакідаеш. Здаралася, каровы пазрываюцца (вартаўнік адзін, дзе ж ён іх навяжа), паядуць усё за ноч. Тады раніцай няма чаго даць – рыкаюць.
ПРА СЯМ’Ю
– Сыны прафесіі маюць, працуюць, зарабляюць добра, – кажа Наталля Якаўлеўна. – Коля ў Слабадской школе разам з атэстатам атрымаў правы трактарыста, адразу пасля выпускнога ў свой калгас уладкаваўся. Ваня па адукацыі повар, у курортным пасёлку прафтэхвучылішча скончыў. У арміі поварам быў, тады ў Нарачы. А потым у калгас вярнуўся, сезонна па спецыяльнасці працаваў. Цяпер слесарам на ферме. Міша – трактарыст, пасля дзевяці класаў у Камарова пайшоў. Коля з Мішам некаторы час працавалі ў Мядзельскім ПМС, кватэры ў Мядзеле пабудавалі. Цяпер усе трое ў сваім калгасе. «Нікуды і не кратайцеся, – кажу ім. – Палучкі добрыя, нідзе вам лепей не будзе».
Сям’я наша вялікая: сыны, нявесткі, унукі, праўнукі. Як збяруцца ўсе – 15 чалавек! Суседзі кажуць: «А-я-яй, як ты спраўляешся? Гэта ж толькі свае прыедуць – поўная хата гасцей». І праўда, пакуль працавала, даводзілася няпроста. Прадуктаў хапае, а гатаваць няма калі. Трохразовая дойка, дамоў прыляціш – усё бягом. Здарыцца вальнейшы час – пельменяў, бывала, зраблю 200 штук і замарожу. Галубцоў гэтак сама падрыхтую, калдуноў. Едуць дзеці – а ў мяне хуценька ўсё гатова.
Але і за работу такая сям’я возьмецца – сіла! Хто дрэвы абразае, хто сукі цягае, хто гной кідае. Як мурашачкі!
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота аўтара
Рекомендуем




