Бог даў – яны ўзялі. У Дзягілях завяршылі першы ўкос
Што «зялёны канвеер» – рэальнасць, а не проста прыгожы ўстойлівы выраз, у мінулы чацвер я пераканалася на сенажаці ля вёскі Кухальскія. Там нарыхтоўку кармоў вёў механізаваны атрад сельгасфіліяла «Дзягілі».
Дырэктар гаспадаркі Аляксандр Варашкевіч расказаў:
– Завяршаецца ўборка траў. Назапасім без малога 6 тысяч тон сенажу, 300 тон сена. Год радуе ўраджайнасцю траў. Надвор’е зрабіла сваю справу, мы таксама падвесці не маглі. Многія гады не купляем кармы, толькі прадаём.
Атрад магутны, моцны. Калі вазіць недалёка, за суткі можам закладаць і па 500-600 тон сенажу. Непасрэдна кіруе корманарыхтоўкай галоўны аграном Міхаіл Адамовіч.
Задзейнічана адна самаходная касілка (на ёй працуе адказны і вопытны Іван Таразевіч) і тры ротарныя. На новай PRONAR заняты Аляксандр Крыўко, на іншых ротарных – Павел Лукашэвіч і Міхаіл Храстал. Ёсць і чацвёртая касілка – спраўная, але патрэбы яе задзейнічаць няма.
З граблямі працуюць два Жэні. Ужо каторы год – Падгайскі, сёлета ў яго новыя граблі – набылі за кошт гаспадаркі.
З яшчэ аднымі – Грынкевіч.
Малады хлопец, са Слабады. Малайчына! Быў тут на практыцы і пасля арміі да нас вярнуўся. У гаспадарцы працуюць і яго родныя. Бацька – на трактары, дзядзька – у жывёлагадоўлі.
На адвозцы задзейнічаны Улад Хільман і Аляксей Якімовіч – на МТЗ-3522, Дзмітрый Лук’янец, Мікалай Маляёнак і Юрый Грынкевіч – на МТЗ-1221.
Аляксандр Балаховіч цяпер адвозіць сянажную масу, а пасля паедзе прасаваць сена.
Прэс – «Крон», за змену 300 рулонаў робіць гуляючы.
На камбайне «Ягуар» стараецца вопытны механізатар Міхаіл Яноўскі.
Трамбаванне сянажнай масы вядзём круглыя суткі, на «амкадорах» пазменна працуюць Анатоль Варабей і Мікалай Скурко.
Руслан Ломаць палівае траншэю кансервантамі, набірае ў мяшкі пясок.
У нас добры працаздольны калектыў. Ён не дзеліцца на «выдатнікаў» і «двоечнікаў» – усе працуюць на агульны вынік.
Наталля ЛІСІЦКАЯ, фота аўтара