Што ведаеце пра сваіх продкаў?
Вернікі дзвюх самых папулярных у Беларусі хрысціянскіх канфесій гэтымі выхаднымі моляцца за сваіх продкаў. Бо ў праваслаўных Дзмітрыеўская бацькоўская субота сёлета выпала на 1 лістапада, а ў католікаў 2 лістапада – Дзяды. Мы папрасілі ўраджэнцаў Вусаўшчыны расказаць пра продкаў, якія пайшлі з жыцця, але назаўсёды застануцца ў памяці.
Аляксандр РОЛІЧ, загадчык сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Мядзельскага раённага цэнтра культуры:
– Бацькі пахаваны ў Вусаўшчыне. Дзядуля па татавай лініі – у Краснаярску, бабуля – у Касцюковіцкім раёне. А родныя па мамінай лініі і муж сястры Тамары – на Мядзельшчыне: у Вусаўшчыне, Раманаўшчыне, Шкленікове. Продкаў сваіх памятаю. Хаджу ў царкву, падаю за іх запіскі, стаўлю свечкі. У памінальныя дні стараюся наведаць могілкі. Абодва мае дзяды – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, мелі ўзнагароды. Тата Аляксандр быў механізатарам у калгасе «Шлях Ільіча», атрымліваў граматы за сяўбу і жніво. Мама Надзея працавала ў паляводстве і даглядала цялят, таксама мела ўзнагароды. Яе бацькі жылі ў Занях, стаялі ля вытокаў калгаса: мой дзед Андрэй Роўда быў брыгадзірам, а бабуля Феафіла хадзіла ў паляводства. Вельмі любіў я і стрыечную бабулю Мар’ю, якая жыла ў Занях. У яе не было сваіх дзяцей. Я дапамагаў бабулі Мар’і нарыхтоўваць дровы, пасвіць кароў, а яна вучыла мяне песням. Моцна даражу і памяццю дзядзькі Аляксея – гэта родны матулін брат. У яго былі тры дачкі, а ён хацеў і хлопчыка, таму вельмі любіў мяне. Працаваў дзядзька ў калгасе шафёрам. Ён навучыў мяне вадзіць аўтамабіль.
Іна САКОЛЬСКАЯ, жыхарка Мядзела:
– На могілках у Вусаўшчыне пахаваны ўсе мае продкі, а таксама бацькі братавай жонкі Марыны. Наша з Раманам мама Ганна Сцяпанаўна была праваслаўная. Яна мясцовая, з Вусаўшчыны. А тата Аляксандр Іосіфавіч Руткевіч – католік з суседняй вёскі Ляхавічы, прыйшоў да мамы на прымакі. Абое працавалі ў калгасе: тата – механізатарам, мама – на ферме. Дзядоў сваіх я не ведала, бо яны пайшлі з жыцця яшчэ да майго нараджэння: адзін у 1952 годзе, другі – у 1953-м. А вось бабуля Антаніна Міхайлаўна глядзела нас з братам, як былі малыя. Памерла, калі мне было 18 гадоў. У Вусаўшчыне ўжо мала людзей старэйшага пакалення. Але мы – дзеці і ўнукі былых гаспадароў – шануем іх памяць. Молімся за іх у царкве і касцёле, прыбіраем месцы пахавання. Ходзім на могілкі ў памінальныя дні, калі там бывае бацюшка або ксёндз. Бацькоўскія хаты і падворкі трымаем у парадку, паміж сабой сябруем. Летам як збяромся ўсе з дзецьмі і ўнукамі – вясёлая такая дачная вёсачка атрымліваецца!
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота аўтара і забяспечана ўдзельніцай апытання
Рекомендуем