Две районные комиссии провели совместное заседание
АДБЫЛОСЯ сумеснае пасяджэнне камісій па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў пры Мядзельскім райвыканкаме і Мядзельскай раённай камісіі па прафілактыцы п’янства і алкагалізму.
Разгледжаны шэраг пытанняў, накіраваных на папярэджанне няшчасных выпадкаў на вытворчасці, недапушчэнне знаходжання на працы ў нецвярозым стане. Гэтыя пытанні былі і зараз застаюцца актуальнымі.
Аб стане вытворчага траўматызму ў арганізацыях раёна праінфармавала членаў камісій галоўны спецыяліст сектара працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Вайцяхоўская.
– За студзень-верасень бягучага года ў раёне зарэгістравана 5 няшчасных выпадкаў на вытворчасці. З іх 3 адносяцца да цяжкіх вытворчых траўмаў, а 2 да такіх відаў траўм не адносяцца, – адзначыла дакладчыца. – Няшчасных выпадкаў на вытворчасці са смяротным зыходам не зарэгістравана. Пры знаходжанні ў стане алкагольнага ап’янення быў траўміраваны адзін працуючы. За адпаведны перыяд мінулага года адбылося 8 няшчасных выпадкаў на вытворчасці. З іх адзін са смяротным зыходам і 2 – цяжкіх. І хоць, як сведчыць статыстыка, сітуацыя з траўматызмам у раёне палепшылася, аднак праблемы ёсць, і яны выклікаюць трывогу.
Ірына Міхайлаўна падрабязна прааналізавала ўсе няшчасныя выпадкі, якія мелі месца. Назвала прычыны кожнага з іх. Спынілася таксама на рабоце мабільнай групы па аказанні практычнай і метадычнай дапамогі ў забеспячэнні выканання заканадаўства па ахове працы.
Было дадзена слова і прадстаўнікам УП «Мядзельская ЖКХ» і ААТ «Мядзелаграсэрвіс», дзе сёлета адбыліся няшчасныя выпадкі. Прычым кожны з іх гаварыў не толькі аб іх прычынах, але і аб мерах, якія прыняты ў калектыве, каб такія сітуацыі больш не паўтараліся.
Члены камісій рэкамендавалі прадпрыемствам і арганізацыям у абавязковым парадку праводзіць перадрэйсавы прыборны кантроль на прадмет вызначэння фізічнага стану вадзіцеляў і асоб, якія дапушчаны да кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі і самаходнымі машынамі з абавязковым запісам аб гэтым у спецыяльным журнале, у тым ліку выбарачна на працягу рабочага дня. Указалі таксама, каб кіраўнікі арганізацый, вытворчых падраздзяленняў звярнулі ўвагу на неабходнасць узмацнення працоўнай дысцыпліны ў адносінах да падначаленых. Каб не дапускалі да работы персанал без сродкаў індывідуальнай аховы, а таксама без здачы экзамену па ахове працы.
На пасяджэнні ішла таксама размова аб неабходнасці праходжання работнікамі абавязковых медаглядаў, аб укамплектаванасці арганізацый спецыялістамі па ахове працы і павышэнні імі сваёй кваліфікацыі.
На важнасць прафілактыкі траўматызму, прадухілення выпадкаў знаходжання на рабоце ў нецвярозым стане звярнуў увагу прысутных, падводзячы высновы размовы, якая адбылася, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Жук. Як падкрэсліў Руслан Вячаслававіч, пытанні аховы працы, выкананне патрабаванняў тэхнікі бяспекі павінны быць на першым месцы, бо менавіта ад іх часта залежыць жыццё і здароўе працаўнікоў.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота аўтара