Как сдают хлеборобский экзамен в ОАО «Занарочанский»

Ой як не заўсёды надвор’е спрыяе селяніну! Здаўна ж кажуць: «Дождж ідзе не там, дзе ждуць, а там, дзе жнуць. Не там, дзе просяць, а там, дзе жыта косяць». А сёлета ў сваім супрацьстаянні з чалавекам прырода, здаецца, пераўзышла саму сябе.
РАДАВЫЯ ЖНІВА
Што яно будзе няпростае, чулі, мабыць, нават людзі, вельмі далёкія ад сельскай гаспадаркі. Ураджай вырас добры, але дажджы пакуль не даюць сабраць. Вось і з камбайнерам Іванам Сурвілам я сустрэлася на мехдвары. Што ж, ёсць магчымасць пагутарыць. На ніве стараюся не назаляць камбайнерам размовамі, бо для іх сапраўды час – грошы.
– Жніво ніколі не бывае лёгкім, – канстатуе Іван. – Кожнае па-свойму цяжкае. Адзін год збажына паляжа, другі – дажджы не даюць убіраць… А трэці год ураджаю няма. Кожны раз – экзамен і для тэхнікі, і для камбайнера.
Для Івана гэта ўжо чатырнаццатае самастойнае жніво. Шэсць сезонаў адпрацаваў на «Доне», ужо восьмы – на «Палессі». А да гэтага тройчы быў памочнікам у бацькі – меў у каго навучыцца. Што цікава, на некаторы час сыходзіў з «Занарачанскага» ў дарожную арганізацыю, але вярнуўся.
– Больш да сельскай гаспадаркі душа ляжыць, – кажа. – Ды і з дому да працы пяць хвілін пешшу.
Тут, у Занарачы, Сурвілы пабудавалі жыллё. У сям’і падрастае трое дзетак. Васьмігадовы сын вельмі не супраць пакатацца з татам па хлебнай ніве.
– Камбайнер расце! – кажа бацька. – Я і сам такі быў.
…Для Аляксандра Лукшы гэта жніво першае.

Вопыту ў хлопца пакуль няма, затое ёсць жаданне працаваць – так што ўсё павінна атрымацца.
ЛІЧБЫ І ЛЮДЗІ
– Сёлета трэба ўбраць 1250 гектараў збожжавых, – уводзіць у курс справы кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Бачко. – Гэта без кукурузы. Убралі пакуль што 48 гектараў азімага ячменю, ураджайнасць 38 цэнтнераў з гектара. Сёлета позна паспеў азімы рапс – але зараз, у прынцыпе, гатовы. Усталюецца добрае надвор’е – будзем убіраць.
– Ці хапае тэхнікі і спецыялістаў? – пытаюся.
– Хапае. Ва ўборцы будуць удзельнічаць шэсць камбайнаў. Двух камбайнераў вы ўжо ведаеце. Таксама будуць працаваць вопытныя Ягор Іватовіч, Яраслаў Вяршыла, Аляксей Селюкоў. Ёсць і яшчэ адзін дэбютант жніва Аляксей Макееў. На адвозцы будуць заняты Іван Куркуль на новым МАЗе, Уладзімір Кумішча на «Фэндце» і Кірыл Селюкоў на МАЗе.
– Гэта ж Кірыла пару год таму ўзнагароджвалі на абласных «Дажынках»?
– Яго. Кірыла адзначылі як маладога вадзіцеля на адвозцы збожжа. З таго часу сыходзіў ад нас у Нацпарк, вярнуўся. Калі спатрэбіцца, задзейнічаем на адвозцы і дадатковую тэхніку. Павел Сямашка працуе на бензавозе. Таксама далучыцца да адвозкі збожжа ад камбайнаў.
– А ці гатова прыняць ураджай сушыльная гаспадарка?
– Гатовы абедзве сушылкі. Ёсць універсальны спецыяліст – Дзмітрый Кузьміч. Ён і кладаўшчык, і вагаўшчык, і на машыне можа працаваць, і на «Амкадоры». На дапрацоўцы збожжа заняты таксама Аляксей Хільман, Юрый Кузьміч, Аляксандр Журомскі і Аляксандр Дайнека. У начную змену па графіку будзе дзяжурыць бухгалтэрыя. Прызначаны і камісар жніва.
І ІЗНОЎ ПРА НАДВОР’Е
Разам з кіраўніком едзем да сушылак. Там знаёмлюся з Дзмітрыем і Юрыем Кузьмічамі.

І зноў гаворка пераходзіць на надвор’е.
– Мокра, – кажа Аляксандр Бачко. – Былі дажджлівыя гады, але каб гэтулькі ападкаў – не прыгадаю. Ураджай добры вырас, але пакуль няма як убіраць. Адно добра: глебы ў нас лёгкія, камбайны пакуль не буксуюць. Гаспадаркам, у якіх гліна, будзе цяжэй. А мы, абы акно з’явілася, гатовы касіць.
– 2005 год падобны быў, – прыгадвае Дзмітрый Кузьміч. – Я тады ў «Мядзельскім аграсэрвісе» на сушылцы працаваў. Крыху паціхалі дажджы – і камбайны ўбіралі збожжа. Вільготнае было – але сушылі, спраўляліся. Паглядзім, на Ілью якое надвор’е будзе. Калі дажджы – яны і яшчэ два тыдні ісці будуць. А калі добрае надвор’е ў гэта свята будзе – яно і надалей прастаіць. Кажуць жа: «Прыйдзе Ілья – ці наробіць гнілля, ці падбярэ гніллё».
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота аўтара