Трэба было абавязкова паступіць, каб прабіць сабе дарогу ў жыцці. Расказваем пра легендарную настаўніцу фізікі з Мядзела
Сёння госця праекта “Выдатны настаўнік” – педагог з гімназіі горада Мядзела Раіса БАЛЮК.
Пра фізіку і лірыку
— Калі я заканчвала школу, а гэта быў 1965 год, мы ўсе былі рамантыкамі, – расказвае Раіса Іванаўна. – Па-першае, установа адукацыі знаходзілася ў пасёлку Залессе на Смаргоншчыне, дзе быў маёнтак Агінскіх. А па-другое, гэта быў час такі, быў рамантычны рух фізікаў і лірыкаў. Усе мы былі ў вершах, у песнях, у марах. У юнацтве ж усе лунаюць у аблоках. Я захаплялася дакладнымі навукамі і вельмі любіла паэзію. Мы жылі на хутары за пяць кіламетраў ад школы. Калі задавалі вывучыць нешта на памяць, я брала кнігу і ішла да бярозы – яна была такая шыкоўная, прыгожая. І я не нейкі там урывак вучыла, а ўвесь вялікі верш ці паэму. Гэта так падабалася! А ўжо ў педінстытуце мы, фізікі, праводзілі сумесныя вечарыны са студэнтамі філалагічнага факультэта БДУ.
У мяне рана памёр тата, таму жылі мы небагата. Выхоўвалі мяне больш цётка і яе муж, у якіх не было сваіх дзяцей. А мама ўвесь час была занята: яна працавала на чыгунцы.
Я любіла гуманітарныя навукі, грамадазнаўства. Я ўвогуле перфекцыяністка, добра вучылася, ішла на медаль. А вось з настаўніцай фізікі адносіны не склаліся. Яна была несправядлівай да мяне, таму даводзілася проста зубрыць, каб атрымаць добрую адзнаку. І я зубрыла. Калі скончыла школу, конкурсы на гуманітарныя спецыяльнасці былі вельмі высокія. А на фізіку, як і заўсёды, ніжэйшыя. Я выбрала гэты факультэт, бо трэба было абавязкова паступіць, каб прабіць сабе дарогу ў жыцці.
Пра працу над сабой і ячэйку грамадства
— Яшчэ студэнткай я выйшла замуж за гісторыка, у адзін год з дыпломам у мяне з’явіўся старэйшы сын. Мужу яго любімы выкладчык параіў займацца навукай. А для гэтага паехаць на Мядзельшчыну, каб вывучаць партызанскі рух. Так мой Канстанцін апынуўся на працы ў Старых Габах.
Хоць я вучылася ў педагагічным інстытуце, нас чамусьці рыхтавалі да навуковай працы. Ядзерная фізіка, касмічныя палёты… А методыкі выкладання было вельмі мала. І калі я прыязджала да мужа ў Старыя Габы, наведвала ўрокі фізікі. Яе выкладаў Лук’янец, дырэктар школы. Памятаю, была на ўроку, на якім рашалі задачы на захаванне энергіі. Я глядзела на гэта вялікімі вачыма і разумела, што не падрыхтавана да работы ў школе. Давялося шмат працаваць над сабой.
Калі атрымала дыплом, нас з мужам накіравалі на працу ў Занарач, дзе былі патрэбны і гісторык, і фізік. Але пабылі мы там нядоўга. Муж перайшоў на камсамольскую працу, і мы пераехалі ў Мядзел. Я адразу ўладкавалася ў Дом піянераў, а калі з’явілася месца, перайшла выкладаць фізіку ў на той час адзіную ў райцэнтры сярэднюю школу. Яна знаходзілася ў будынку, дзе цяпер гімназія.
Я старалася ўдасканальвацца, а таму ўключылася ў работу творчага аб’яднання настаўнікаў фізікі рэспублікі. Такі рух узначаліў цудоўны метадыст Мікалай Запрудскі. Летам мы збіраліся ў школе ў Альхоўцы, што на Астравеччыне. Распрацоўвалі праграмы, метадычныя рэкамендацыі. Гэта была інтэнсіўная падрыхтоўка да новага навучальнага года. Пасля гэтым калектывам аднадумцаў пачалі ездзіць па рэспубліцы, давалі адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах ва ўсіх абласных цэнтрах. Ездзілі і ў Маскву на семінары, ішлі працаваць у маскоўскія школы. Гэта мне дапамагло рэалізаваць амбіцыі. Сям’я не пярэчыла.


Заўсёды побач была мая мама, яна пераехала ў Мядзел і ўладкавалася ў бальніцу санітаркай. Мы былі ўсе разам, падтрымлівалі адно аднаго, мацавалі ячэйку грамадства. А калі нікому ўсё ж не выпадала пабыць з дзецьмі, да іх прыходзіла нянька.
Пра перфекцыянізм
– Я перфекцыяністка, – канстатуе Раіса Іванаўна. – Мне трэба, каб усё было на выдатна: і сям’я, і праца. Лічу, гэта нядрэнна. Цяжкавата? Так. Але калі ўцягнешся, усё ўваходзіць у сваю каляіну. Знаходзіш магчымасць так арганізаваць жыццё, каб выдатныя вынікі дасягаліся не вельмі вялікімі намаганнямі. Без залішніх затрат часу і здароўя. Каб, як кажуць, і ваўкі сытыя, і авечкі цэлыя.
Вельмі люблю справу, якой займаюся. У мяне не бывае благога настрою, калі трэба ісці на працу. Няма дрэнных і недысцыплінаваных вучняў – усё залежыць ад настаўніка. З кожным можна знайсці паразуменне. І кожнага навучыць – пытанне толькі ў тым, да якога ўзроўню каго можна давесці. Трэба глядзець, што чалавек зможа, якія ў яго перспектывы. Магчыма, ён будзе добра збіраць мэблю або ўкладваць асфальт. Трэба кожнага цягнуць уверх, але бачыць рэальныя магчымасці. І тады вучань знойдзе ў настаўніку сябра. Задача педагога, каб сябра ў ім убачыў кожны вучань – і недысцыплінаваны, і той, у каго праблемы ў сям’і. Трэба знайсці сябра і ў бацьках. У нас жа агульная задача: дапамагчы дзіцяці дасягнуць мэты, якую ставіць яно само, а таксама сям’я і дзяржава.
Пра вучняў і лесвіцу дасягненняў
– Ці праўда, што цяперашнія вучні горшыя, чым у папярэдніх пакаленнях? – перапытвае Раіса Іванаўна. – Не, не горшыя. Лепшыя! Паглядзіце на лесвіцы дасягненняў, якія ёсць у многіх сем’ях. Так, адзін мой дзед быў краўцом, другі – кавалём. Іх дзеці дабіліся многага, рэалізаваліся ў жыцці. Напрыклад, родная сястра маёй матулі была непісьменная, але вельмі цікавілася зёлкамі. З першай стыпендыі я купіла ёй кнігу пра лекавыя расліны, і яна навучылася чытаць па складах. І стала знакамітай у акрузе траўніцай! Я таксама рэалізавалася ў жыцці, у мяне цудоўная праца, вельмі люблю сваю фізіку. Мае дзеці зрабілі вялікі крок наперад, а ўнукі – яшчэ большы. І так у многіх сем’ях. Калі гэта добрыя сем’і, яны будуюць свае лесвіцы дасягненняў.
Вучні не сталі горшымі. У іх больш магчымасцей, яны разумнейшыя. А вось як яны змогуць распарадзіцца гэтым розумам, як увасобяць у жыццё, залежыць найперш ад сям’і.
Пра настаўнікаў
– Зараз дзяржава павярнулася тварам да настаўніцкай працы – і, як вынік, больш моладзі прыйшло ў школы. Вельмі важная роля педагагічных класаў. І ў наш раён мясцовыя хлопцы і дзяўчаты вяртаюцца маладымі спецыялістамі. Ёсць шанц, што не з’едуць пасля абавязковай адпрацоўкі. Калі такая тэндэнцыя захаваецца, у нашай галіны ёсць перспектыва.
У маім прафесійным станаўленні вялікая роля іншых педагогаў: Канстанціна Арсеньевіча Каратая, Івана Іванавіча Вараб’я, Аліны Іванаўны Санюк. Але гэта калі казаць пра пачатак маёй работы.

Удзячна і людзям, з якімі працую побач зараз. Па вялікім рахунку, я была толькі ў двух калектывах: Мядзельскай сярэдняй школы (потым яна стала школай №1) і гімназіі. Толькі добрае магу сказаць пра абодва калектывы, пра адміністрацыі абедзвюх устаноў. Вось і зараз дырэктар гімназіі Ірына Іосіфаўна Азарка бачыць перспектывы развіцця, хвалюецца за кожнага вучня і педагога. Стварае ўмовы, у якіх усім камфортна. І такое стаўленне адміністрацыі я адчувала на працягу ўсёй педагагічнай дзейнасці – а працую ўжо 57-мы год. У калектыве шмат аднадумцаў. Узяць хоць бы матэматыкаў гімназіі Таццяну Васільеўну Казельскую і Алену Віктараўну Самуленкаву, маю былую вучаніцу, а зараз калегу Наталлю Арцёмаўну Клунік… І да кожнага ў нашым педкалектыве можна звярнуцца і атрымаць падтрымку.
Рекомендуем