Юныя музыканты з Будслава вызначыліся на I Рэспубліканскім конкурсе мастацтваў “Галасы”

593

Акрыленыя поспехамі вярнуліся з Барысава з I Рэспубліканскага конкурсу мастацтваў “Галасы” вучні народнага аддзялення Будслаўскай дзіцячай музычнай школы
мастацтваў. Мерапрыемства, якое сабрала юныя таленты з розных куткоў Беларусі, праходзіла ў Палацы культуры імя М. Горкага.

Арганізатарам конкурсу выступіў гарадскі адукацыйна-пра­дзюсарскі цэнтр “Галасы” пры падтрымцы Барысаўскага райвыканкама і Барысаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Каля тысячы таленавітых і амбіцыйных
удзельнікаў спаборнічалі ў розных жанрах: харэаграфія, вакал, інструментальнае мастацтва, цыркавое мастацтва, харавыя спевы, мастацкае слова.

Шмат, вядома, залежыць ад кампетэнтнага журы. У яго складзе былі дэкан фартэпіяннага і кампа­зітарска-мовазнаўчага факультэта Беларускай акадэміі музыкі Ірына Аношка, загадчык аддзялення “Народная творчасць” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Дзмітрый Стэльмах, магістр мастацтваў (інструментальнае выкананне), настаўнік вышэйшай катэгорыі гімназіі-каледжа мастацтваў імя
І. В. Ахрэмчыка Алеся Сакалова.

Годна паказалі сябе на конкурсе і вучні з нашай музычнай школы мастацтваў. Так, лаўрэатам III ступені ў намінацыі “інструментальнае мастацтва” стаў Арсеній Бабкевіч. Дыпломы ўдзельнікаў і памятныя прызы атрымалі ў гэтай жа намінацыі Аляксей Куковіч і Аляксей Святоха. Усе трое займаюцца па класе баяна-акардэона. У намінацыі “мастацкае слова” дыплома ўдзельніка ўдастоена Ангеліна Камінецкая (клас выкладчыка Міраславы Грышкевіч).

Адметнасцю конкурсу было адкрытае галасаванне членаў журы. Пасля кожнага выступлення ўдзель­нікі тут жа атрымлівалі адзнаку — ад пяці да дзесяці балаў.
У вялікай зале Палаца культуры імя М. Горкага г. Барысава было па-сапраўднаму цёпла і сонечна ад дзіцячых усмешак. Не зважаючы на тое, што многім хлопчыкам і дзяўчынкам давялося шмат часу правесці ў дарозе, да самага вечара на іх тварах не было відаць ні ценю стомленасці. Усё гэта дзякуючы годнай, загадзя добра прадуманай арганізацыі мерапрыемства, добразычлівым адносінам да хлопчыкаў і дзяўчынак членаў журы.

Паездка на I Рэспубліканскі конкурс “Галасы”, мяркую, пакінула ва ўсіх канкурсантаў яркія, незабыўныя ўражанні. У тым ліку і ў нашых вучняў. Упэўнена, што гэта мерапрыемства стане стымулам для далейшага творчага развіцця як саміх дзяцей, так і выкладчыкаў.

Н. КАЎРУС.
Настаўнік па класе баяна-акардэона Будслаўскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў.