На карысць агульнай справе

356

На карысць агульнай справеЛІДАРСТВА ў вытворчасці малака ў ААТ «Слабадская зара» ўтрымлівае калектыў жывёлаводаў фермы «Новыя Габы». Тут за суткі ў сярэднім ад рагулі надойваюць 10,3 кілаграма малака. Гэты паказчык больш чым у два разы перавышае аналагічны па ферме «Старына» і напалову — па ферме «Габы». Ды і ў параўнанне з адпаведным мінулагоднім перыядам ёсць значная прыбаўка (летась у пачатку лютага па ферме даілі ад каровы па 8 кілаграмаў малака).

— За кошт чаго вашы жывёлаводы дабіваюцца някепскіх вытворчых паказчыкаў? — цікаўлюся ў загадчыцы фермы Іны Міронавай, якая на гэтай пасадзе працуе трэці год. Менавіта пад яе кіраўніцтвам калектыў займае ўсё вышэйшую і вышэйшую пазіцыю.
Жанчына адказвае:
— Сённяшнія нашы дасягненні — гэта вынік руплівасці кожнага работніка фермы. Калектыў наш малады, працавіты, дружны, зладжаны. Кожны гатоў прыйсці на дапамогу таварышу. Практычна няма парушэнняў працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны. А гэта вельмі важна.
З далейшай размовы даведаўся, што на ферме ўтрымліваецца 211 дойных кароў.
Аператарамі машыннага даення працуюць Ганна Амельяновіч і Аксана Нікалаева. Яны не навічкі ў жывёлагадоўлі. Напрыклад, Аксана Іванаўна больш за 15 гадоў завіхаецца на ферме. Зараз яна даярка і адначасова тэхнік-асемянатар.
— З абавязкамі і даяркі, і спецыяліста па ўзнаўленні дойнага статка жанчына добра спраўляецца. Напрыклад, за мінулы год на 100 кароў атрымана 89 цялят, — зазначае Іна Аляксееўна. — Не лішнім будзе сказаць, што ў нас працуюць сем’ямі. Так, муж Ганны Амельяновіч Уладзімір завіхаецца слесарам. Менавіта ён адказвае за спраўную работу абсталявання. Са сваімі абавязкамі, лічу, спраўляецца някепска.
Каму-каму, а Ганне Амельяновіч і Аксане Нікалаевай клопатаў хоць адбаўляй. На ферме трохразовая дойка. Праўда, у абед дояцца толькі 60 кароў, якія нядаўна ацяліліся. Таму днём з рагулямі па чарзе завіхаецца адна з даярак. Акрамя гэтага, жанчыны даглядаюць нованароджаных цялят. І да гэтай справы адносяцца з вялікай адказнасцю, таму і захаванасць маладняку 100 працэнтаў. Што датычыць выхадных, то даяркам іх дае загадчыца.
— Іншага выйсця пакуль няма, — кажа Іна Аляксееўна. — Не хапае талковых кадраў. А ўзяць таго, хто любіць зазірнуць у чарку, дык і сабе дадатковыя клопаты, і не на карысць агульнай справе.
Загадчыца расказала, што летам і ўвосень пастараліся механізатары і назапасілі дастатковую колькасць кармоў. Прычым добрай якасці.
— Зараз у рацыёне рагуль ёсць сілас, сянаж. Даём і сена. Акрамя гэтага, навацельныя каровы атрымліваюць па 350 грамаў канцэнтратаў на літр малака, астатнія — па 250, — працягвае размову Іна Міронава. — Ёсць кармы — будуць і надоі. Вельмі важна, што і механізатары, якім даручана кармленне жывёлы, вельмі адказныя. Не было такога выпадку, каб рагулі засталіся галодныя. Раздае кармы Аляксандр Грузд.
Дарэчы, Аляксандр Аляксандравіч адрамантаваў кормараздатчык, які збіраліся спісваць, і зараз той надзейна служыць дбайнаму гаспадару. А на пагрузцы сіласу і сенажу завіхаецца Валерый Грыбовіч, за якім замацаваны «Амкадор». Хлопцы адказныя, талковыя…
Крыху падумаўшы, яна дадала:
— Абавязкова патрэбна адзначыць даглядчыкаў жывёлы Аляксандра Квяткевіча, Сяргея Сакалоўскага і Аляксея Пупшыновіча. Стараюцца і яны. Так і павінна быць, бо ўсе мы робім агульную справу.
— А што трэба, каб надоі сталі яшчэ большымі, каб вытворчыя паказчыкі па ферме перавышалі сярэднія па раёне? — цікаўлюся.
— У першую чаргу трэба мэтанакіравана працаваць з ўзнаўленнем дойнага статка. Нізкаўдойных кароў варта замяніць высокапрадукцыйным маладняком. У гэтым накірунку і працуем, — чую ў адказ. — А што датычыць жывёлаводаў, то яны прыкладуць усе намаганні, каб дасягнуць намечаных рубяжоў. Хаця, скажу шчыра, лідарам быць няпроста…

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

Фота Аляксандра Высоцкага.