Своечасова не плаціш — развітайся з жыллём

325

Своечасова не плаціш — развітайся з жыллёмУ НЕКАТОРЫХ грамадзян узнікае шэраг пытанняў па аплаце за аказаныя ім жыллёва-камунальныя паслугі. Іншыя абвінавачваюць работнікаў камунгаса, што тыя, маўляў, няправільна налічылі камунальныя плацяжы. Што вы можаце пра гэта сказаць? З такім пытаннем звярнуўся да начальніка камунальна-разліковага аддзела РВУП «Мядзельская ЖКГ» Віктара ХІЛЫ:

— Нашы спецыялісты праводзяць налічэнні ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі Палажэння аб парадку разлікаў і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду. Гэты дакумент зацверджаны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2014 года за № 571. Пазнаёміўшыся з названым Палажэннем, чалавек будзе мець поўнае ўяўленне пра парадак налічэння платы. Зразумела, далёка не кожны захоча абцяжарваць сябе вывучэннем названага дакумента. Таму спынюся на некаторых момантах.
Пунктам 3 Палажэння ўстаноўлена, што плата за жыллёва-камунальныя паслугі і плата за карыстанне жылым памяшканнем уносіцца за кожны прайшоўшы месяц не пазней за 25 чысло наступнага месяца. Падставай для гэтага з’яўляецца плацежны дакумент устаноўненай Міністэрствам ЖКГ Рэспублікі Беларусь формы.
— Віктар Мелецьевіч, ёсць выпадкі, калі чалавек набывае ва ўласнасць жылыя памяшканні ці атрымлівае іх у спадчыну, але не заключае дагавор на аказанне жыллёва-камунальных паслуг і не плаціць за фактычна аказаныя яму асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі. Ці мае ён рацыю?
— Пунктам 5 артыкула 29 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана, што адмова ад заключэння дагавора на аказанне асноўных жыллёва-камунальных паслуг ці дагавора найма жылога памяшкання дзяржаўнага жылога фонду не вызваляе яго ад унясення платы за фактычна аказаныя асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылым памяшканнем. Таму налічэнні праводзяцца, а запазычанасць у бясспрэчным парадку спаганяецца на падставе выканаўчага надпісу натарыуса. Нагадаю, што на суму пратэрмінаванай запазычанасці налічваецца пеня ў памеры 0,3 працэнта за кожны дзень пратэрміноўкі. У выпадку нашага звароту ў натарыяльную кантору за выканаўчым надпісам, грамадзянін выплачвае натарыяльны тарыф за надпіс, аказанне паслуг прававога і тэхнічнага характару ў памеры 5 працэнтаў ад сумы запазычанасці.
— Наколькі ведаю, іншы раз узнікаюць непаразуменні па аплаце за водазабеспячэнне і водаадвядзенне (каналізацыю). Чалавек своечасова не падаў паказанні індывідуальных прыбораў уліку расходу вады. Як яму налічваюць аплату?
— Пры наяўнасці ў спажыўца індывідуальных прыбораў уліку расходу вады ён абавязаны штомесячна з 20 чысла да апошняга дня месяца паказанні гэтых прыбораў падаваць па тэлефонах 21-5-55 ці 24-8-88 альбо праз інтэрнэт. Калі такія звесткі не паступаюць, то, у адпаведнасці з патрабаваннямі пункта 31 Палажэння, аб’ём паслугі па водазабеспячэнні вызначаецца і прад’яўляецца да аплаты па сярэднім аб’ёме водаспажывання за два папярэднія месяцы.
Яшчэ хачу сказаць, што ў адпаведнасці з пунктам 8 Палажэння аб парадку пераразліку платы за некаторыя віды камунальных паслуг і прыпыненне (узнаўленне) прадастаўлення камунальных паслуг, якое зацверджана Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 снежня 2005 года за № 1466, арганізацыя, якая аказвае камунальныя паслугі, мае права прыпыніць іх аказваць грамадзяніну, які мае без уважлівых прычын запазычанасць за два і больш разліковыя перыяды і не пагашае яе на працягу пяці дзён пасля атрымання пісьмовага папярэджання. У адпаведнасці з пунктам 9 названага Палажэння выдаткі, звязаныя з аднаўленнем аказання паслугі, кампенсуюцца грамадзянінам у адпаведнасці з калькуляцыяй, якую складае арганізацыя, што аказвае камунальныя паслугі.
— Нагадайце, калі ласка, якія меры ўздзеяння прымяняюцца да злосных неплацельшчыкаў за камунальныя паслугі.
— Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь да неплацельшчыкаў за карыстанне жылым памяшканнем і аказаныя жыллёва-камунальныя паслугі прадугледжана высяленне з займаемага жылога памяшкання без прадастаўлення іншага жылля. Сёлета ў судовым парадку выселены грамадзянка З. з Мядзела і грамадзянін О. з гарадскога пасёлка Свір. Прынята рашэнне суда і ўступіла ў законную сілу аб высяленні грамадзянкі Я., якая пражывае ў в. Сосны. Знаходзіцца на разглядзе ў пракуратуры раёна хадайніцтва РВУП «Мядзельская ЖКГ» аб звароце з іскавой заявай аб высяленні з займаемага жылога памяшкання ў суд раёна на грамадзян, якія займаюць жылыя памяшканні ў інтэрнаце па вуліцы Камсамольскай райцэнтра і маюць запазычанасць.
Такім чынам, хто не жадае плаціць своечасова, той можа развітацца з жыллём. А высновы няхай кожны зробіць для сябе сам.

Гутарыў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.