Районный филиал «Молодечногаз» за первое полугодие выполнил план на 112%

312

Районный филиал "Молодечногаз" за первое  полугодие выполнил план на 112%МЯДЗЕЛЬСКІ раён газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення «Маладзечнагаз» займаецца рэалізацыяй прыроднага і звадкаванага газу прадпрыемствам, арганізацыям і ўстановам азёрнага краю, а таксама насельніцтву. Як паведаміў начальнік Максім Церах, за першае паўгоддзе план рэалізацыі прыроднага газу насельніцтву і прамысловасці выкананы на 112 працэнтаў. Па звадкаваным газе таксама перавыкананы планавыя паказчыкі. Гэта сведчыць аб дружнай, зладжанай і выніковай рабоце ўсяго калектыву.

— У нас працуюць толькі адказныя, шчырыя работнікі. Абібокаў, парушальнікаў дысцыпліны не трымаем. Кожны на сваім рабочым месцы абавязаны сумленна і якасна выконваць службовыя абавязкі. Яно і зразумела, бо работа з газам уяўляе небяспеку, — кажа Максім Пятровіч. — Вылучыць кагосьці асобна вельмі цяжка. Усе працуюць з адказнасцю. Кожны член калектыву заслугоўвае падзякі.

— А ці вялікі калектыў? — пытаюся.
— Працуе 58 чалавек, з іх 12 — інжынерна-тэхнічныя работнікі, астатнія, у асноўным слесары, — чую ў адказ.
— Акрамя забеспячэння спажыўцоў блакітным палівам, чым яшчэ займаюцца вашы людзі? — цікаўлюся.
— У нашу кампетэнцыю ўваходзіць абслугоўванне ўнутрыдамавога газавага абсталявання (катлы, калонкі, пліты). Займаемся будаўніцтвам газаправода (падводы да дамоў), кантралюем будаўніцтва газаправода і многае іншае, — расказвае начальнік. — Увесь калектыў падзелены на службы, кожная з іх выконвае канкрэтную задачу. Напрыклад, аварыйна-дыспетчарская служба, у склад якой уваходзіць па пяць слесараў і вадзіцеляў, а таксама майстар і прыёмшчык заказаў. Яна выконвае аварыйныя заяўкі накшталт уцечкі газу, няспраўнасці абсталявання, працуе ў кругласутачным рэжыме і выязджае па першым званку. Людзям даводзіцца працаваць у святочныя і выхадныя дні. Але ніхто не скардзіцца на такія нязручнасці, бо кожны ўсведамляе, што ад яго старання залежаць утульнасць у кватэрах і дамах жыхароў Мядзельшчыны, іх дабрабыт.
У службе эксплуатацыі працуе 18 чалавек. Яна абслугоўвае ўсе газавыя сеткі ў горадзе і раёне. Акрамя гэтага, ёсць шмат газаразмеркавальных і шафных размеркавальных пунктаў, якія таксама рамантуе і абслугоўвае менавіта гэта служба.
Тэхнічным абслугоўваннем газавых катлоў як айчыннай, так і замежнай вытворчасці займаецца служба ўнутрыдамавога абсталявання. Людзі прайшлі спецыяльнае навучанне і зараз на практыцы рэалізуюць атрыманыя веды.
Хаця прыродны газ на Мядзельшчыне атрымлівае ўсё большае распаўсюджванне, але і без звадкаванага пакуль не абысціся. Калі раней па ўсім раёне развозілі балоны вадзіцелі з райцэнтра, то зараз мядзельскія вадзіцелі абслугоўваюць толькі адну частку раёна, другую — з Княгінінскай газанапаўняльнай станцыі.
— Служба дастаўкі звадкаванага газу ў сваім распараджэнні мае два аўтамабілі з касетамі. Загрузка адной касеты складае 48 балонаў. Вадзіцель і слесар дастаўляюць іх у аддаленыя населеныя пункты, — кажа Максім Пятровіч. — З пастаўленай задачай хлопцы спраўляюцца.
Кіраўнік падрабязна расказаў пра тое, што робіцца зараз па абнаўленні базы ў Мядзеле. На вачах мяняе аблічча адміністрацыйны будынак, наводзіцца парадак на тэрыторыі, устанаўліваецца новая агароджа. Ды хіба пералічыш усё, што ладзіцца да абласнога свята-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2018». Газавікі, як заўсёды, будуць выглядаць дастойна.
— І ўсё ж, каму вы хочаце падзякаваць за старанне? — пытаюся ў кіраўніка.
— Гэта вельмі складанае пытанне. Людзі працуюць з адказнасцю, таму і падзякі заслугоўвае літаральна кожны. За шматгадовую шчырую працу і з нагоды прафесійнага свята Ганаровай граматай дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белпалівагаз» узнагароджаны вадзіцель аварыйна-выратавальный службы Мікалай Роўда, — адказвае Максім Церах. — Толькі добрае магу сказаць пра начальніка службы эксплуатацыі Аляксея Малевіча. Кампетэнтны спецыяліст, талковы кіраўнік. Працуюць у нас сем’ямі. Напрыклад, Наталля Цімановіч шмат гадоў займала пасаду прыёмшчыцы заказаў. Зараз яна перайшла ў службу «адно акно». Яе муж Васіль —кваліфікаваны слесар аварыйна-дыспетчарскай службы. А майстар Іван Калошка?! Такіх спецыялістаў яшчэ пашукаць трэба! Увогуле, дзякуй усім, хто сваім стараннем уносіць важкі асабісты ўклад у агульныя набыткі. Карыстаючыся магчымасцю, шчыра віншую і падначаленых, і тых, хто раней працаваў у нашай службе, з прафесійным святам. Няхай моцнае здароўе, творчыя поспехі, сямейны дабрабыт заўсёды будуць спадарожнікамі ў паўсядзённым жыцці кожнага з вас.

Ігнат Лубнеўскі
Фота Аяксандра Высоцкага