“Плюс у нас — стабільны”

318

“Плюс у нас — стабільны”Ферма “Габы” ААТ “Слабадская зара” — параўнальна невялікая. Тут утрымліваюцца 168 кароў і 30 цялушак для ўзнаўлення дойнага статка. Ды і месціцца яна ў памяшканнях, якім ужо звыш трыццаці год. Тым не менш справы тут апошнім часам ідуць някепска.
— Калі летась у гэты час сярэднясутачны надой малака ад каровы складаў 8,5 кілаграма, то зараз — 10,5. Прычым плюс у нас — стабільны. Нават у сцюдзёныя лютаўскія дні трымалі яго, — кажа загадчыца фермы Людміла Валодзькіна.
— Якія, на ваш погляд, складальнікі такога поспеху? — цікаўлюся ў сваёй суразмоўцы.
— У нас шмат ацёлаў было ў снежні, студзені і лютым. Таму загадзя, яшчэ ў лістападзе, перайшлі на трохразовае даенне кароў: у 6.00, 13.00 і 18.00. Самі ведаеце, гэта па-гаспадарску. Малако з малакаправода, перш чым патрапіць у халадзільнік, двойчы фільтруецца. Асобна ў бачкі дояцца толькі навацельныя і хворыя каровы. На стойлавы перыяд у гаспадарцы дастаткова назапашана кармоў. Усе яны добрай якасці. Даём рагулям сянаж, сена, камбікармы.

“Плюс у нас — стабільны”

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

— Напэўна, удзяляеце належную ўвагу выкананню тэхналагічных патрабаванняў?
— Гэта абавязкова. Адсочваем рэгулярна кароў, якія прыходзяць у ахвоту, каб своечасова асемяніць. У выпадку неабходнасці жывёле аператыўна аказваецца ветэрынарная дапамога. Таксама захаванасць цялят у нас нядрэнная, — працягвае загадчыца. — Гэта заслуга даярак, якія самі даглядаюць іх з першых дзён з’яўлення на свет і да перадачы на ферму ў Слабаду на дарошчванне. Таварнасць малака пакуль 89%. Няма ў нас пытанняў па дысцыпліне. А гэта не столькі ад мяне, колькі ад саміх жывёлаводаў залежыць. Ад іх добрасумленнасці, стараннасці. Спрыяе поспеху, лічу, і тое, што калектыў падабраўся дружны. Ёсць і сямейныя дынастыі. Адсюль — узаемавыручка, дапамога адзін аднаму.
Ад Людмілы Мікалаеўны даведалася, што на ферме працуюць чатыры аператары машыннага даення кароў. Яны ўсе руплівыя, адказныя. Жанна Волкава, напрыклад, сумяшчае абавязкі даяркі і асемянатара. На гэтай ферме яна ўжо трыццаць гадоў. Два гады доіць кароў Раіса Збрадыга. Дагэтуль была аператарам па дарошчванні цялят. Дарэчы, менавіта Раіса Васільеўна ўпэўнена ўтрымлівае лідарства. Чатыры гады працуе даяркай Галіна Працкевіч. Пераехала з Ваўкалатаў. Таксама стараецца. Два гады таму выйшла на работу пасля дэкрэтнага адпачынку Ганна Карэц. Раней яна была падменнай, зараз мае групу. Пачула пра жанчыну ад калег толькі добрае.

“Плюс у нас — стабільны”
— Вы ўзгадалі пра сямейныя дынастыі. Назавіце іх, калі ласка, — прашу загадчыцу фермы.
— З задавальненнем. Я ўзгадвала маладую даярку Ганну Карэц, — распавядае Людміла Мікалаеўна. — Дык вось яе муж Сяргей — даглядчык жывёлы. І бацькі Ані — увесь час у жывёлагадоўлі, прычым на нашай жа ферме. Матуля, Людміла Лявонаўна Ман, раней была даяркай, а зараз — дзённая дзяжурная. Тата, Фёдар Мікалаевіч — даглядчык жывёлы. Працуе на ферме і яшчэ адна сямейная пара — Жанна Волкава і Раман Карэц. Раман Мікалаевіч тут ужо 10 год. Быў даглядчыкам жывёлы, зараз — слесар.
Людміла Валодзькіна ў сельскай гаспадарцы таксама не навічок. У Старых Габах жыве 28 гадоў. Пераехала сюды з сям’ёй з Добрушскага раёна, што на Гомельшчыне, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Працавала лабарантам, загадчыцай фермы “Новыя Габы”, у аддзеле кадраў. Ферму “Габы” ўзначальвае сем гадоў. Жанчына паводзіць сябе на ферме як сапраўдная гаспадыня. Ва ўсім любіць парадак. Кантралюе, каб вытворчая і тэхналагічная дысцыпліна была на ўзроўні, хапала кармоў, каб падначаленыя добрасумленна адносіліся да сваіх абавязкаў.
Як даведалася, часта бываюць на ферме кіраўнік таварыства Сяргей Роўда, спецыялісты. Цікавяцца справамі, настроем, даюць слушныя парады.
Ад сябе скажу, што наведванне фермы “Габы” і знаёмства з жывёлаводамі пакінулі прыемныя ўражанні. Спадабалася неабыякавасць членаў калектыву да справы, якой займаюцца, іх адказнасць, руплівасць. Ці не таму тут і склалася станоўчая дынаміка па надоях малака, якая агульнымі намаганнямі і ўтрымліваецца?!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота Аляксандра Высоцкага.