17 ЛІСТАПАДА адбудуцца выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.  Прыняць у іх удзел — права кожнага грамадзяніна нашай краіны, які дасягнуў 18 год. Як гатовы жыхары раёна скарыстацца такім сваім законным правам? Гэта пытанне адрасавалі Святлане МІНЧУК, адказнаму сакратару раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў:

Скарыстацца законным правам на ўдзел у выбарах— Ветэраны — народ актыўны, неабыякавы. Іх хвалюе лёс краіны, за свабоду якой ваявалі ў Вялікую Айчынную вайну, якую адраджалі з руінаў і папялішчаў, прымнажалі ў савецкі час і перыяд станаўлення незалежнай суверэннай Беларусі. А таму ўсе, у тым ліку і я, прымем удзел у парламенцкіх выбарах. Акрамя таго, толькі ад раённай ветэранскай арганізацыі вылучана 12 чалавек у склад участковых выбарчых камісій, 7 — назіральнікамі за ходам правядзення выбарчай кампаніі. На самай справе намнога больш прадстаўнікоў нашага грамадскага аб’яднання будзе задзейнічана ў арганізацыі парламенцкіх выбараў, бо асобныя працуючыя пенсіянеры вылучаліся ў камісіі і ад калектываў прадпрыемстваў і ўстаноў альбо шляхам збору подпісаў грамадзян. Ветэраны яшчэ ніколі і нікога не падводзілі. Упэўнена, што пакажам сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю і зараз.