ПРАЦЯГВАЕ работу грамадская прыёмная. Яе стварэнне, як ужо паведамлялася, — гэта выдатная магчымасць для жыхароў азёрнага краю ўзняць хвалюючае пытанне і атрымаць на яго адказ з кампетэнтных крыніц.

Вядома, не ўсе заяўнікі са сваімі праблемамі звяртаюцца ў грамадскую прыёмную. Многія свае звароты адрасуюць прадстаўнікам мясцовай улады, раённых служб. Кожны ахвотны можа патэлефанаваць на “прамую” альбо “гарачую” лініі, якія праводзяцца кіраўніцтвам раёна і прадстаўнікамі абласных структур альбо завітаць да іх на прыём. Дапамагаюць вырашаць хвалюючыя пытанні і сустрэчы ў працоўных калектывах, па месцы жыхарства, а таксама работа з вуснымі і пісьмовымі зваротамі заяўнікаў, што вядзецца ў раённым і сельскіх выканаўчых камітэтах.

Аднак тым не менш асобныя людзі звяртаюцца і ў грамадскую прыёмную. Вось і на мінулым тыдні туды паступілі два тэлефонныя званкі. Так, Міхаіл Станько з Выгалавіч паведаміў, што раней у Княгініне быў інфакіёск. Можна было паглядзець астатак грашовых сродкаў на картцы, пакласці грошы на тэлефон. Цяпер жа ў выхадны дзень неабходна спецыяльна для гэтага ехаць у г. п. Крывічы, што не ўсім зручна. Вось і выказаў Міхаіл Пятровіч просьбу ўстанавіць зноў у аграгарадку інфакіёск альбо банкамат.

Зварот жыхаркі Мядзела Зінаіды Малько датычыў руху грамадскага транспарту. У прыватнасці, арганізацыі аўтобуснага маршрута праз вёскі Трыданы, Лук янавічы, Азаркі-Дворышча, Азаркі-Пудавінка з Мядзела і назад два-тры разы ў тыдзень. З гэтай мэтай Зінаіда Мацвееўна нават прапаноўвала змяніць маршрут аўтобуса, які ідзе з Мядзела на Будслаў.

Усе звароты, што паступілі ў грамадскую прыёмную, былі перададзены ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а потым перанакіраваны зацікаўленым службам для рэагавання.

Дарэчы, пакуль рыхтаваўся матэрыял у друк, у аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама прыйшоў адказ ад начальніка вытворчага ўчастка г. Мядзел філіяла “Аўтобусны парк №4” г. Маладзечна Мікалая Лашука. У ім паведамляецца: “Змяніць рух аўтобуса па маршруце «Мядзел-Будслаў» па пералічаных заяўнікам населеных пунктах немэтазгодна. Гэта выкліча нязручнасці для пасажыраў, што накіроўваюцца ў Сваткі, Крывічы, Будслаў, — як па часе знаходжання ў дарозе, так і па кошце білетаў, якія падаражэюць.

Ад аўтавакзала «Мядзел» у вёскі Трыданы, Лук янавічы, Азаркі-Дворышча, Азаркі-Пудавінка можна даехаць па панядзелках, аўторках у 6.00 і 16.25, а ў суботу — у 6.50 і 13.00. Назад у Мядзел можна вярнуцца ў панядзелак у 8.41 і 19.00, у аўторак — у 8.51 і 19.16, а ў суботу — у 8.31 і 14.36”.

Засталося дадаць, што ў рабоце грамадскай прыёмнай, якая працуе па серадах і суботах у Мядзельскім раённым Цэнтры культуры, прымаюць
удзел прадстаўнікі грамадскіх аб яднанняў — прафсаюзаў, “Белай Русі”, Беларускага саюза жанчын, Беларускага фонду міру і іншых. Там гатовы выслухаць усіх, хто прыйдзе сам альбо звернецца па тэлефоне па тым ці іншым пытанні.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота з архіва «Нарачанскай зары»