Творчасць юных: ліст да незнаёмца з планеты Альфа Цэнтаўра

282

Добры дзень, паважаны незнаёмец з планеты Альфа Цэнтаўра! Зусім нядаўна ты прыходзіў да мяне ў сне і прасіў расказаць пра нашу планету. Я пастараюся выканаць тваю просьбу.

Жыву я на цудоўнай планеце пад назвай Зямля. Калі ты будзеш глядзець на неба і ўбачыш блакітную зорку, ведай — гэта мая планета. Чаму яна здаецца блакітнай? Таму што на 2/3 складаецца з вады. Вада — адно з самых галоўных багаццяў Зямлі, другое па важнасці рэчыва пасля кіслароду. Без яе немагчыма жыццё ні раслін, ні жывёл, ні чалавека. Без вады чалавек можа пражыць толькі тры дні. Вада расцякаецца па ўсёй Зямлі велізарнымі акіянамі і маленькімі раўчукамі. Вада льецца на нас дажджом і валіцца снегам. Вада праплывае над намі аблокамі. Яшчэ нашы далёкія продкі лічылі, што вада валодае цудоўнымі ўласцівасцямі, таму яе замаўлялі, лячыліся ёю, у ваду заходзілі на Вадохрышча. А ў шматлікіх чароўных казках жыццё героям вяртала жывая вада. І стваральнікі казак не памыляліся! Першыя формы жыцця на Зямлі з явіліся менавіта ў вадзе, таму вада — гэта калыска жыцця.

Вада здабывае электрычны ток, працуючы на электрастанцыях. А яшчэ вада — гэта самая вялікая і зручная дарога. Па ёй днём і ўначы плывуць цеплаходы, вязуць грузы і пасажыраў. Высокая цеплаёмістасць вады перашкаджае рэзкай змене надвор я на Зямлі і прадухіляе катастрофы, якія маглі б здарыцца па прычыне перападу тэмператур, а здольнасць вады раствараць іншыя рэчывы чалавек выкарыстоўвае ў прамысловасці і медыцыне.

 

А яшчэ вада стварае дзіўныя прыродныя з’явы. У першую чаргу — гэта вясёлка пасля дажджу, калі на небе з яўляецца сяміколерная дуга. Яна сведчыць пра тое, што хутка будзе добрае надвор е, што непагадзь скончылася. Другі цуд — вадаспады. Яны пакідаюць незабыўнае ўражанне. Да прыкладу, самы высокі ў свеце вадаспад Анхель абрушваецца з вышыні аднаго кіламетра! І яшчэ адзін водны цуд — гейзеры. Яны ўтвараюцца ў выніку разломаў зямной кары. Але адбываецца не вывяржэнне вулканаў, а награванне падземных вод. Самы знакаміты гейзер знаходзіцца ў Елаўстоўнскім нацыянальным парку ў Амерыцы. Яго вывяржэнне адбываецца кожную гадзіну па тры хвіліны. Можна падумаць, што дзесьці пад зямлёй схаваны кіпень і кожную гадзіну хтосьці адкрывае адмысловы вентыль, каб выпусціць пару.

Навошта берагчы ваду? Адкруціў кран — вось табе і вада, а няма вадаправода — схадзі лішні раз да ракі ці студні. Нездарма ж кажуць: “Вады на ўсіх хопіць”. Аднак гэта прымаўка састарэла нават для мнагаводных раёнаў Зямлі. У месцах, дзе вады недастаткова, яе даводзіцца дастаўляць здалёку, праводзячы каналы на дзясяткі і сотні кіламетраў. Праца гэта цяжкая і дарагая.

Я жыву на Мядзельшчыне. Гэта край блакітных азёр і невялікіх рачулак. Наш Мядзел можна назваць горадам паміж трох азёр: Мястра, Нарач і Баторына. Гледзячы на роўнядзь возера, на адлюстраваны ў ёй лес, вольхі, на залатыя і барвовыя лісты ў вадзе, на зарослыя велізарнымі чаротамі берагі, у якіх плаваюць дзікія качкі і белыя лебедзі, не перастаеш дзівіцца, якая гэта дзіўная, райская прыгажосць. Асабліва цудоўна выглядае возера ў ранішнія гадзіны, калі фарбы набываюць асабліва насычаны колер, яркасць і свежасць. Па вадзе разыходзяцца кругі ад усплёскаў рыб, крычаць чайкі, а вакол цішыня! Як хочацца, каб так было заўсёды, каб людзі гэтай прыгажосцю маглі любавацца вечна.

Вось і ўсё. Я паспрабавала табе расказаць пра некаторыя цуды нашай планеты. Раскажы цяпер ты пра сваю планету. Буду цябе чакаць.

Да пабачэння!

Паліна Малько, вучаніца 6 класа.