І зноў майстроў сабрала Камарова

244

І зноў майстроў сабрала КамароваУ трэцюю суботу чэрвеня дзясяты раз сабрала народных умельцаў і шматлікіх гасцей выстава-кірмаш рамёстваў і промыслаў “Камарова — кола дзён”. Па цікавыя знаёмствы і новыя ўражанні (і, вядома ж, па рэдакцыйным заданні) ездзілі туды і мы…

…Здалёк чуюцца музыка і спевы. Гэта самадзейныя артысты сустракаюць гасцей кірмашу ля ўваходу ў сядзібна-паркавы комплекс.

Мінуўшы браму, чуем гукі дуды. Старадаўні матыў выводзіць Уладзімір Бярбераў — прафесійны музыка з Мінска. “Запрасілі, — кажа, — пайграць, а таксама пазнаёміць тутэйшых людзей з інструментамі, некалі папулярнымі ў гэтых мясцінах. На дудах тут не граюць ужо гадоў сто пяцьдзясят. Ну а на “петраградцы” (гэта гармонік такі) хутка сто гадоў, як не граюць”. Па нашай просьбе Уладзімір дастае “петраградку”… (здымак 2).

Паспяваем крыху прабегчыся па кірмашы да адкрыцця.

Шмат знаёмых твараў: свае вырабы выставілі ўмельцы з нашага раёна, творчасць якіх добра вядомая і нам, і чытачам раёнкі (так што выбачайце, землякі, гэтым разам вам менш увагі).

Майстры толькі раскладаюць свае вырабы, а навокал ужо процьма цікаўных.

…Падлеткі сочаць за працай Святаслава Няхайчыка з Мінска. Напярэдадні бачылі яго ў курортным пасёлку на абласным конкурсе разбяроў драўлянай манументальнай скульптуры. Там Святаслаў зрабіў лаўку па матывах “Вужынага караля” Уладзіміра Караткевіча: вужака пад­плывае да кубышкі.

І зноў майстроў сабрала Камарова— Сёння з майстар-класам стаю, — кажа. — Раблю лыжкі на старадаўнім варштаце. Гэта прылада цяпер амаль забытая: можа, у вёсках дзе такія ёсць ды яшчэ ў музеях.

— Ці маюць сэнс такія майстар-класы? — разважаю. — Ну падыдзе нехта, ну спыніцца на паўгадзінкі. Хіба ж можна так хутка навучыцца?

— Можна “загарэцца” гэтым, — бароніць ідэю “кароткатэрміновых” майстар-класаў Святаслаў. — Я ж раскажу ўсё, пагля­дзяць. А ўжо ад самога чалавека залежыць, ці захоча займацца гэтым далей.

…На сцэне пачынаецца святочная праграма.

Адкрываючы кірмаш, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка гаворыць:

— “Камарова — кола дзён” стала трывалай і значнай падзеяй у жыцці раёна. Трываласць гэта трымаецца, перш за ўсё, на пазітыве. Свята цікавае людзям розных узростаў, і, галоўнае, падрастаючаму пакаленню. Таму пытанне, быць ці не быць “Колу дзён”, не стаіць. Свята даказала сваё права на існаванне.

Алег Алегавіч уручае падзякі старшыні райвыканкама неабыякавым і актыўным камароўцам: шматдзетным бацькам Францу і Вользе Масцяніцам, старэйшыне вёскі Марыі Анішчанка, дэпутату Свірскага сельскага Савета Анатолю Грынкевічу.

І зноў майстроў сабрала КамароваПрысутных вітаюць таксама намеснік старшыні райвыканкама Наталля Апановіч, старшыня Свірскага сельвыканкама Віктар Субач…

…На сцэне  рэй вядуць сама­дзейныя артысты: з нашага раёна, Пастаў, з НДЦ “Зубраня”. Тут шкадуеш, што нельга адначасова быць у некалькіх месцах: і канцэрт цікавы, і вырабы майстроў паглядзець хочацца.

Як і звычайна на святах, працуе гандаль, атракцыёны. Горкамі ды батутам цяпер не здзівіш малечу з райцэнтра ці куротнага пасёлка. А вось не спешчаныя такімі забавамі камароўскія дзеткі — у захапленні. Пастраляць з гіганцкай рагаткі (здымак 3) і пакатацца ў брычцы, у якую запрэжаны поні, ахвотныя таксама ёсць.

Хоць Камарова і знаходзіцца на ўскраіне раёна, на свята прыехалі не толькі людзі з суседніх населеных пунктаў і нарачанскіх здраўніц, але і жыхары няблізкіх Сватак, Крывічоў і Будслава… Яно і не дзіва: на кірмашы ёсць што паглядзець і набыць. Асартымент — разнастайны: і для тых, хто прыйшоў па  карысную рэч, і для тых, каго цікавяць дэкаратыўныя вырабы (здымак 5). Для першых майстры прывезлі косы і секачы, шкарпэткі і рукавіцы, гаршкі і збаны і шмат да таго падобнага. Для другіх — сувеніры ад ганчароў і разбяроў, мастацкая саломка, выцінанкі ды вышыванкі, тканыя ручнікі…

…Наталля Рэут з Валожына толькі збіраецца ўступіць у Саюз мастакоў. А “рука прафесіянала” ў выцінанках і партрэтах, выкананых у тэхніцы сухога пэндзля, адчуваецца (здымак 4).

— Купляюць пераважна выцінанкі, — кажа. — Па адной — на падарунак. Шмат — на сувеніры да свята ці для якой дэлегацыі.

І зноў майстроў сабрала КамароваНават шырэй, чым традыцыйныя для Беларусі рамёствы, прадстаўлена пляценне з бісеру.

…Мінчанка Марына Бутэнка — член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці (здымак 1). Яе дызайнерскія ўпрыгажэнні з бісеру з натуральнымі камянямі — і сучасныя калье, і зробленыя ў старадаўніх традыцыях гайтаны ды наміткі — сапраўдны цуд (Каштуюць, праўда, адпаведна. Упадабаны гайтан — амаль чвэрць сярэдняга па краіне налічанага заробку за май).

— Чацвёрты год прыязджаю: больш сябе паказаць, чым на лю­дзей паглядзець, — усміхаецца майстрыха.

— Ці купляюць тут у вас што?

— Часцей цікавяцца. Але дзве-тры рэчы звычайна прадаю.

…Больш жвава ідзе гандаль у Станіслава Мажэйкі. Бо рамеснік з Астраўца прывёз на кірмаш матыкі, косы ды іншыя сельгаспрылады, а таксама драўляныя вёдры і чарпакі для лазні.

І зноў майстроў сабрала Камарова…Многія актыўна далучаюцца да творчасці: вучацца ткацтву ў Вітольда Малюткі з Валожынскага раёна, ганчарству — у Сяргея Шчэрбы з Пастаўскага… Майстар-класы па гравіроўцы, кераміцы, пляценні з насельнікамі Свірскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната і ўсімі ахвотнымі праводзілі валанцёры з Мінска, Маладзечна і нават польскага Ванбрэжна. Марэк Галчэўскі лёгка ўзаемадзейнічае з ахвотнымі навучыцца майстэрству: тут больш практычныя дзеянні да месца, чым словы. А з намі паразумецца няпроста: ён не ведае нашай мовы, а я з польскай апошні раз сутыкалася ва ўніверсітэце. Дапамагае, уводзячы нас “у курс справы”, культарганізатар дома-інтэрната Наталля Харашэй: “У 1992 го­дзе пачалі супрацоўнічаць з палякамі: мы да іх прыяз­джалі, яны — да нас. У Польшчы ж даўно ў рабоце з хворымі выкарыстоўваецца арт- і працатэрапія”.

…Незадаволеных на кірмашы мы не сустрэлі. І майстры, і самадзейныя артысты, і гледачы-пакупнікі хваляць добрую задуму і выдатную арганізацыю. Вось і  майстар па бісерапляценні з Оршы Таццяна Гаманчук кажа:

— Трэці раз мы тут. Кірмаш цікавы і тутэйшым людзям, і тым, хто адпачывае ў санаторыях — таму і продажы добрыя. Значыць, свята працуе.

…Шаноўны чытач, Вы пераканаліся, што налета абавязкова трэба ехаць на “Кола дзён”? Тады сустрэнемся ў Камарове праз год — у трэцюю суботу чэрвеня.

Наталля Лісіцкая.

Фота Георгія Прысмакова.