Звыш сарака цэнтнераў з гектара азімай пшаніцы намалочваюць у “Дзягілях”

586

У ЧАС рабочай паездкі пазаўчора ў Нясвіжскі раён Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на палях краіны вырашчаны багаты ўраджай. “Калі мы кажам аб тым, што мы 8 мільёнаў тон зерня павінны сабраць, трэба падкрэсліваць, што каласавых. Яшчэ 1,5 мільёна тон — зерне кукурузы. Увогуле 9,5 мільёна тон зерня сёлета — гэта мінімум, які павінны ўзяць. І мы можам яго ўзяць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Важкі колас на хлебнай ніве і ў шэрагу таварыстваў нашага азёрнага краю. У ліку лідараў на масавым старце жніва па ўраджайнасці збожжавых на Мядзельшчыне сельскагаспадарчы філіял “Дзягілі”. З наяўных 150 гектараў азімай пшаніцы на ўчарашнюю раніцу тут ужо ўбралі 100 і намалацілі з кожнага на круг 41,6 цэнтнера збожжа. І гэта на 18-бальнай зямлі!

— Паводле майго меркавання, — заўважае пры сустрэчы дырэктар філіяла Аляксандр Варашкевіч, — хлебаробам паспрыяла надвор’е. Зіма выдалася мяккая, азімыя культуры не пацярпелі ад снежнай цвілі. Хапала і вільгаці. Канечне, і вяскоўцы парупіліся ад душы. Строга выконвалі тэхналагічныя патрабаванні пры вырошч­ванні пшаніцы, пасеялі яе па добрых папярэдніках, правялі тры падкормкі, апошнюю — з мікраўгнаеннямі. Лічу вельмі важным і тое, што перад ворывам мінулым летам усе палі апрацавалі ядахімікатам супраць пустазелля. Калі я гады чатыры таму прыйшоў у гаспадарку, то папытаўся ў кадраў: “Чаму не сееце пшаніцу?” “А пшаніца ў нас не расце!” — прагучала ў адказ. Мне ж гэта культура падабаецца. Пачыналі з малога, насенне бяром добрае — першай рэпрадукцыі і эліту. Безумоўна, пшаніца па­трабуе большага клопату, чым, напрыклад, жыта. Затое і аддача непараўнальная: і па якасці збожжа, і па яго цане…

Першым на збожжавым палетку каля вёскі Кавалі ўбачылі камбайн “Палессе” Анатоля Вераб’я. Непадалёку стаяў трактар з вялікай бочкай: як кажуць, на ўсялякі пажарны.
— Настрой добры, — кажа Анатоль Аляксандравіч. — Вось-вось у мяне напоўніцца пяты бункер, а ў кожным — шэсць тон збожжа. Учора ўбіралі да паловы дванаццатай, намалаціў 70 тон. Вільготнасць пшаніцы была ў межах нормы. Вы ж бачыце, якія пасевы чысценькія. На наш погляд, жніво сёлета арганізавана добра, нам проста ў поле дастаўляюць і гарачыя абеды, і падвячоркі. Я асабіста ўбіраю хлеб ужо гадоў з пятнаццаць, а такога багатага ўраджаю прыгадаць не магу.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за за 29.07

Павел ЖУКАЎ, фота аўтара.

Звыш сарака цэнтнераў з гектара азімай пшаніцы намалочваюць у “Дзягілях” Звыш сарака цэнтнераў з гектара азімай пшаніцы намалочваюць у “Дзягілях” Звыш сарака цэнтнераў з гектара азімай пшаніцы намалочваюць у “Дзягілях” Звыш сарака цэнтнераў з гектара азімай пшаніцы намалочваюць у “Дзягілях”