Згубіліся… вартаўнікі!

296

Напярэдадні калядных і навагодніх святаў у раёне працавала  рабочая група, якая правярала захаванасць таварна-матэрыяльных каштоўнасцей і нясенне службы вартавой аховы ў гаспадарках агра­прамысловага комплексу. У яе склад увайшлі супрацоўнікі РАУС, спецыялісты райсель­­­гасхарчу, а таксама рэдакцыі газеты «Нарачанская зара».

Уражанні ад гэтых снежаньскіх вечаровых рэйдаў аказаліся даволі супярэчлівыя. Але, бадай, галоўная выснова: у гаспадарках, дзе стабільныя вытворчыя паказчыкі, як правіла, і дысцыпліна кадраў на ўзроўні, больш парадку і арганізаванасці. Адпаведна, тыя ж матэрыяльныя каштоўнасці ўмеюць захоўваць як след.

А цяпер пра ўсё падрабязней. Апалове восьмай вечара  завіталі на ферму «Трыданы» СВК «Лук’янавічы».  У бытоўцы гарэла святло, на месцы аказаўся і вартаўнік П. М. Васілеўскі. Звярнулі ўвагу на разабраную цялячую тушу, што ляжала на падлозе, загорнутая ў цэлафанавую плёнку. Высветлілі, мяса тут аж з раніцы і, мяркуючы па ўсім, прабудзе ў бытоўцы, як мінімум, яшчэ і ноч. А чаму ж было  не завезці адразу на склад?

І яшчэ. На ферме, як аказалася, няма ніякай сувязі. А што, калі зла­дзеі натрапяць?

— Магчыма, мабільнік ёсць? — па­цікавіўся старшы ўчастковы інспектар РАУС А. А. Клямята.

— А хто ж  яго мне выдасць? — толькі развёў рукамі Васілеўскі.

А вось яго калега, які нёс дзяжурства на асветленым мехдвары, сустрэў нас з верным сябрам — сабакам. І сам быў, як кажуць, на ўзроўні.

— Толькі дрэнна, заправачная гаспадаркі, што праз дарогу, у непралазнай цемры, — заўважыў участковы. — Колькі не стараюся, праблема гэта так і не вырашаецца.

На належным узроўні арганізавана вартавая служба ў СК «Брусы». Тут нас адразу сустрэлі і па­цікавіліся, хто такія? А шыкаўскім свінкам  спіцца, пэўна, не так спакойна. Вартаўніка на тамтэйшай ферме мы не адшукалі.

Ёсць праблемы ў гэтым плане ў ААТ «Мядзельскае аграпрамэнерга». Канешне, «насельнікам» утульнага
(з «буржуйкай») вагончыка  для нясення начнога дзяжурства на тэрыторыі мехдвара ў вёсцы Лотва можна толькі пазайздросціць, хаця і тут узніклі заўвагі. А вось жывёлагадоўчыя памяшканні зусім пакінуты на волю лёсу. Асабліва здзівіла, калі завіталі да цялятніка ў вёсцы Расохі. Ён аказаўся і ўвогуле незачыненым. Даглядчык Генадзь Пісарчык, які жыве непадалёку, патлумачыў:

— З вясны цялятнік без нагляду. Дарма ж ніхто вартаваць не жадае… Праўда, з майго акна бачна ўсё, заўважыў, як і вы пад’ехалі.

Можа менавіта на гэта і спадзяецца кіраўніцтва таварыства? Толькі ж ноччу, зразумела, які б свядомы гаспадар ні быў, пільнаваць той цялятнік не стане. Мае права на законны сон!

У СКП «Беларусь» на фермах парадак. Тэрыторыя ж мехдвара на момант праверкі зноў жа аказалася без­абароннай, астыў і кацёл, які ацяпляе кантору. Добра, што на дварэ была адліга! Выклікалі намесніка старшыні Бабкевіча. Але і яго пошукі нічога не далі. Праўда, Мар’ян Альфонсавіч меры прыняў аператыўна — неўзабаве даставіў да канторы напарніка, які адразу ўзяўся за справу — распальваць кацёл.  А на развітанне М. А. Бабкевіч паабяцаў, што да гора-вартаўніка з боку кіраўніцтва будуць прыняты самыя строгія меры ўздзеяння.

Згубіўся вартаўнік і на мехдвары ў АСП «Вузлянка». Пры гэтым  майстэрня аказалася не зачынена, а ўсярэдзіне гарэлі ўсе, што ёсць, лямпы. Мо пераблыталі з навагодняй ілюмінацыяй? З паўгадзіны тупалі там, падавалі аўтамабільныя сігналы. Хоць бы хто адгукнуўся! Вартаўніка, у рэшце рэшт, сустрэлі на ферме «Пузыры», што зусім непадалёку. Той патлумачыў, што, маўляў, адлучыўся за сякерай. Каментарыі тут, як кажуць, лішнія.

Але закончыць хачу ўсё  на мажорнай ноце. Парадавала, што ў СВК «Сваткі» і «Будслаўскі» тыя ж машынныя двары аказаліся пад на­дзейнай аховай.  А ў апошняй гаспадарцы нехта здагадаўся нават прымацаваць на сцяну майстэрні навагоднія гірлянды. Як святочны дадатак. Што ж, прымаецца!

Аляксандр БЫКАЎ.