Вартаўнік дома, а служба ідзе…

288

У РАЁНЕ створана і працуе рабочая група, якая правярае захаванасць таварна-матэрыяльных каштоўнасцей і нясенне службы вартавой аховай у гаспадарках аграпрамысловага комплексу. У склад яе ўвахо­дзяць супрацоўнікі РАУС, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, а таксама прадстаўнікі рэдакцыі раённай газеты «Нарачанская за­ра». Першы рэйд адбыўся ў мінулы чацвер, 18 сакавіка. Не дачакаўшыся нікога са спецыяліс­таў райсельгасхарчу, разам з участко­вым інспектарам РАУС, капітанам мі­ліцыі Аляксандрам Вячаслававічам Івановым кіруемся па вызначаным маршруце. Гадзіннік паказваў апалове сёмай вечара, калі пад’ехалі да мех­двара СВК «Сваткі». Вароты на тэрыторыю
зачынены і закручаны ланцугом. Сіг­налім. Цішыня. Праўда, у адным з акон мехмайстэрні заўважаем святло.

— Ці ёсць хто жывы? — гукаем, зайшоўшы ў памяшканне.

— Каму тут што патрэбна? — даносіцца з пакоя адпачынку.

Убачыўшы «гасцей», вартаўнік Анатоль Іосіфавіч Багуцкі патлумачыў:

— Толькі зайшоў, каб пагрэцца. Перад гэтым тэхніку агледзеў, варо­ты зачыніў. А сігнал аўтамабіля не чуў, бо радыё ўключыў. Трэба га­дзіннік праверыць…

Пажадаўшы пільнай варты, кіруемся на мехдвор птушкафабрыкі «Новая зара». Вартаўніка Тадэвуша Браніслававіча Радзевіча доўга шукаць не давялося. Ён добрасумленна выконваў службовыя абавязкі. Тое самае можна сказаць і пра вартаўніка Уладзіміра Аляксандравіча Баслыка, які адразу выйшаў насустрач, калі пад’­ехалі да прахадной птушкафабрыкі.

Начны змрок ахутаў зямлю. Перш, чым завітаць на мехдвор СКП «Беларусь», зазірнулі ў качагарку адмі­ністрацыйнага будынка гаспадаркі. Тут і ўбачылі вартаўніка Франца Казіміравіча Будзько.

— Нядаўна абышоў тэрыторыю. Усё ціха і спакойна. Зараз вось на­шчапаў крыху дроў і падкінуў іх у кацёл, — патлумачыў ён.

— Дык вы і вартаўнік, і качагар?

— Не толькі. Акрамя гэтага, яш­чэ і вадзіцелем працую, — адказаў Франц Казіміравіч.

— Дык і заробак жа атрымліваеце адпаведны.

— Каб вашы слоўцы ды Богу ў вушы. Заробак слабы, прыкладна 300 тысяч рублёў, а адказнасць вялікая. Праўда, вартую праз суткі…

Машынны двор СВК «Будслаўскі». Ад дарогі яго асвятляе некалькі ліхтароў, а далей углыбіні ўсё патанае ў цемры. Вось з яе і выйшаў насустрач Ігар Уладзіміравіч Кавалёў, які пачуў сіг­нал аўтамабіля і наша гуканне. Ён пацікавіўся, хто такія, чаго завіталі? Адчуваецца, што ахова тут на адпаведным узроўні. Заўвага адна: варта дабавіць некалькі ліхтароў, каб тэрыторыя хоць крыху асвятлялася. Думаецца, што гэта пытанне вырашальнае.

А закончыўся рэйд наведваннем мехдвара АСП «Вузлянка». Дарэчы, падобная праверка праводзілася напрыканцы мінулага года, тады тут амаль паўгадзіны шукалі вартаўніка. На гэты раз усё паўтарылася. У мехмайстэрні ярка свяці­ліся вокны. Былі ўключаны ўсе наяўныя лямпачкі. Здавалася, што тут працуюць людзі. Але цішыня. Колькі мы ні сігналілі, ніякага руху, ніхто не адгукнуўся. Вырашылі паехаць на ферму «Пузыры», бо менавіта там у мінулы раз знайшлі вартаўніка. На жаль, яго і там не аказалася. Даведаліся, дзе жыве. Сяргей Вячаслававіч Ермаковіч, які ў гэту ноч павінен быў ахоўваць мехдвор, сустрэў нас на сваім падворку.

— Чаму не на працы?

— Я толькі прыйшоў дамоў чаю вы­піць. Там усё ў парадку, нікога няма, — чуем у адказ.

— Чаму ў мехмайстэрні ўключана святло?

— Ды так на тэрыторыі лепш бачна, што робіцца, — адказвае вартаўнік.

З апошнім довадам пагадзіцца нель­га. Вокны ў майстэрні закладзены шклоблокамі, і яны не вельмі прапускаюць святло. Каб асвятліць тэрыторыю машыннага двара, ці не прасцей павесіць некалькі ліхтароў у розных месцах, а не ўключаць усе лямпачкі ў мехмайстэрні? Вось і атрымліваецца, што вартаўнік дома, а служба ідзе. Безгаспадарчасць, нерацыянальнае выкарыстанне электрычнай энергіі, адсутнасць кантролю за работай службы вартавой аховы з боку адказных асоб АСП «Вузлянка» — такі вынік напрошваецца з усяго ўбачанага.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.