У Занарачы адсвяткавалі раённыя “Дажынкі-2019”

437

УЗНАГАРОДЖАННЕ найлепшых калектываў і работнікаў, ушанаванне кіраўнікоў гаспадарак, святочны канцэрт, шматлікія творчыя пляцоўкі, тавары ад мясцовых вытворцаў — усё гэта і шмат чаго іншага было ў суботу на раённым свяце “Дажынкі-2019”.
“Хлеб на стале — мір на зямлі, — такімі словамі пачаў сваю прамову старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка. І прадоўжыў: — Здаўна Мядзельшчына славіцца працавітымі і таленавітымі людзьмі, моцнымі традыцыямі. Адна з іх — ушанаванне хлебаробаў. Гэтай традыцыяй мы аддаём заслужаную даніну павагі людзям, якія ўкладваюць у працу душу, уменне і вопыт. Збор ураджаю заўсёды быў сур’ёзным іспытам для хлебаробаў і выстаўляў адзнаку арганізатарскім здольнасцям кіраўнікоў і спецыялістаў, правяраў магчымасці да ўзаемадзеяння розных структур кіравання, майстэрства механізатараў і надзейнасць тэхнікі. «Дажынкі» — гэта не толькі ўшанаванне перадавікоў, але і агляд стану аграрнага сектара раёна”.
Як зазначыў кіраўнік раённай выканаўчай улады, хоць вынік жніва пераважна станоўчы і дзяржаўны заказ па продажы збожжа выкананы, сабраны ўраджай (крыху больш за 26 тысяч тон) наўрад ці можа задаволіць. Хоць браць прыклад ёсць з каго. Так, у Нацпарку “Нарачанскі” ўраджайнасць перавысіла 40 цэнтнераў з гектара. Больш за 30 цэнтнераў збожжа з гектара сабралі ў ААТ “Сваткі”. Са станоўчага боку Анатолій Вайнілка назваў таксама “Мядзельскае аграпрам­энерга” і сельгасфіліял “Дзягілі”. А вось у адрас некаторых іншых гаспадарак прагучала крытыка.
Найбольш важкі ўнёсак у каравай Мя­дзельшчыны зрабілі хлебаробы ААТ “Сваткі”, дзе намалот у параўнанне з леташнім павысіўся больш як на 900 тон. На 577 тон больш, чым летась, намалацілі ў “Мядзельскім аграпрамэнерга”, на 530 — у “Вузлянцы”. У апошняй з названых гаспадарак, на думку старшыні райвыканкама, прыбаўка магла б быць і большай — калі ўлічыць, колькі мінеральных угнаенняў там мелі. На 317 тон у параўнанне з леташнім павялічыўся валавы збор збожжа ў сельгасфіліяле “Дзягілі”. Невялікая прыбаўка ёсць у “Мядзелаграсэрвісе” і “Свір-агра”. Астатнім жа, адзначыў Анатолій Вайнілка, хваліцца пакуль няма чым.
Старшыня райвыканкама выказаў удзячнасць рупліўцам хлебнай нівы, унёсак якіх у агульны вынік найбольш значны. Каторы год лідарам жніва з’яўляецца камбайнер Пётр Скурко з ААТ “Сваткі”. Сёлета ён зноў намалаціў больш за тысячу тон — у некаторых гаспадарках усяго столькі не сабралі. Назваў Анатолій Вайнілка і многіх іншых перадавікоў.
Дзейсную дапамогу гаспадаркам аказалі дзевяць школьнікаў і чатыры студэнты. Так, на збожжасушыльным комплексе ў “Сватках” разам з бацькам Аляксандрам Анатольевічам стараўся гімназіст Аляксей Грузд, а ў “Мядзельскім аграпрамэнерга” — студэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава Дзмітрый Сівіцкі з татам Віктарам Мікалаевічам (працуе ў ЖКГ). Да жніва далучыліся работнікі прадпрыемстваў і абслуговых арганізацый, гандлю, адукацыі, медыцынскай сферы, райаддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў.
Старшыня падзякаваў хлебаробам за добрасумленную высокапрадукцыйную працу. Ён зазначыў: “Не ўсё атрымалася так, як мы планавалі, але (думаю, што выкажу намер усіх работнікаў сельскагаспадарчай галіны) у наступныя гады нам яшчэ трэба зрабіць шмат для павышэння вынікаў працы”, а потым агучыў у адрас прысутных найлепшыя пажаданні, узнагародзіў гаспадаркі, якія сталі пе­раможцамі раённага спаборніцтва. А гэта ААТ “Сваткі” — першае месца (кіраўнік Мікалай Варабей), сельгасфіліял “Дзягі-
лі” — другое (Аляксандр Варашкевіч) і “Мя­дзельскае аграпрамэнерга” — трэцяе (кіраўнік Віктар Васілевіч). Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена кіраўніку сельгасвытворчасці Нацпарку “Нарачанскі” Мікалаю Мягкову.
Пра тое, што гаспадаркам Мядзельшчыны ёсць куды расці і да чаго імкнуцца, гаварыла першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік райсельгасхарчу Алёна Лозанюк. “Наш раён, як бы пафасна гэта не прагучала, унёс сваю маленькую лепту ў харчовую і эканамічную бяспеку краіны, — зазначыла яна. — Дзяржаве здадзена каля пяці тысяч тон збожжа. А значыць, у хлебе ўраджаю гэтага года ёсць і наш унёсак. Радуе, што разам з вопытнымі хлебаробамі сёння мы ўшаноўваем і маладое пакаленне. Гэта сведчыць пра тое, што сялу ўсё ж быць і жыць!” Алёна Лозанюк падзякавала ўдзельнікам жніва і ўручыла ўзнагароды перадавікам. Граматы райвыканкама атрымалі камбайнеры Пётр Скурко (І месца) і Уладзімір Швайкоўскі (ІІ месца) з ААТ “Сваткі”, Васіль Лісіцкі (ІІІ месца) з “Мядзельскага аграпрамэнерга” і вадзіцелі Іван Куркуль (І месца) з “Занарачанскага”, Міхаіл Шчуцкі (ІІ месца) са “Сватак”, Мікалай Васілевіч (ІІІ месца) з “Мядзельскага аграпрамэнерга”. З маладых камбайнераў адзначаны Іван Сурвіла (І месца) і Яраслаў Вяршыла (ІІІ месца) з “Занарачанскага”, Іван Багуцкі (ІІ месца) са “Сватак”, з маладых вадзіцеляў — Дзмітрый Кадушкевіч (І месца) з сельгасфіліяла “Дзягілі”, Аляксандр Сіськевіч (ІІ месца) са “Сватак”. На дапрацоўцы ўраджаю вызначыліся звёны Віктара Стальмачонка (І месца) і Віталія Ганчарова (ІІ месца) са “Сватак”, Дзмітрыя Святохі (ІІІ месца) з “Вузлянкі”. Былі ўзнагароды таксама для галоўнага агранома са “Сватак” Тамары Мінчук і галоўнага інжынера з гэтай жа гаспадаркі Уладзіміра Кайко.

У Занарачы адсвяткавалі раённыя “Дажынкі-2019”
Алёна Лозанюк з узнагароджанымі

Старшыні раённых арганізацый “Беларускага саюза жанчын” Іна Барыева і га­ліновага прафсаюза Таццяна Сівіцкая падвялі вынікі конкурсу повараў, якія гатавалі для ўдзельнікаў жніва. Узнагароды атрымалі шэф-повар рэстарана “Нарач” Леаніла Кавалёва (Нацпарк “Нарачанскі”), повары Ірына Леоха (“Занарачанскі”) і Станіслаў Каралёў (“Мядзельскае аграпрамэнерга”).

У Занарачы адсвяткавалі раённыя “Дажынкі-2019”
Узнагароджаны найлепшыя повары. 42 гады ля пліты Леаніла Кавалёва (на здымку злева). Да пенсіі ў Нарацкім курортгандлі працавала, апошнім часам — у рэстаране «Нарач». Прыгатаваныя ёю стравы даспадобы і пераборлівым наведвальнікам рэстарана, і хлебаробам Нацпарку «Нарачанскі» ды «Нарачанскай Нівы 2004». Журы адзначыла і кулінарнае майстэрства менш вопытных, але такіх жа старанных Станіслава Каралёва і Ірыны Леохі

Прадоўжыў святочную праграму канцэрт вакальнага ансамбля эстраднай песні “Правінцыя”. Цёпла прымалі гледачы і выступленне гасцей — самадзейных артыстаў з Людвіноўскага Дома культуры Вілейскага раёна.

У Занарачы адсвяткавалі раённыя “Дажынкі-2019”
Творчую пляцоўку падрыхтавалі культработнікі са Слабадскога сельсавета. Гасцей сустракаюць Рыта Дрозд са Старагабскага СДК і Наталля Карэцкая з Дзягільскага Дома майстра
У Занарачы адсвяткавалі раённыя “Дажынкі-2019”
Вырабамі з саломкі славіцца Крывасельскі Дом культуры (Вілейскі раён). З рукатворным цудам знаёмяць удзельнікаў «Дажынак» дырэктар установы культуры Алена Шаблыка і старшыня Крывасельскага сельвыканкама Ірына Супрановіч
409
Пакаштаваць прадукцыю мясаперапрацоўчай вытворчасці ААТ «Занарачанскі» прапануе загадчыца склада Кацярына Урублеўская

Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.