Шчыры, руплівы, безадмоўны — так адгукаюцца пра механізатара ААТ “Сваткі” Аляксея Дегцяронка

296

СЯРОД працаўнікоў сельгасвытворчасці азёрнага краю, якія вызначыліся па выніках работы за мінулы год, і механізатар ААТ “Сваткі” Аляксей Дегцяронак.

Аляксей Анатольевіч не мясцовы, а прыезджы. Жыве і працуе ў Сватках з 2015 года. Родам з Глыбоцкага раёна. Там жа пасля заканчэння школы на курсах пры сельгастэхніцы вывучыўся за механізатара. На малой радзіме пасцігаў у вопытных калег сакрэты абранай прафесіі.

— А як апынуліся ў Сватках? — цікаўлюся.

— У гаспадарках Віцебшчыны, дзе працаваў, не вельмі ладзіліся справы, — расказвае Аляксей Дзегцяронак. — Заробкі былі нізкія. Мяне гэта не задавальняла, бо хацелася працаваць і бачыць аддачу. Пачуў пра ААТ “Сваткі”, што на Мядзельшчыне. З’ездзіў на сустрэчу да тагачаснага старшыні Мікалая Вараб’я. Скажу шчыра, кіраўнік таварыства пакарыў мяне адразу. Адчувалася, што гэта чалавек слова і справы, які не кідае слоў на вецер. Да таго ж прынцыповы, адказны, які клапаціўся пра будучыню гаспадаркі
і пра людзей, іх дабрабыт думаў. У многім, як убачыў пазней, дзякуючы менавіта асабістым якасцям Мікалая Васільевіча таварыства трывала стаяла на нагах. Ды і заробак працаўнікі атрымлівалі годны.

Па прыездзе ў гаспадарку Аляксею Анатольевічу даручылі трактар МТЗ-921.3 з раздатчыкам СРК-6В. Замацавалі за механізатарам ферму “Сваткі”, куды ён завозіць і раздае жывёле кармы.

— Аляксей — шчыры, добрасумленны работнік, — расказвае галоўны эканаміст ААТ “Сваткі” Ала Тарасёнак. — Да даручанай справы адносіцца з душой. Адказны, руплівы, безадмоўны. За гэта яго і паважаюць у калектыве. Пры неабходнасці жывёлу і на іншых фермах гаспадаркі забяспечвае кармамі.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Па выніках работы летась гадавая выпрацоўка на ўмоўны трактар склала ў Дегцяронка 3577 эталонных гектараў. А гэта адзін з найвышэйшых паказчыкаў не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне.