Работа над памылкамі

321

Як і абяцаў на папярэднім падвядзенні вынікаў работы ў жывёлагадоўлі старшыня
райвыканкама А. І. Даніленка, праз тыдзень быў праведзены чарговы аб’езд гаспадарак. На гэты раз маршрут пралягаў па нарачанскім рэгіёне. І забягаючы наперад, скажу, што пэўныя вывады з крытыкі былі зроблены. Агульнае ўражанне ад наведвання шэрагу ферм аказалася лепшым: у большасці пастараліся навесці парадак у жывёлагадоўчых памяшканнях, «чырвоных кутках», бытавых пакоях. Аказваецца, і сервізы на фермах ёсць, і электрачайнікі, і тэлевізары. А сям-там — душавыя,  пральныя машыны…

А вось справы вытворчыя па-ранейшаму не радуюць. З такім важным паказчыкам, як рэалізацыя малака, паспяхова справіліся толь­кі НП «Нарачанскі», СВК «Між­азёрны край» і «Сваткі», астатнія недацягваюць і да ста працэнтаў. А УП «Габы-агра» і ўвогуле дасягнула толькі 47 працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года. Не на ўзроўні і якасць малака, з-за чаго некаторыя гаспадаркі «згубілі» ўжо не адзін мільён рублёў.

Найперш у гэты дзень наведалі ТАА «Нарацкая ніва-2004». Яго дырэктар С. У. Роўда кіруе тут усяго другі месяц, і, зразумела, за такі кароткі тэрмін істотна  сітуацыю з вытворчасцю малака не зменіш. Тым не менш, зрухі ўжо ёсць. Як засведчыла начальнік лабараторыі Нарацкага філіяла ААТ «Мала­дзечанскі малочны камбінат» С. М. Зяленіна,  за першую дэкаду лютага ўсё малако з гэтай гаспадаркі паступіла вышэйшым гатункам.  Адчуваецца, што новы кіраўнік пачынае працаваць па-новаму, не адмаўляючыся, безумоўна, і ад таго добрага, што было зроблена да яго. І, вядома, галоўны акцэнт робіць на кадры. Пабывалі ў адрамантаванай майстэрні, на ферме «Швакшты», дзе закончылі летась рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў. Паглядзелі, як, згодна з патрабаваннямі тэхналогіі, утрымліваюцца каровы, гадуюцца цяляткі. Пабывалі і ў цэху раздою. Ёсць, як кажуць, ад чаго адштурхнуцца, каб паступова нарасціць вытворчы патэнцыял і выйсці на дастойныя паказчыкі. Дарэчы, тут атрыма­лі на цялятах за студзень больш 500 грамаў прываг. На першым часе зу­сім нядрэнна. Задаволена загадчыца Н. В. Кісель і бытавымі ўмовамі. Засталося толькі давесці да ладу раздзявальню ды запусціць душавую.

У СВК «Свірскі край» адно з вузкіх месцаў — ферма «Канстанцінава». Летась тут атрымалі ў сярэднім ад кожнай каровы  па 3200 кілаграмаў малака — найменшы паказчык па гаспадарцы.

— Летам працуем з перасовачнай дойкай, — патлумачыў старшыня Г. Б. Юхно, — а ў такім выпадку складана кантраляваць тэхналагічны працэс.  Тое ж пакрыццё. Вось і дапусцілі некаторыя пралікі.

На ферме «Засвір» справы абстаяць лепш, там атрымалі ад кожнай рагулі на 430 літраў больш. Дабаўляюць паступова і цяпер. Праўда, не абышлося без заўваг. Малочнае абсталяванне аказалася брудным, і як ні стараўся слесар апраўдацца, С. М. Зя­леніна пераканала прысутных, што якаснага малака пры такіх адносінах да справы не будзе.

У СВК «Міжазёрны край» даведзенае заданне па вытворчасці малака выконваецца, што робіць гонар гэтаму калектыву. Як расказаў старшыня К. Б. Гапановіч, тут многае робіцца на перспектыву. Так, на ферме «Міціненты» рэканструявалі цялятнік, што дазволіць цяпер мець завершаны тэхналагічны цыкл ад цялятка да будучай каровы. Адсюль на новы комплекс «Палессе» СВК «Будслаўскі» аддалі 38 цялушак (больш, чым хто) і, тым не менш, вытворчасць малака не знізілі. Ці не сведчыць гэта пра патэнцыял гаспадаркі?!

У «Міцінентах» давялося пагутарыць з тэхнікам-асемянатарам (адным з лепшых у раёне) У. І. Каратаевым. Справы ў яго ладзяцца, а вось умовы для працы жадаюць быць лепшымі — патрабуе рамонту пункт штучнага асемянення. І тут жа спецыяліст атрымаў абяцанне старшыні райвыканкама, што будзе аказана дапамога ў вырашэнні гэтага пытання. Чаму ж не дапамагчы там, дзе ёсць вынікі!

На жаль, нельга такога сказаць пра ферму «Астраўляны» УП «Вішнеўскае-агра». Ні кармоў тут, ні надояў, ні зарплаты адпаведна. Бо ці можна лічыць дастойным заробак у 120-200 тысяч? Непрыглядная карціна і ў суседніх цялятніках, якія адносяцца да ўладанняў фермерскай гаспадаркі «Косцевічы-агра». Маладняк стаіць у гнаі, без подсцілу, выгляд многіх цялятак марны. Ды і рацыён у іх слабы. Пра якія прывагі можна, у такім разе, казаць! Галоўны заатэхнік А. В. Леў­дзікаў так і не здолеў даць слушныя тлумачэнні.

На гэтым фоне наступная ферма «Жалезнікі» СВК «Занарацкі» аказалася проста непараўнальнай. І жывёла тут спраўная, і людзям умовы створаны. Ды і сярэднясутачныя надоі зараз 12 кілаграмаў малака ад рагулі. На ферме «Мокрыца» наведалі цялятнікі. Працэс і там наладжаны належным чынам, вось і атрымліваюць прывагі ў 750 грамаў.

Рыса, як заўсёды, была падведзена на пленарным пася­джэнні, якое прайшло ў Занарацкім Доме культуры. Старшыня райвыканкама А. І. Даніленка і начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Р. Якубовіч зноў акцэнтавалі ўвагу гаспадарнікаў на безумоўным выкананні задання па вытворчасці малака. І жыць пры гэтым трэба не толькі днём сённяшнім, але і глядзець у перспектыву. Толькі тады і будзе плён. Выступілі па злабадзённай тэме галоўны ветэрынарны ўрач раёна С. Ч. Ермаковіч, дырэктары райплемстанцыі
І. П. Янэль і Нарацкага філіяла ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат» С. Я. Круглік.  Яны заклікалі прысутных да канструктыўнага дыялогу, бо задача перад усімі стаіць, у рэшце рэшт, адна. Вядома, былі заслуханы тлумачэнні кіраўнікоў тых гаспадарак, дзе сітуацыя так і не памянялася ў лепшы бок.

Такім чынам, зроблена яшчэ адна работа над памылкамі. Хочацца спадзявацца, што час быў затрачаны не дарэмна і словы на гэты раз не разыдуцца са справамі.  

Не за гарамі пасяўная. Таму на пленарным пася­джэнні не прамінулі пытанні гатоўнасці гаспадарак да гэтай адказнай кампаніі. Нявырашаных праблем тут таксама хапае, і той, хто будзе спаць у шапку, страціць вельмі шмат. Ісціна для сапраўднага хлебароба вядомая.

Аляксандр БЫКАЎ.