Поспех — у арганізаванасці

270

У панядзелак вечарам адбылася пашыраная абласная селектарная нарада, якую правёў губернатар Міншчыны Л. Ф. Крупец. Абмеркаваны пытанні па разгорт­ванні шырокім фронтам вясенніх палявых работ, навядзенні парадку на зямлі, павышэнні прадуктыўнасці дойнага стат­ка. У пачатку патрабавальнай размовы з кадрамі Леа­нід Фёдаравіч адзначыў, што ў гаспадаркі паступілі неабходныя фінансавыя сродкі, у тым ліку і з абласнога бюджэту, крэдытныя рэсурсы, аднак станоўчай вытворчай дынамікі ў многіх не назіраецца. Больш таго, Камітэтам дзяржкант­ролю выяўляюцца абуральныя факты, калі ў гаспадарках на многіх гектарах збожжавыя збіраюцца сеяць па збожжавых, нядбайна захоўваюць мінеральныя ўгнаенні, ядахімікаты.

Хвалюе і пачатак пасяўной, бо работы ў полі разгортваюцца марудна. Упускаюцца аптымальныя тэрміны падсеву шматгадовых траў, падкормкі азімых куль­тур, вывазкі арганікі. На раніцу ў панядзелак па вобласці пасеялі 2,5 тысячы гектараў збожжавых. У сямі раёнах яшчэ не прыступалі да гэтай работы. А як сведчыць практыка, найлепшую аддачу дае якраз ранняя сяўба. Праводзіць яе неабходна зладжана, на працягу ўсяго светлавога дня, на высокім арганізацыйным узроўні, строга захоў­ваючы тэхніку бяспекі.

Больш падрабязна на стане спраў у аграпрамысловым комп­лексе спыніўся старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні І. М. Шматко. У асобных раёнах назіраецца значная гібель пасеваў азімых рапсу, жыта. Зноў жа, гэта нярэдка даюць аб сабе ведаць дапушчаныя ў свой час тэхналагічныя парушэнні. Такія ўчасткі мэтазгодна перасеяць яравым рапсам, кукурузай. Цяпер вельмі важна неадкладна падкарміць тыя плошчы жыта, якія адводзяцца для выпасу дойнага статка, што дазво­ліць істотна паправіць справы з вытворчасцю малака. Нельга прамарудзіць і з сяўбой ранніх яравых, пасадкай бульбы, кукурузы. Дарэчы, у некаторых адчуваецца значны дэфіцыт насення «каралевы палёў». Так, у Крупскім раёне яго маецца ўсяго 19 працэнтаў ад неабходнага, малавата кукурузы і ў гаспадарках Вілейшчыны, Мядзельшчыны… Што датычыць «другога хлеба», то яго неабходна вырошчваць у спецыя­лізаваных кааператывах, дзе можна механізаваць усе працаёмкія аперацыі, атрымліваць высокія ўраджаі бульбы і значныя прыбыткі. Іван Міхайлавіч таксама запэўніў, што ў вобласці прыняты неабходныя меры, каб ніводная гаспадарка сёлета на пасяўной не адчувала недахопу ў паліве. У той жа час на месцах трэба паклапаціцца аб эфектыўным выкарыстанні энерганасычаных трактароў, камбінаваных агрэгатаў, якія і вызначаюць поспех на веснавым полі.

Сур’ёзная крытыка прагучала ў адрас тых рэгіёнаў, дзе не справіліся з прагнознымі паказчыкамі першага квартала па вытворчасці малака. Як адзначыў намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Васіль Міхайлавіч Казакевіч, у Мін­скім раёне надой ад каровы знізіўся ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 35 кілаграмаў, у Капыльскім — на 28, Пухавіцкім за сакавік — на 6 кілаграмаў… Безумоўна, з падобным стано­вішчам ніхто мірыцца не будзе. Нямала дзе неапраўдана мару­дзяць з закупам маладняку буйной рагатай жывёлы ў насельніцтва. Ёсць у гэтым важным напрамку сур’ёзныя недапрацоўкі і на Мя­дзельшчыне.

Асаблівая ўвага ўдзель­нікаў селектарнай нарады таксама звярталася на добраўпарадкаванне. І не толькі населеных пунк­таў, але і тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый, абочын дарог, міні-палігонаў. У вобласці аб’яўлены месячнік па забеспячэнні парадку на зямлі, эфектыўным яе выкарыстанні. Прадоўжыцца ён да 1 мая і паспрыяе паўсюднаму навядзенню чысціні і прыгажосці.  

Падагульняючы размову, Леа­нід Фёдаравіч падкрэсліў, што на Міншчыне ёсць усё неабходнае для правядзення пасяўной на дастойным узроўні. І найпершы клопат усіх, маючых дачыненне да адказнай кампаніі, годна справіцца з гэтай задачай. У тым ліку і кадраў Мядзельшчыны, на што коратка, але прадметна ўказаў адразу пасля селектарнай нарады старшыня райвыканкама Аляксандр Іванавіч Даніленка.

  Павел ЖУКАЎ.