Эфект бумеранга

273

Кожны больш-менш дасведчаны чалавек знаёмы з эфектам бумеранга. Пры ўмелым выкарыстанні гэта прылада заўсёды вяртаецца да таго, хто кідаў. Так і іншыя нашы намаганні абавязкова прынясуць плён, калі дзейнічаць высокапрафесійна, адэкватна пастаўленым задачам. Сельскагаспадарчая вытворчасць — не выключэнне. Дырэктару ТАА «Нарацкая ніва-2004» С. У. Роўду было ад чаго замаркоціцца, калі прымаў гаспадарку. За мінулы год сярэдні надой ад каровы не дасягнуў тут трох тысяч кілаграмаў, да ўзроўню 2008-га атрымалі малака на 8,6 працэнта менш. Горшае становішча было хіба што ў габскіх сельгасвытворцаў ды будслаўчан. Паўстала заканамернае пытанне: як «рэаніміраваць» жывёлагадоўлю?

— Крыху агледзеўшыся, зразумеў, што трэба пачынаць, як ні банальна гэта гучыць, менавіта з кадраў, — расказвае Сяргей Ула­дзіміравіч. — Калі пашчасціць сабраць сваю каманду са спецыялістаў і радавых выканаўцаў, тады можна будзе спадзявацца на эфектыўнае вырашэнне наспеўшых праблем. І найперш трэба стабілізаваць вытворчасць. Захады для выпраўлення сітуацыі ўжо зроблены. Так, на ферме «Швакшты» з’явілася новая загадчыца Сняжана Аркадзьеўна Жалубоўская. На яе вельмі разлічваем. Паступова пачынаюць разумець адказнасць па­стаўленых задач і радавыя работнікі.

Станоўчыя зрухі ў жывёлаводаў ТАА «Нарацкая ніва-2004» пакрысе з’яўляюцца. У якасці доказу С. У. Роўда паказаў спецыяльны журнал, дзе сярод розных вытворчых паказчыкаў пазначаюцца і сутачныя надоі. За першыя два месяцы нарачанцы мелі ў іх хоць невялікую, але штодзённую прыбаўку. Паспрыяў гэтаму шэраг рэалізаваных мерапрыемстваў, у тым ліку і пераход на трохразоваю дойку. Істотны рывок апошнім часам зроблены ў паляпшэнні якасці прадукцыі. Калі ў студзені вышэйшым гатункам пайшло 78 % малака, дык за дзве дэкады лютага ўжо 95 % пры таварнасці 88 %. 

— Безумоўна, станоўчых вынікаў не дасягнеш толькі за кошт узмацнення патрабаванняў да захавання  работнікамі дысцыпліны — як працоўнай, так і тэхналагічнай. Павінны быць і эканамічныя стымулы. Цяпер у нас, па дамове з інвестарам, да 40 % розніцы паміж коштам малака першага і вышэйшага гатункаў ідзе на даплату даяркам і слесарам, якія абслугоўваюць ферму, а таксама загадчыцы.  А з 1-га сакавіка заахвочвацца такім чынам будуць і даглядчыкі.

Вядома ж, каб выйсці на дастойныя паказчыкі па вытворчасці малака, патрэбна яшчэ прыкласці нямала намаганняў. Як патлумачыў Сяргей Уладзіміравіч, у гэтым плане яны робяць пэўную стаўку на сакавік, дзе чакаецца большая колькасць ацёлаў — 51 галава.  А на перспектыву плануецца закупіць высокапрадуктыўных першацёлак для ўзнаўлення дойнага статка.

У любым выпадку ёсць надзея, што праз нейкі час нарачанскія вытворцы выйдуць з прарыву. Бо ўмела кінуты бумеранг заўсёды вяртаецца….

Аляксандр БЫКАЎ.