У дзіцячым фармаце вайсковых спаборніцтваў

254

У Мядзеле прайшла ваенна-патрыятычная гульня “Зарнічка” з удзелам вучняў пачатковых класаў, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з запалам і цікавасцю спаборнічалі ў розных этапах гульні, выпрабоўваючы сілу духа, спрыт і волю да перамогі. Адбывалася мерапрыемства на базе Мядзельскага ВПК яслі-сад-сярэдняя школа. І толькі па першым часе здаецца, што гэта гульня. На самай справе ўсё вельмі сур’ёзна, бо патрабуецца грунтоўная падрыхтоўчая работа (страявая хадзьба, тэарэтычны конкурс), добры фізічны стан, а таксама ўменне працаваць у камандзе і смеласць пераадольваць страхі. Словам, дзецям неабходна было прайсці сапраўдны курс маладога байца. Падтрымаць, судзіць, а таксама натхніць на перамогу юных “армейцаў” прыйшлі ваенны камісар Мядзельскага ваеннага камісарыята, падпалкоўнік Алег Радкевіч, прадстаўнікі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”: старшыня савета, падпалкоўнік запасу Юрый Мяркулаў і яго намеснік Анатолій Сідарэнка, а таксама Мікалай Калошка. Арганізатарам гульні выступіў Цэнтр творчасці, турызму дзяцей і моладзі раёна.
Дзяцей чакалі самыя розныя выпрабаванні. Спачатку ў памяшканні навучальнай установы прайшлі агляд строю і песні, віктарына. А потым усе перамясціліся на школьны стадыён. На этапе “Міннае поле” каманды шчупамі ў пяску шукалі “міны”. Больш за ўсіх (па 4 з 10-ці) знайшлі і абясшкодзілі навучэнцы Нарацкай СШ №1 і Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Пераадолець дзесяць метраў праз “міны-расцяжкі” і не падарвацца (не зачапіць леску на розных узроўнях, пад розным вуглом і не разліць ваду ў бутэльках) таксама ўдалося далёка не ўсім. Тым больш, што заданне было на час. Больш вядомы этап — “Павуціна”. Трэба было прапаўзці пад планкамі, якія знаходзіліся на вышыні 30 сантыметраў над зямлёй, і не зачапіць іх. Максімальна хутка патрабавалася прабегчы пад планкамі, размешчанымі на вышыні 75 сантыметраў, і не скінуць іх — гэта заданне на этапе “Снайпер”. Традыцыйныя для “Зарніцы” “Кочкі” і “Гаць” паказалі спрыт і ўменне эфектыўна працаваць у камандзе. Этап “Дот” выпрабоўваў удзельнікаў на трапнасць пападання мячом у цэль. А “Сакрэтны пакет” меў на ўвазе заданне знайсці шыфроўку, якую з дапамогай ключа неабходна было прачытаць. Усяго ў “Зарнічцы” прынялі ўдзел шэсць акцябрацкіх атрадаў: з Мядзельскай СШ №1 імя Уладзімір Дубоўкі, Мядзельскага ВПК яслі-сад-СШ, Нарацкай СШ №1, Нарацкай СШ №2, Свірскага ВПК д/с-СШ, Занарацкай СШ.
Назіраючы, з якім задорам, бляскам у вачах бегалі хлопчыкі і дзяўчынкі, як перажывалі за вынікі заданняў, можна было зрабіць выснову, што гульня дзецям падабаецца.
— Ці лёгка было рыхтавацца? — пытаюся ў камандзіра каманды “Юнга” з Нарацкай СШ №1 Дзімы Дамасевіча.
— Лёгка і цікава.
— А за якія якасці цябе выбралі камандзірам?
— Рапарт лепш за астатніх умеў казаць!
Іншае меркаванне пра падрыхтоўку да “Зарнічкі” ў настаўніка фізічнай культуры і здароўя з Занарачы Аляксандра Жыхара.
— Рыхтаваць малодшых школьнікаў у параўнанне з 9-10-класнікамі значна складаней, — падзяліўся ён сваімі назіраннямі. — Але магчыма. Мы адразу вызначыліся, з кім будзем працаваць, бо далёка не кожнага можна навучыць хадзіць строем. Сам працэс трэніровак быў вельмі цікавы для дзяцей. Нейкія этапы, накшталт “мышалоўкі”, самі ладзілі, страявой хадой па школе тупалі, песню спявалі. Бачыў, што ім гэта падабалася. Заняткі не прапускалі, на вялікім перапынку самі збіраліся. Што тычыцца страявой, то яшчэ б тыдзень — і мы б глядзеліся значна лепш. Усё ж такі з малымі часу на трэніроўкі патрабуецца больш.
У выніку ў напружанай барацьбе за першае месца перамог атрад “Рамантыкі” з Занарацкай сярэдняй школы. Другімі сталі навучэнцы з Нарацкай СШ №2 (атрад “Франтавыя сухарыкі”). Трэцяе месца дасталося атраду “Агеньчыкі” са Свіры. Найлепшым камандзірам прызнаны Багдан Паршута з атрада “Артылерысты” Мядзельскага ВПК яслі-сад-СШ. Пераможцы на выніковым пастраенні ўзнагароджаны дыпломамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Адметныя дыпломы лідарам спаборніцтваў уручылі таксама Юрый Мяркулаў ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” і Міхаіл Чаркасаў ад раённай структуры ДТСААФ.

Іна ЯРЧАК.
Фота аўтара.