Мароз і сонца, дзень цудоўны!

349

pb210048Памятаеце, напэўна, гэтыя класічныя радкі. Менавіта такое цудоўнае надвор’е ўсталявалася ў мінулую нядзелю. Што дадаткова паспрыяла паспяховаму правядзенню раённага спартыўнага свята «Снежны снайпер-2010». Прынялі ў ім удзел 24 каманды арганізацый і ўстаноў Мядзельшчыны, на лыжную трасу, пракладзеную па возеры Мястра, выйшла каля 150 чалавек, у тым ліку і дзеці.

Але гэтаму папярэднічала спаборніцтва стралкоў. Канешне, не снежкамі кідалі яны ў мішэнь, а паказвалі сваю меткасць у ціры Мядзельскай САШ №2. У жанчын тут найбольшую колькасць ачкоў выбіла начальнік аддзела адукацыі І. В. Рагоўская. Другі паказчык у педагога САШ №2 А. М. Вазап. Трэцяе месца заняла намеснік старшыні райвыканкама Н. В. Герновіч. У мужчын вызначыўся старшыня Занарацкага сельвыканкама У. І. Зелянкевіч. Другім быў механік электрасетак  Э. І. Лубнеўскі і трэцім — дырэктар ДУП «Аўтамабільны парк №7» К. М. Грышчук.resize-of-pb210037

Варта дадаць, што дадзены від меў непасрэдны ўплыў на агульныя вынікі ў лыжнай эстафеце. Чым горшыя былі паказчыкі ў стральбе, тым больш штрафных секунд дабаўлялася камандзе на фінішы. Своеасаблівы біятлон, калі хочаце, атрымаўся!

А цяпер непасрэдна пра галоўную дзею. Цырымонія адкрыцця зімовага свята пачалася ў адзінаццаць гадзін. Ганаровае права ўз­няць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было дадзена прадстаў­нікам каманд-пераможцаў мінулагодняй лыжні: Будслаўскага сельскага Савета дэпутатаў, Мядзель­скага ПМС і ДЮСШ. Затым да прысутных звярнулася з вітальным словам намеснік старшыні райвыканкама Н. В. Герновіч:

— Паважаныя сябры! Тут зараз прысутнічаюць прадстаўнікі працоўных калектываў, школьнікі, якія кажуць здароваму ладу жыцця: «Так!». Правядзенне падобных мерапрыемстваў стала на Мядзельшчыне ўжо добрай традыцыяй. Нямала здабыткаў мае дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, дзе мы зараз знаходзімся. Яе выхаванка Вольга Васілёнак уключана ў склад алімпійскай зборнай рэспублікі па лыжных гонках. У нашай краіне надаецца  вялікая ўвага здароваму ладу жыцця, узводзяцца цудоўныя спартыўныя збудаванні, якія ўжо сёння прызнаны лепшымі ў Еўропе. Сёння мы са­бра­ліся на свята здароўя, дзе будуць, канешне, пераможцы, але не бу­дзе прайграўшых. Ды і надвор’е выдалася якраз для такіх вось масавых стартаў. Са святам вас! 

resize-of-s6301992Начальнік аддзела па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама А. І. Крыштафовіч аб’яўляе праграму спаборніцтваў і затым дае пяцімінутную гатоўнасць. Першымі на паўтаракіламетровы круг снежнай трасы выйшлі выхаванцы ДЮСШ. І тут, без перабольшвання, майстар-клас паказала неаднаразовы прызёр абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў Віта Івашкова. Яна прыйшла да фінішу першай, абагнаўшы на дыстанцыі хлапчукоў. І пасля атрымала ў якасці ўзнагароды салодкі прыз — торт.

«Адшукаліся» здольныя лыжнікі і сярод дарослых. Як, напрыклад, Наталля Аўрэйцавіч з каманды ПМС. Яна прайшла круг імкліва, паказаўшы някепскую тэхніку. І стварыла, тым самым, ладны зачын для  агульнай перамогі. Пагутарыў пасля фінішу з мядзяльчанінам Віктарам Каравацкім. Ветэран спорту  хоць і быў стомленым, але на твары свяцілася ўсмешка.

— Успомніў сёння маладосць, школьныя гады, калі ўдавалася не раз перамагаць у лыжных гонках. І цяпер вось, безумоўна, атрымаў нямала станоўчых эмоцый.pb210007

Сапраўды, хоць і розны быў узровень тых, хто стартаваў на раённай лыжні, узнёслая атмасфера свята прымушала кожнага змагацца да апошніх метраў дыстанцыі, каб прынесці камандзе як мага больш заліковых ачкоў. А сачыць за ходам барацьбы было вельмі зручна, бо ўся траса прахо­дзіла па адкрытай акваторыі Мястра. Назіраў за ходам эстафеты і старшыня райвыканкама А. І. Даніленка. Аляксандр Іванавіч стараецца ніколі не прамінаць такія мерапрыемствы, бо сам з’яўляецца актыўным прыхільнікам і прапагандыстам здаровага ладу жыцця. 

Мароз быў лагодным. Тым не менш, вельмі дарэчы аказаўся для ўдзельнікаў буфет, дзе прапаноў­валі бясплатна духмяны чай. І ўвогуле, спаборніцтвы, дзякуючы намаганням су­дзейскай брыгады, прайшлі на ўзроўні. Іх прызавы фонд склаў мільён рублёў, мацнейшыя каманды і спартсмены атрымалі за­служаныя ўзнагароды.resize-of-pb210082

У групе «А», як і летась, перамагла каманда ПМС. Меліяратарам былі ўручаны прыгожы хрустальны кубак, прэмія, граматы аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму. Другой тут стала дружына выратавальнай службы раёна, трэцяй —  Мядзельскага аўтапарку №7. Не памяняўся лідэр у групе «В» — зноў святкавала перамогу каманда Будслаўскага сельсавета. Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна спарт­смены Нарацкага і Княгінінскага сельскіх Саветаў дэпутатаў. У групе «С» таксама ніхто не здолеў парушыць моцныя пазіцыі ДЮСШ. На другой прыступцы — прадстаўнікі САШ №2 і на трэцяй — Мядзельскай гімназіі №1. Па традыцыі былі прызнаны лепшыя і ў розных намінацыях.resize-of-pb210093

Пасля ўрачыстай цырымоніі ўручэння ўзнагарод да флаг­штока запрашаецца юная Віта Івашкова. Павольна апускаецца Дзяржаўны флаг, сімвалізуючы гэтым заканчэнне зімовага свята. Ды наперадзе яшчэ шмат цікавых стартаў. І, як сведчыць практыка, ніколі не позна далучыцца да тых, хто аддае перавагу не ляжанню на канапе, а жыццю актыўнаму, паўнацэннаму. Бо сапраўды, у здаровым целе — здаровы дух!

Аляксандр БЫКАЎ.