Клубу атлетычнай гімнастыкі «Геркулес» споўнілася 25 год

243

У 1986 годзе мядзельскаму клубу атле­тычнай гімнастыкі «Геркулес» прарочылі два-тры гады існавання: маўляў, потым энтузіязм арганізатараў скончыцца. Памыліліся дамарослыя эксперты: у кастрычніку клубу споўнілася 25 год. За гэты час сотні юных і не вель­мі жыхароў горада сталі фізічна мацнейшымі. І не толькі: выхаванцы «Геркулеса» нават змагаюцца на міжнародных спаборніцтвах і становяцца іх прызёрамі. Пра гісторыю і сучаснасць клуба, які зараз працуе пры аддзеле па фізкультуры, спорту і турызму,  даведаемся з размовы з яго кіраўніком  Юрыем Кабанавым:

—     Як жа стварыўся клуб?

—     У той час з Валерыем Кірылавым працавалі ў сельгастэхніцы. Пайшлі займацца ў залу спартыўнай школы, адным было неяк сумна. Напісалі аб’яву, што запрашаем школьнікаў: падумалі, што не ўсе веславаннем ці лыжамі хочуць займацца. Мя­дзель­скі пасялковы Савет дэпутатаў купіў трэ­нажоры. І пачалося. Адразу хацелі, каб у назве было слова «культурызм», але ў савецкім ужытку яно тады не было прынята, таму назвалі клубам атлетычнай гімнастыкі. А дапамагалі клубу развівацца пасялковы Савет дэпутатаў, райаддзел унутраных спраў, камітэт па фіз­культуры і спорту.

— Гэта зараз лёгка можна знайсці інфармацыю пра падрыхтоўку атлетаў — у тым жа  інтэрнэце. А ў той час дзе звесткі бралі?

— Наведваў раённую бібліятэку. Штудзіраваў спартыўную перыёдыку, выпісваў комплексы Валерыя Дзікуля. А потым завочна закончыў навучанне ў Акадэміі фізкультуры, спорту і турызму  па спецыяльнасці «педагог-арганізатар па аздараўленчай рабоце, спорту і турызму».

— Якія задачы ставілі для сябе ў пачатку існавання клуба?

— Пабольш прыцягнуць дзяцей у спортзалу, каб вялі здаровы лад жыцця.

І ўсе гэтыя гады задачы не змяні­ліся. Прыемна, што тыя, хто некалі ў юнацтве прыходзіў на заняткі, зараз са сваімі дзецьмі завітваюць.

— Хто з выхаванцаў дасягнуў найбольшых поспехаў?

—     У клубе пачыналі займацца  два майстры спорту міжнароднага класу: па армрэстлінгу Валянцін Бабровіч і па паўэр­ліфцін­гу — Максім Нагела. Некалькі хлопцаў сталі майстрамі спор­ту, у тым ліку па гіравым. Увогуле, вель­мі прыемна, калі выхаванцы пры­возяць узнагароды з прэстыжных спабор­ніцтваў, ці «корачкі» майстра спорту.

—     Як з гадамі змянялася цікавасць да заняткаў у клубе?

— Калі ўзяць пад увагу школьнікаў, то раней іх было больш: па 45-50 чалавек прыходзіла. Рэкорд быў — 82 удзельнікі. Цяпер школьнікаў менш. Але зараз больш дарослых, дзяўчаты актыўней сталі завітваць.

—     Колькі зараз наведвальнікаў?

— Каля 30 чалавек. Гэта людзі, якія ўсведамляюць, што трэба займацца спортам.

— З якой мэтай прыходзяць?

— У кожнага свая. Хто агульнафізічнай  падрыхтоўкай займаецца, хто — каб пад­трымаць форму. Іншыя хочуць чамусьці навучыцца, а хтосьці прыходзіць, каб  дасягнуць вынікаў.

— Што можаце прапанаваць наведвальнікам?

— Тут можна займацца сілавой падрыхтоўкай, на трэнажорах. А для разрадкі — пагуляць у тэніс, дартс. Праводзім розныя спаборніцтвы, у дзяўчат летась  нават пяці­борства было. Калі чалавек прыходзіць упершыню, складаю інды­відуальную праграму для заняткаў — у залежнасці ад таго, якую мэту ставіць перад сабой.

—     Мяркую, далейшыя перспектывы звязваеце з пераходам у фізкультурна-аздараўленчы комплекс…

— Так. Плануем, што там будуць добрыя ўмовы, больш трэнажораў. І людзей атрымаецца больш прыцягнуць, каб яны вялі здаровы лад жыцця.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.