Які ён, найлепшы педагог? Адказ на гэта пытанне шукалі разам з юнымі жыхарамі Мядзельшчыны

378

5 клас Крывіцкага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа 

— Хто ў вас самы любімы педагог?
— Наша першая настаўніца — Надзея Валер’еўна Дурэйка! — загаманілі хлапчукі і дзяўчынкі. — А яшчэ Алена Генадзьеўна Дзевялтоўская, класны кіраўнік! Юлія Сяргееўна, яна ў нас рускую мову і літаратуру выкладае! Ірына Іванаўна Святоха! А яшчэ Дзмітрый Уладзіміравіч. І Станіслаў Казіміравіч. І Алена Мікалаеўна таксама. І Святлана Чаславаўна Каўзовіч. І Наталля Міхайлаўна.
Пяцікласнікі ні на кога не забыліся, назвалі ўсіх, хто ў іх выкладае (пра гэта я з вучнёўскага дзённіка даведалася, ёсць там старонка пра настаўнікаў. Там і прачытала, што прозвішча Юліі Сяргееўны — Колбун, Дзмітрыя Уладзіміравіча — Дурэйка, Станіслава Казіміравіча — Ермаковіч, а Наталлі Міхайлаўны — Трубач.)
— А што пажадаеце педагогам з нагоды прафесійнага свята?
— Шчасця! Здароўя! Каб у іх былі добрыя дзеці: уласныя і вучні таксама. Каб на дом задавалі меней! Доўгага жыцця!

***

6 клас Крывіцкага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа 

Які ён, найлепшы педагог? Адказ на гэта пытанне шукалі разам з юнымі жыхарамі Мядзельшчыны

— Якім павінен быць настаўнік?
— Добрым!
— Але строгім, патрабавальным.
— Не сварыцца без прычыны!
— Любіць дзяцей!
— Справядліва адзнакі ставіць!
— На дом не задаваць многа!
— Ці ёсць у вас такія педагогі: добрыя, але строгія, любяць дзяцей, не сварацца без прычыны і справядліва адзнакі ставяць?
— Ёсць. Ала Сігізмундаўна Ермаковіч, класны кіраўнік!
— Наталля Уладзіміраўна Вайцяховіч, яна таксама добрая.
— І Людміла Яўгенаўна, дырэктар школы. Рускую літаратуру цікава выкладае. Мы там вершы на памяць вучым, байкі.
— Тлумачыць добра. Калі нечага не зразумеў, спытаеш у яе — усё падрабязна раскажа, і зразумееш.
— Але, бывае, заўвагі робіць.
— І Сяргей Іванавіч Васілевіч добры, ён у нас матэматыку выкладае. І не сварыцца, і адзнакі справядліва ставіць.
— Юлія Сяргееўна Колбун, маладая настаўніца!
— Дзмітрый Уладзіміравіч Дурэйка, настаўнік фізкультуры. Ён такі класны! Пастаянна на нейкія спаборніцтвы возіць.
— Але мне не падабаецца, калі загадвае бегаць шмат кругоў.
— А мне падабаецца.
— Усе нашы настаўнікі добрыя!
— У нядзелю — прафесійнае свята педагогаў. Што ім пажадаеце?
— Здароўя!
— Цярпення!
— Заробку добрага!
— Шчасця, добрага настрою, каб справядліва адзнакі ставілі.
— Каб на каранавірус не хварэлі, на бальнічны не хадзілі.

***

4 клас Сваткаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Максіма Танка 

Які ён, найлепшы педагог? Адказ на гэта пытанне шукалі разам з юнымі жыхарамі Мядзельшчыны

Настаўнік павінен быць вопытны, разумны, справядлівы, творчы — як наша Таццяна Міхайлаўна Клямяціч. Яна вельмі добрая, дапамагае з дамашнім заданнем разабрацца, калі не разумеем. Раз нават усю задачу нам рашыла! Шмат чаго сама ўмее і нас навучыла. Сувеніры прыгожыя з ёй зрабілі — вунь на акне стаяць. Мерапрыемствы цікавыя з намі праводзіць. Віншуем Таццяну Міхайлаўну са святам. Жадаем ёй здароўя, шчасця і каб школьнікі настрой не псавалі, вучыліся добра.