Мядзельскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад-сярэдняя школа наведвае шмат вясковых дзяцей. Рэйсавым аўтобусам дабіраюцца з Соснаў, Гатавіч і Мікольцаў. Аўтобусамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама карыстаецца 57 школьнікаў і выхаванцаў дзіцячага садка — з Баяр, Лотвы, Ку­лікоў, Лук’янавіч, Азарак, Сцюдзяніцы.

…Дзеці з суправаджаючай — сацыяльным педагогам Таццянай Хіхель — ідуць на школьны прыпынак. Там іх ужо чакае аўтобус, які ў 16:00 адправіцца па лацвянскім маршруце. За рулём — вопытны і добразычлівы вадзіцель Генадзь Баўтрамовіч. Перад кожным выездам у рэйс ён апрацоўвае аўтобус дэзынфекцыйнымі сродкамі.

Разам паедуць рабяты з розных дзіцячых калектываў. Таму ў аўтобусе маску абавязаны насіць не толькі вадзіцель і педагог, але і школьнікі з дашкалятамі.