У чэмпіянаце раёна па інтэлектуальных гульнях зноў перамагла каманда «Матрыкс»

211

pАдбыўся трэці фінальны тур IV чэмпіянату раёна па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў. Прайшоў ён на базе сярэдняй школы №2 Мядзела.

У туры прынялі ўдзел 14 камандаў са школ раёна. Ім трэба было выявіць лепшых у гульнях «Медыяазбука», «Свая гульня» і «Што? Дзе? Калі?».

І пытанні сапраўды былі нялёгкія. Вучні мусілі не толькі свае веды паказаць, але дзесьці і кемлівасць праявіць. Што некаторым камандам і ўдавалася: пасля аб’яўлення правільных адказаў то тут, то там раздаваліся радасныя воклічы — значыць адказалі дакладна.

Надышоў момант узнагароджання. І было яно працяглым: ушаноўвалі не толькі ўдзельнікаў гэтага тура, але і прызёраў усяго чэмпіянату, які праходзіў на працягу навучальнага года.

p33Дык вось, у «Медыяазбуцы» па выніках усіх трох тураў другое месца заняла каманда «Кіндэры з сюрпрызам» з Камароўскай сярэдняй школы, трэцяе — «Эрудыт» з Нарацкай САШ №1. У «Сваёй гульні» срэбра дасталося камандзе «Ні­ка» з Нарацкай САШ №2, а бронзай адзначаны «Кіндэры з сюрпрызам». У гульні «Што? Дзе? Калі?» другое месца  заваявала дружына «Эрудыт» з Нарацкай САШ №1, трэцяе — іх суседзі з к. п. Нарач («Ніка»).

А першае месца не называў свядома. Сюрпрызаў не адбылося: ва ўсіх трох гульнях перамагла найбольш вопытная і дасведчаная ў інтэлектуальных баталіях каманда раёна — «Матрыкс» з гімназіі №1 Мядзела. Так што і сёлета гімназісты нікому не далі права ўсумніцца ў сваім лідарстве.

Натуральна і першае месца ў чэмпіянаце ў іх. На другім — «Ніка» з Нарацкай САШ №2, а замкнулі тройку прызёраў «Кіндэры з сюрпрызам» з Камарова.

Вядома, не засталіся лепшыя інтэлектуалы без прызоў: ім уручылі энцыклапедычныя выданні ад аддзела адукацыі.

— Наша каманда ўжо згуляная, — расказвае капітан каманды «Матрыкс» Кірыл Самуленкаў. — Я, напрыклад, даўно, ужо некалькі год, у яе складзе. Большасць таксама.

— А сёння ці лёгка было перамагчы?

— Не, не надта. Вельмі цяжкія, неардынарныя пытанні былі.

А якія адкрыцці прынёс IV чэмпіянат, запытаў у загадчыцы раённага метадычнага кабінета аддзела адукацыі Ганны Яўгенаўны Саўчык.

— Думаю, што адкрыццём турніру стала каманда «Кін­дэры з сюрпрызам» з Камароўскай школы. Гэтыя вучні зрабілі вялікі крок у інтэлектуальным развіцці. І яшчэ такое адкрыццё. Бывае, нашы знаўцы памыляюцца на лёгкіх пытаннях: дзе не чакаеш ад іх, там яны і аступаюцца. Сёння былі пытанні, на якіх вучні не адказалі, але, лічу, гэта стымул для далейшага развіцця.

Увогуле, мяркую, што ўсім зацікаўленым ведамствам трэба больш удзяляць увагі інтэлектуальным гульням. Бо дзецям гэта цікава і, канечне, дапамагае ў інтэлектуальным развіцці. У нас з кожным годам расце колькасць камандаў, якія ўдзельнічаюць у чэмпіянаце. Нават і сёння прыязджалі пагля­дзець на гульню прадстаў­нікі тых школ, якія пакуль не бяруць удзел. Можа, у наступным навучальным годзе і яны далучацца да інтэлектуальнага руху.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

Фота аўтара.