Цікава ў лагеры «Вясёлка»

281

Цікава ў лагеры «Вясёлка»СЁННЯ далёка не кожная ўстанова адукацыі можа пахваліцца вопытам арганізацыі на сваёй базе лагера працы і адпачынку для падлеткаў у летні перыяд. Звязана гэта ў першую чаргу з пошукам наймальнікаў, якія пагадзіліся б супрацоўнічаць са школай. Як паказвае практыка, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый не вельмі жадаюць бачыць у якасці сваіх работнікаў непаўналетніх: адказнасць павышаецца ў разы, а час, які, згодна з заканадаўствам, дазволена працаваць школьнікам, не такі ўжо і працяглы — 4 гадзіны. Аднак адміністрацыя сярэдняй школы №2 г. Мядзела ўжо другі год арганізоўвае такі лагер працы і адпачынку.

— Яшчэ ў красавіку дырэктар школы Людміла Станіславаўна Семяновіч звярнулася да нас з просьбай, каб дзеці ў час летніх канікулаў змаглі аказаць дапамогу жыллёва-камунальнай гаспадарцы ў добраўпарадкаванні горада і зарабіць, як кажуць, кішэнныя грошы, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара раённага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Мядзельская жыллёва-камунальная гаспадарка» Іна Альфонсаўна Толак, якая курыруе пытанні добраўпарадкавання і жыллёвага фонду. — У рамках працоўнага лагера дзеці былі заняты на добраўпарадкаванні горада. Адзначу, што ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі з адказнасцю адносіліся да выканання даручаных заданняў. Яны грабілі траву, чысцілі тратуарныя дарожкі, навялі парадак у скверы «Маладзёжны», ля амфітэатра. Працавалі таксама ў парку ў Старым Мядзеле, добраўпарадкавалі пляжную зону ў горадзе, палолі кветкі. Ды ўсё адразу і не ўспомніш. Адно скажу, гэта добрыя, працавітыя, шчырыя падлеткі. А прыклад яны бяруць са сваіх настаўнікаў. І сёлета, і летась вучні гэтай школы на чале з педкалектывам актыўна працавалі і працуюць на добраўпарадкаванні парку ў Старым Мядзеле. Вялікі ім дзякуй за дапамогу гораду.

— А ці шмат заробяць дзеці? — цікаўлюся.

— У адпаведнасці з заключаным дагаворам падлеткі працуюць чатыры гадзіны ў дзень. За кожную гадзіну ім выплачваецца 13 тысяч рублёў. Такая тарыфная стаўка ў рабочых па добраўпарадкаванні, дворнікаў, такая аплата працы і для дзяцей, — чую ў адказ.

Іна Альфонсаўна паведаміла, што падобны лагер арганізаваны і на базе Нарацкай сярэдняй школы №2. Там хлопчыкі і дзяўчынкі завіхаюцца на добраўпарадкаванні курортнага пасёлка Нарач.

— Мы будзем рады супрацоўнічаць з такімі працавітымі дзецьмі і ў наступным годзе. Дзякуй ім за старанне і руплівасць, — дадала на развітанне суразмоўца.

Расказаць крыху пра лагер працы і адпачынку папрасіў выхавальніка Фёдара Фёдаравіча Цывільку.

— Наш лагер называецца «Вясёлка». Наведваюць яго дваццаць хлопчыкаў і дзяўчынак з 8 «А» і 8 «Б» класаў другой школы горада Мядзел. З кожным вучнем заключаны працоўны дагавор. Кожны дзень да нас прыязджаюць прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і даюць заданне, — расказвае ён. — Якія работы выконвалі? Розныя: наводзілі парадак на гарадскім пляжы, амфітэатры, зграбалі траву, ачышчалі тратуарныя дарожкі. Працавалі ў скверыку насупраць пажарнай аварыйна-выратавальнай часці. Палолі кветнікі вертыкальнага азелянення ўздоўж вуліцы Юбілейная.

— Каго хочаце адзначыць? — цікаўлюся.

— Не, выдзеліць некалькі чалавек немагчыма. Усе стараюцца, працуюць дружна. Словам, малайцы! — чую ў адказ.

Вось так, весела і цікава, з карысцю для горада і для сябе праводзяць летнія канікулы васьміклас¬нікі СШ №2 г. Мядзела ў лагеры «Вясёлка».

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: члены лагера працы і адпачынку «Вясёлка».

Фота Георгія Прысмакова.