Ранішнік да свята роднай мовы правялі ў Камароўскай школе

288

Ёсць напрыканцы лютага цудоўны Міжнародны дзень — свята роднай мовы. Праводзіцца ён найперш для таго, каб нагадаць людзям усіх краін, як важна шанаваць свае карані, традыцыі. А таксама родную мову, бо яна — неад’емная частка жыцця на­цыі. Услухайцеся, як велічна гучаць словы Францішка Багушэвіча: «Мова — душа народа».

Мы таксама з гэтай нагоды правялі ранішнік пад назвай: «Мілагучнае роднае звонкае слова». І аддавалі падчас яго даніну павагі нашай беларускай мове. У школу на мерапрыемства завітала бібліятэкар Камароўскай сельскай бібліятэкі
М. І. Анішчанка. Як заўсёды, Марыя Іванаўна прыйшла да нас не з пустымі рукамі, а з кнігамі. Былі сярод іх і пры­свечаныя роднай мове. З цікавасцю праслухалі мы трапныя выказванні пра яе беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. А як прыгожа гучалі прыказкі, прымаўкі, жарты!  Яны перадаваліся з пакалення ў пакаленне на матчынай мове і захаваліся  да нашых дзён.

Акрамя таго, Марыя Іванаўна расказала пра лёс пісьменніка і паэта У. Дубоўкі. Яго імя зараз носіць Мядзельская САШ №1, дзе  ў свой час вучыўся пісьменнік і паэт. Даведаліся мы ад шаноўнай госці, што аўтарам празаічнага твора «Жоўтая акацыя», напісаным для дзяцей малодшага ўзросту, з’яўляецца Уладзімір Мікалаевіч. А для больш дарослых чытачоў ён напісаў паэму, у аснову якой паклаў сумны аповед пра Браніславу. Яна загінула на беразе возера Нарач, замураваная ў цагляны слуп. Гэта было пакаранне за тое, што не ўберагла княжацкае дзіця, якое да­глядала. Малеча ўтапілася, вінаватай у трагедыі палічылі дзяўчыну і люта расправіліся з ёй.

Складаным быў лёс і Уладзіміра Дубоўкі. У свой час ён перажыў ссылку, зведаў іншыя выпрабаванні.  Летам мінулага года адзначаўся 110-гадовы юбілей гэтага слаўнага творцы. Радзіма ж яго знаходзіцца вельмі блізка ад нашай мясцовасці. Гэта вёска Агароднікі, што на Пастаўшчыне. Там нават захаваўся дом, дзе жыў паэт.

Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі пяцікласнікі іх класны кіраўнік Р. Э. Ціхая. Рэгіна Эдуардаўна, падводзячы вынікі змястоўнай размовы, якая адбылася між вучнямі і дарослымі, падкрэсліла, што кожная краіна шануе нацыянальную мову. Абавязак і нас, беларусаў, любіць і паважаць сваю родную мову.

Вольга ЛАВЕЦ.

Вучаніца 5 класа

Камароўскай САШ.