Пра час, клас і пра сябе разважаюць настаўнікі (частка другая. Расказвае Леанід Краўчонак)

617

СЁЛЕТА па васьмі прадметах сярэдні бал цэнтралізаванага тэсціравання нашых выпускнікоў вышэйшы за абласны, па сямі — за рэспубліканскі. Некаторыя юнакі і дзяўчаты маюць у сертыфікатах ЦТ больш як 90 балаў, ёсць і адзін стабальнік. Сёння — слова педагогам, якія маюць да гэтых поспехаў самае непасрэднае дачыненне. Бо вядома, што ў кожнага таленавітага ды стараннага вучня абавязкова быў не менш таленавіты і працавіты настаўнік.

Пра час, клас і пра сябе разважаюць настаўнікі (частка другая. Расказвае Леанід Краўчонак)

Леанід КРАЎЧОНАК, настаўнік англійскай мовы Нарацкай СШ №2:
— Працую настаўнікам англій­скай мовы вось ужо саракавы навучальны год. Ён жа будзе і апошнім у маёй педагагічнай кар’еры. Вельмі доўга думаў, каб прыйсці да такога няпростага рашэння. За гэтыя гады было шмат добрага і прыемнага. Па-першае, лёс звёў з тытанамі мядзельскай педагогікі — Іванам Іванавічам Якімцом, Валянцінам Цімафеевічам Гаронам і Мяфодзіем Міхайлавічам Чарняўскім. Тры волаты нашай адукацыі. Менавіта іх прыклад прымусіў мяне застацца ў прафесіі на ўсё жыццё. Па-другое, каб не быў настаўнікам, не было б у мяне найлепшай жонкі і такіх цудоўных дачок. Па-трэцяе, не было б такіх удзячных вучняў. Некалькі год таму захацеў падлічыць, колькі з іх абрала англійскую мову сваёй прафесіяй. Далічыў да пяцідзесяці і збіўся з ліку. Так што, напэўна, працаваў не дарэмна.
Чаму вырашыў у гэтым навучальным годзе закончыць працу ў школе? Па-першае, праз два месяцы надыдзе пенсійны ўзрост. Па-другое, фактар эмацыянальнага выгарання — зусім не пустыя словы. Працаваць, поўнасцю аддаючыся справе, з кожным годам усё цяжэй. Саступлю дарогу маладым.
Чаму стаў настаўнікам? Рашэнне далося няпроста, бо захапляюся рознымі рэчамі. У мяне два старэйшыя браты — родны і стрыечны — лётчыкі. Разважаў: можа, і мне ў лётчыкі пайсці? Займаўся баскетболам — думаў: можа, стаць спартсменам? Але ж быў у Будслаў­скай школе настаўнік англійскай мовы — Леў Мікалаевіч Яновіч. Я яму вершы пісаў! Калі бачыў узімку, як ён у кажушку ідзе (тады была драўляная школа, два корпусы), думаў: які разумны чалавек! От бы і я так некалі хадзіў! Вырашыў паступаць у інстытут замежных моў.
Апошнія пяць год выпускнікі вельмі радуюць мяне, паказваючы на ЦТ вынікі, вышэйшыя за 90 балаў. Гэтым летам такіх было трое. 96 балаў набрала Паліна Яноўская, 95 — Лада Юркевіч і 93 — Аліна Байко. Дзве з іх звязалі лёс з анг­лійскай мовай — паступілі на прэстыжныя факультэты ў лінгвістычны і эканамічны ўніверсітэты.
Лічу, галоўная задача настаўніка не ў тым, каб даць пэўныя веды — а ў тым, каб навучыць самастойна іх здабываць. Тады яму застанецца толькі накіроўваць працу, а моцнаму вучню не спатрэбяцца ніякія рэпетытары. Не магу зразумець, калі настаўнік працуе з дзецьмі на ўроку, а потым кліча іх жа на рэпетытарства і бярэ за гэта з бацькоў грошы. Ніколі не пагаджуся, што школа не павінна рыхтаваць да цэнтралізаванага тэсціравання. Нас жа бацькі не зразумеюць: як гэта можа быць, што ў атэстаце “9” ці “10”, а на ЦТ бал не вышэйшы за 60-70? Мяркую, што некаторыя настаўнікі са мной не пагодзяцца — гэта іх справа.
Канечне, высокія вынікі самі па сабе не прыйдуць. Калі настаўнік не можа выканаць заданні ЦТ на 100 балаў, дык і дзяцей не навучыць. Трэба пастаянна ўдасканальвацца. Вучні хутка разбяруцца, калі настаўнік не працуе над павышэннем прафесійнага ўзроўню. Асабліва па замежнай мове. Для мяне гэта прынцыпова. І ў той жа час буду вельмі рад, калі вучань у нечым апярэдзіць мяне, нават калі гэта здарыцца праз некалькі год пасля заканчэння школы. Такія выпадкі былі, і я ўспрымаю гэта як узнагароду за працу.
Хачу падзякаваць настаўнікам англійскай мовы нашага раёна — сапраўдным майстрам сваёй справы. Гэта найперш Лідзія Міхайлаўна Анішкевіч, Алена Мікалаеўна Калясень, Ніна Аляксандраўна Сысоенка, Людміла Мікалаеўна Лашук. З вамі было вельмі прыемна працаваць. Дзякуючы менавіта вам наш раён у справе выкладання англій­скай мовы далёка не апошні ў вобласці. І, канечне, шчырыя віншаванні маёй найлепшай маладой сяброўцы, настаўніцы нашай школы Аляксандры Рэнатаўне Апелінскай. Чароўнай Аляксандры, вучань якой першы ў раёне набраў 100 балаў на ЦТ па англійскай мове (а такіх вынікаў сёлета па ўсёй краіне толькі 42!). Аляксандра вельмі адораны і рознабаковы чалавек, пры­ехала ў Нарач са сталіцы. Раёну бу­дзе недаравальна, калі адпусціць такога спецыяліста назад у Мінск.
Шкада, што з маладых настаўнікаў у школе застаюцца адзінкі. Кажуць, не вельмі прэстыжная прафесія. Але што будзе, калі сыдуць прадстаўнікі “старой савецкай школы”? Прадказаць не бяруся. Застаецца спадзявацца, што праз колькі год вырастуць прахадныя балы на педагагічныя спецыяльнасці. Бо без настаўніка няма будучыні. Гэта павінны зразумець усе.
Запісала Наталля ЛІСІЦКАЯ.