Парк мяняе аблічча

228

Парк мяняе абліччаТРЭЦІ год наша школа працуе над педагагічным праектам «Узнаўленне і рэканструкцыя помніка прыроды раённага значэння «Парк Стары Мядзел». Школа суседнічае з ім, а таму не маглі застацца абыякавымі да таго, у якім ён стане знаходзіцца. Асноўная наша задача — ачысціць парк ад галля, парасткаў, зараснікаў хмызняку, ад хворых і паламаных дрэў, вывучыць і апісаць арганічны свет, правесці акцыі па яго ахове і зберажэнні з мэтай выкарыстання магчымасцей аб’екта для экалагічнага, эстэтычнага, працоўнага выхавання вучняў школы.

Усю практычную дзейнасць там школа праводзіць у цесным супрацоўніцтве з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, УП «Мя­дзельская ЖКГ». Навуковым кансультантам з’яўляецца доктар біялагічных навук, прафесар БДУ Васіль Вітальевіч Грычык. Зараз, калі звярнуць увагу толькі на знешні выгляд гэтага куточка прыроды, бачна, што зрухі ў лепшы бок ёсць.

Парк займае частку марэннага ўзгорка. Глебы тут дзярнова-падзолістыя, сугліністыя. За тры гады назірання высветлілі, што сярэдняя гадавая тэмпература тут +5,30С, гадавая колькасць ападкаў — 665 міліметраў.

Падчас работы над праектам праводзілі маніторынгі фізічнага стану, арганічнага свету парку, з мэтай выяўлення хворых, старых дрэў для замены іх на маладыя пасадкі. Дрэвы, якія патрэбна было выдаляць, Мядзельская ЖКГ спілавала і вывезла, а на іх месцы намі пасаджана па 10 саджанцаў каштана, ліпы драбналістай і дуба чырваналістага.

Па выніках вывучэння расліннага свету аформілі «Атлас дрэў і хмызняку парку Стары Мядзел» і «Атлас лекавых раслін парку». Зараз ведаем , што тут растуць дрэвы і хмызнякі 9 сямействаў. Старамя­дзельскі парк — прыродны комплекс, для якога характэрны ліставыя дрэвы, тыповыя для нашай мясцовасці: ліпа, клён, ясень, бяроза, таполя. Аднак у парку ёсць і рэдкія насельнікі, якія сустракаюцца ў Заходняй Еўропе і Кітаі: ядловец казацкі, бэз венгерскі, шпірэя японская, таполя бальзамічная. Усе дрэвы і хмызнякі адносяцца да класу двухдольных.

Надглебавая пакрыва ўтвараюць розныя віды аднадольных злакаў: мятлік лугавы, купкоўка зборная. Шмат лекавых раслін: падтыннік, сардэчнік, падбел, трыпутнік вялікі. Сабраны матэрыял пра раслінны свет выкарыстоўваецца пры правя­дзенні вучэбных заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў па экалагічнай тэматыцы.

На тэрыторыі парку знаходзяцца тры станцыі гарадской экалагічнай сцяжынкі: «Парк», «Калонія гракоў», «Касцёл Маці Божай Шкаплернай». Па кожнай станцыі сабраны матэрыял і праводзяцца экскурсіі вучнямі старэйшых класаў. Для наведвальнікаў групы падоўжанага дня і вучняў пачатковых класаў распрацаваны экскурсіі «Падарожжа ў вясну» і «Залатая восень». Падчас іх адбываецца больш глыбокае знаёмства з сезоннымі з’явамі ў арга­нічным свеце.

У рамках заданняў грамадскай арганізацыі АПБ кожны год праводзім зімовы ўлік птушак. Членамі гуртка «Крылаты дазор» зроблена і павешана 12 штучных гнёздаў (акцыя «Падары птушкам домік»). Стала традыцыяй удзельнічаць у акцыі «Пакармі птушак зімой». У красавіку правялі маніторынг відавога складу птушак, якія насяляюць або прылятаюць у парк. Тут гняздуюцца шпакі, сініца вялікая, сініца-лазараўка, мухалоўка, пліска, дружна цвыркаюць вераб’і, стракочуць сарокі, лечыць дрэвы вялікі дзяцел. Асаблівую ўвагу прыцягвае калонія гракоў, якая налічвае 120 гнёздаў, многія з іх шматпавярховыя. Дзякуючы шматгадовым назіранням, высветлілі, што прылятаюць яны да нас у перыяд з 13 па 23 сакавіка. Прытым адразу з’яўляюцца разведчыкі, а праз тыдзень — усе астатнія.

Кожную вясну праводзяцца рэйды, растлумачальная работа па захаванні першацвету. Магчыма, таму вясной у парку квітнеюць вераніка дуброўная, ландыш майскі — расліны, якія з’яўляюцца чырванакніжнікамі. У школе працуе лектарская група, якая выкарыстоўвае напрацаваны матэрыял у сваіх выступленнях перад вучнямі.

Двойчы ў год вучні і супрацоўнікі школы прыбіраюць у парку лісце, сухія галінкі. Увогуле, у апошнія гады ён змяніў сваё аб­лічча. З’явіліся лаўкі для адпачынку, скрыні для смецця, гараць ліхтары. Стала прыемна пасядзець, паслухаць спевы птушак, падыхаць свежым паветрам. Многія дрэвы пакрыты лішайнікам, а гэта сведчанне таго, што экалагічны стан нашай мясцовасці добры. Вучні бачаць вынікі сваёй працы, таму імкнуцца не парушаць тое, што створана іх рукамі. Аднак не ўсё так цудоўна, як бы нам хацелася. Часта, асабліва пасля выхадных, даводзіцца разграбаць тое, што засталося ад «адпачынку дарослых»: бутэлькі, пачкі ад цыгарэт, рэшткі ежы. Хацелася б, каб яны больш цанілі працу сваіх дзяцей, паказвалі прыклад беражлівых адносін да роднай прыроды, да гэтага цудоўнага куточка нашага горада.

Л. ТАРАЗЕВІЧ.

Настаўнік біялогіі ДУА «Мядзельскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі/сад-сярэдняя школа», кіраўнік праекта.