Гонар настаўніка — яе вучні

247

rotation-of-p1180021У Старлыгскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-САШ займаецца нямала старанных вучняў. Сярод іх і адзінаццацікласнік Арцём Харашэй. Хлопец адказна адносіцца да падрыхтоўкі дамашніх заданняў па ўсіх прадметах. І хоць дысцыпліны даюцца юнаку аднолькава лёгка,  але найбольш ён лю­біць гісторыю. Арцёму падабаецца знаё­міцца з жыццём людзей, якія пражывалі ў розныя гады і эпохі, іх бытам, сферай заняткаў. З задавальненнем ён вывучае звест­­кі пра сваю Ра­дзі­му — Рэспубліку Беларусь. Прымае актыўны ўдзел у алімпіядах па гэтым прадмеце. Прычым, да­волі вынікова. Так, у мінулым навучальным годзе заняў на раённай алімпіядзе трэцяе месца, а ў бягучым — другое. У складзе каманды ад раёна адстойваў гонар Мядзельшчыны на абласным узроўні, дзе выступіў даволі нядрэнна.

Захапленне гісторыяй перадалося вучню ад яго настаўніцы
А. К. Кумішча. Алена Канстан­цінаўна родам з Княгініна. У 1993 годзе закончыла гістарычны факультэт Магілёўскага педінстытута імя А. А. Куляшова. Па размеркаванні прыехала на радзіму. Калегі па працы лічаць яе чалавекам творчым, ініцыятыўным, неабыякавым. Любяць педагога і дзеці. За адкрытасць, шчырасць і душэўнае цяпло. Сама ж настаўніца, наогул, не ўяўляе сябе без школы. Яна пераканана, што педагагічная дзейнасць — яе прызванне, справа ўсяго жыцця.

Як паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Старлыгскага ВПК дзіцячы сад-САШ Наталля Браніславаўна Вяршыла, урокі гісторыі, якія вядзе
А. К. Кумішча, заўсёды праходзяць вельмі цікава. На іх вучні атрымліваюць пастаянна значна больш інфармацыі, чым прадугледжана па праграме. Для гэтага настаўніца выкарыстоўвае розныя крыніцы, у тым ліку інтэрнэт, спецыяльную гістарычную літаратуру. Усё, што ведае сама, Алена Канстанцінаўна стараецца перадаць сваім вучням. І вельмі задаволена, калі бачыць, што яе прадмет падабаецца школьнікам, а Арцёма Харашэя ўвогуле лі­чыць сваім паслядоўнікам. Педагог упэўнена, што з часам з хлопца атрымаецца нядрэнны гісторык. А ён сапраўды збіраецца звязаць свой лёс з гэтай навукай. Па крайняй меры, пасля заканчэння сярэдняй школы хоча паступаць на гістарычны факультэт.

У сям’і Харашэяў руплівасцю вызначаецца і шасцікласніца Ліза. Дзяўчынка стараецца ў вучобе не адстаць ад свайго старэйшага брата. Па ўсім бачна, цяга да ведаў у іх ад бацькоў. І Наталля Францаўна, і Юрый Станіслававіч вялікую ўвагу ўдзяляюць сыну і дачцэ. Пастаянна цікавяцца іх вучобай, паводзінамі. У выхадныя дні мама і тата шмат часу праводзяць разам з роднымі крывінкамі, чытаюць кнігі, адпачываюць. У многім дзякуючы неабыякавасці бацькоў Арцём і Ліза растуць працавітымі і добразычлівымі. Яны з дзяцінства адказваюць за свае ўчынкі, стараюцца ніколі не падводзіць маму і тату. А яшчэ яны з’яўляюцца добрым прыкладам для равеснікаў і ў школе, і дома.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: адзінаццацікласнік Старлыгскага ВПК дзіцячы сад-САШ Арцём Харашэй.

Фота Таццяны Несцярэнка.