«Алімпіяда — вельмі каштоўны і патрэбны вопыт»

383

pict332811Вучаніца гімназіі №1 Мядзела Юлія Грышкевіч не так даўно вярнулася з рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Выступіла там вельмі ўдала: заваявала дыплом І ступені. І гэта не першы яе поспех: сёлета было першае месца на абласной алімпіядзе, а ў мінулым годзе атрымала дыпломы ІІ ступені на абласной і рэспубліканскай алімпіядах.

— Калі пачалі сур’ёзна вывучаць родную мову?

— Гады тры таму. А зацікавіла настаўніца Вольга Іванаўна Грыбовіч. Адразу не спадзявалася, што так сур’ёзна буду займацца. Але паўдзельнічала ў раённай
алімпіядзе — і нічога не атрымалася. Гэта быў штуршок, каб рухацца наперад, больш вучыць і ведаць і, магчыма, у наступным го­дзе дасягнуць нейкіх вынікаў.

— Мяркую, рыхтуецеся не толькі ў час алімпіяд?

— Усё ж найбольш сур’ёзная падрыхтоўка ідзе перад алімпіядамі і на зборах. Напярэдадні алім­піяд каманду вобласці запрашаюць у Інстытут развіцця адукацыі, даюць сур’ёзны матэрыял. А ў іншы час — чытаю літаратуру, скажам, часопіс «Роднае слова» друкуе вельмі добрыя матэрыялы, з іх дапамогай можна падрыхтавацца. Але ж не ведаеш, што трапіцца, таму даво­дзіцца чытаць усё агулам.

— Што трэба, каб так добра выступаць на алімпіядах?

— Хутчэй за ўсё — любіць тое, што ты робіш, імкнуцца да пастаўленай мэты. Калі хочаш гэтага, калі ёсць натхненне і жаданне, абавязкова дасягнеш сваёй мэты.

—     Юлія, што такая сур’ёзная ўвага да роднай мовы табе дае?

—     Найперш, развіццё як асобы. Лічу, што кожнаму беларусу трэба ведаць родную мову, вывучаць яе, чытаць па-беларуску. Гэта не толькі ідзе з глыбіні душы чалавека, але і нацыянальная самасвядомасць абуджаецца. А яшчэ гісторыю сваёй краіны, зразумела, будзеш лепш ведаць, бо нашы пісьменнікі шмат пісалі на гістарычную тэму.

— Ты ўжо заканчваеш 11-ы клас, сур’ёзна задумваешся пра будучую прафесію…

— Не ведаю, ці буду паступаць на філалагічны факультэт, але што буду чытаць, размаўляць па беларуску, то гэта дакладна. Сто балаў па беларускай мове на тэсціраванні ўжо ёсць.

— Прыгадай, з чаго складаецца рэспубліканская алімпіяда.

—     У ёй — тры конкурсы. Першы — водгук на мастацкі твор. Даецца твор, тры гадзіны пішаш водгук, не толькі пра тое, што адчуваеш, але і праводзіш аналіз з літаратурнага боку. Другі — лінг­вістычны конкурс з разнастайнымі заданнямі. Пачынаючы ад таго «Хто такі быў Насовіч», да таго, што трэба назваць аўтара пэўных радкоў. Больш за ўсё люблю гэты конкурс: над заданнямі  можна падумаць, пакруціць як галаваломку — мне такое падабаецца. І яшчэ вуснае выказванне. У білеце адно заданне, звязанае з літаратурай, іншае — з паўсядзённым жыццём. Асабліва першы раз гэта здаецца самым складаным заданнем. Уявіце: сядзяць тры чалавекі, цябе здымае відэакамера, і трэба штосьці расказваць.

Хочацца адзначыць вось што. Гэта спачатку здаецца, што рэспубліканская алімпіяда — толькі для вялікіх розумаў, амаль геніяў. Але з’ездзіла ўпершыню, зразумела, што і такія, як я, могуць удзельнічаць. Алімпіяда — гэта вельмі каштоўны і патрэбны вопыт. Да ўсяго ты можаш знайсці там новых сяброў, з некаторымі перапісваемся ў інтэрнэце.

— Апроч таго, што трэба для па­спяховага ўдзелу ў алімпіядах,
для душы ці чытаеш па-беларуску?

— Так. Чытаю і класіку, і творы сучасных аўтараў, нават не вельмі вядомых — пачаткоўцаў, студэнтаў філфака. Яны нешта новае прыносяць з нашага часу, і гэта заўсёды цікава чытаць. Любімы аўтар — Уладзімір Караткевіч. Вельмі ўразіў яго твор «Каласы пад сярпом тваім». Слухаю беларускую музыку, вядомыя і малавядомыя гурты, з творчасцю якіх пазнаёмілі сябры.

Вельмі хочацца, каб у грамадстве больш увагі ўдзялялі беларускай мове, больш людзей размаўляла на ёй, асабліва моладзь. Радуе, што шмат выпускнікоў выбірае на цэнтралізаваным тэсціраванні беларускую мову. Хочацца пажадаць усім поспехаў на тэсціраванні і выпускных экзаменах.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

На здымку: Юлія Грышкевіч.

Фота аўтара.