А знайшоў сябе ў школе!

166

А знайшоў сябе ў школе!НЕ САКРЭТ, што ў кожнага з нас прафесія займае значнае месца ў жыцці. Толькі па-рознаму да яе ідуць людзі. У адных выбар сферы дзейнасці — грунтоўны, асэнсаваны, прысвяціць сябе якому мараць яшчэ з дзяцінства. А таму і прыносіць работа радасць і задавальненне. Іншыя ж чамусьці не могуць адшукаць адразу нешта сваё. Вось і перабягаюць з месца на месца, каб спыніцца нарэшце на той, адзінай спецыяльнасці, да якой бу¬дзе ляжаць душа, толькі, на жаль, не заўсёды знаходзяць яе… А ёсць і нямала тых, хто працуе добрасумленна, стараецца, хоць, здавалася б, гэта не іх справа, проста прывыклі, прызвычаіліся.

Герой маёй публікацыі (размова ідзе пра Антона Світу) да такіх не адносіцца, хоць і ён не адразу знайшоў сваё прызванне. Напачатку працаваў у сельскай гаспадарцы. У тагачасным саўгасе “Восаўскі” быў інжынерам: па тэхніцы бяспекі, па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку, спецыялістам па кормавытворчасці. Хлопец ён быў на рэдкасць шчыры, руплівы. Да таго ж меў за плячыма незакончаную вышэйшую адукацыю (вучыўся ў свой час завочна ў Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі), вызначаўся адказнасцю, прынцыповасцю. Ды і ўскладзеныя службовыя абавязкі выконваў добрасумленна, з веданнем справы, за што і паважалі яго ў калектыве. І да грамадскай работы ставіўся з душой. Некалі быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, узначальваў таксама прафсаюз. Меў і ўласную пазіцыю па многіх пытаннях, што таксама было немалаважна. З ім лічыліся працаўнікі гаспадаркі, ставіла ў прыклад іншым спецыяліста і кіраўніцтва саўгаса.Але нечакана для многіх, толькі не для сябе, Антон Францавіч вырашыў памяняць прафесію. Не, яму, простаму вясковаму хлопцу, не надакучыла работа ў сельгасвытворчасці, ніколі не цураўся ён сялянскай працы, проста душа прагла іншага. Яму так хацелася працаваць у школе, з дзецьмі, даваць ім грунтоўныя веды. Весці прыступка за прыступкай, з класа ў клас, рыхтуючы да дарослага, самастойнага жыцця. І ён у 1985 годзе паступае вучыцца завочна ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Леніна на філалагічны факультэт з правам выкладання беларускай і рускай моў і літаратуры. Закончыўшы яго, да 2005 года працаваў у Восаўскай школе. Быў выхавальнікам групы падоўжанага дня, выкладаў музыку, чарчэнне, працу, а таксама родную беларускую мову і літаратуру. З першых дзён работы тут знайшоў ключык да дзіцячых сэрцаў. Яны цягнуліся, гарнуліся да настаўніка, адказваючы яму павагай і любоўю за шчырасць і ўвагу. Карыстаўся педагог аўтарытэтам і сярод калег. Не так шмат у вясковых, нават і ў гарадскіх школах мужчын. А калі ты безадмоўны і добрасумленны — то ўвогуле знаходка для навучальнай установы.

Пасля закрыцця школы ў Восаве, Антона Францавіча Світу перавялі на работу ў Крывіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-СШ. Адразу выкладаў рускую мову і літаратуру. А пасля яму прапанавалі пасаду сацыяльнага педагога.

— Работа гэта надзвычай адказная, клапатлівая, — кажа галоўны спецыяліст па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Канстанцінаўна Яцына. — Тут, як нідзе, патрэбны адказнасць, неабыякавасць за лёс дзяцей. А яшчэ вельмі важна мець вялікае, добрае сэрца, адкрытае іншым. Менавіта такім чалавекам якраз і з’яўляецца Антон Францавіч Світа. Напэўна, таму ў яго ўсё і атрымліваецца. Нездарма мы яго часта ставім у прыклад іншым сацыяльным педагогам.

— Як працуецца на такой няпростай пасадзе? — пацікавілася ў героя маёй публікацыі.

— Нармальна. Работа сапраўды цікавая і, разам з тым, вельмі адказная. Трэба ведаць, як жывуць дзеці, асабліва з недобранадзейных, мнагадзетных сем’яў. Як харчуюцца, чым займаюцца, ці ўдзяляюць ім увагу бацькі. Седзячы ў кабінеце, пра гэта не даведаешся. Таму часта наведваю такія сем’і, абследую ўмовы пражывання, гутару з дзецьмі, дарослымі.

На момант нашай размовы з сацыяльным педагогам у Крывіцкім ВПК дзіцячы сад-СШ знаходзіліся на ўліку 4 сям’і, аднесеныя да катэгорыі сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. А пражывала ў іх 11 дзяцей. Патрэбна было чуць, з якой цеплынёй Антон Францавіч гаварыў пра ўсіх сваіх падапечных. Адчувалася, што яму неабыякавы лёс кожнай сям’і. За ўсіх дзетак, якія там выхоўваюцца, баліць яго сэрца. Хвалюецца і за гора-бацькоў, якія неналежным чынам адносяцца да выхавання сваіх родных крывінак, гутарыць з імі, стараецца даць слушную параду, нацэліць, каб на першым месцы былі менавіта дзеці. І тут жа даведалася, што карпатлівая праца дае свой плён. Што да канца гэтага месяца тры сям’і з катэгорыі сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, збіраюцца здымаць з уліку. Гэта не можа не радаваць.

— Што ж бы я адзін зрабіў, — гаворыць мой суразмоўца. — Абсалютна нічога, калі б не дапамога класных кіраўнікоў, адміністрацыі навучальнай установы. Прыцягваю ў памочнікі і асобных бацькоў. Даволі вынікова ў нас працуе і настаўніцка-бацькоўскі патруль. А што датычыць дзяцей, то атрымліваецца ў мяне з імі наладзіць цесны кантакт, слухаюцца яны мяне ва ўсім, давяраюць, што таксама вельмі дапамагае ў рабоце. Калі пачынаў працаваць сацыяльным педагогам, 13 вучняў школы было на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх раённага аддзела ўнутраных спраў, а зараз — ніводнага. Ніхто не стаіць у нас і на ўнутрышкольным кантролі. Пытанні ўвогуле ўзнікаюць, але стараемся вырашаць іх спакойна, дыпламатычна. Напачатку вывучаем дэталёва сітуацыю, а пасля ўжо прымаем нейкія меры. Вядома, у кожным канкрэтным выпадку свае.

Заўважыла ў кабінеце, дзе працоўнае месца сацыяльнага педагога, пакеты з адзеннем. І тут жа пачула тлумачэнне, што гэта вопратка, абутак, іншыя рэчы, якія прыносяць людзі, каб дапамагчы малазабяспечаным сем’ям. Ёсць у Крывіцкім сельсавеце і бежанцы з Украіны. Чацвёра дзетак, якія прыехалі з бацькамі з Луганска, Данецка, наведваюць мясцовую сярэднюю школу. Усім ім таксама імкнуцца прыйсці на выручку жыхары гарадскога пасёлка і навакольных вёсак. Акрамя таго, педагог адказвае за арганізацыю харчавання дзяцей, а таксама за іх падвоз у навучальную ўстанову і назад дадому. А гэта таксама не такі ўжо і малы ўчастак работы.

Скажу па шчырасці, мне было вельмі прыемна сустрэцца з Антонам Францавічам. Ведаю яго даўно, але неяк не даводзілася раней убачыцца. Адзначыла пра сябе, што ён ніколькі не змяніўся. Застаўся такім жа сціплым, добразычлівым, актыўным, энергічным, як і шмат год таму. Яго жыццёвай мудрасці, упэўненасці можна па-добраму пазайздросціць, ды і, безумоўна, шмат чаму павучыцца. Дай Бог, каб такіх людзей, адданых абранай справе і сваёй Радзіме, было сярод нас яшчэ больш. Каб нам было з каго браць прыклад, на каго раўняцца.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: сацыяльны педагог Крывіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-СШ Антон Францавіч Світа.

Фота Георгія Прысмакова.