Заслужанае пакаранне

169

Заслужанае пакараннеПРАВААХОЎНЫМІ органамі раёна да крымінальнай адказнасці прыцягнуты Артур Дуброўскі. Ён 30 жніўня 2014 года каля 2-х гадзін ночы, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, знаходзячыся па месцы жыхарства, у ходзе сваркі, узнікшай на глебе асабістых непрыязных адносін, наўмысна нанёс адзін удар нажом у спіну бацьку Алегу Дуброўскаму. І тым самым прычыніў яму цялесныя пашкоджанні ў выглядзе колата-рэзанай раны задняй паверхні грудной клеткі справа, пранікаючай у правую плеўральную поласць з пашкоджаннем правага лёгкага і міжрэберных сасудаў, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх цялесных пашкоджанняў па ацэнцы небяспекі для жыцця.

Артур Дуброўскі, 19 студзеня 1993 года нараджэння, ураджэнец в. Нарач Мядзельскага раёна, пражываў разам з бацькамі. Доўгі час нідзе не працаваў, злоўжываў алкаголем. З 2013 года знаходзіўся на прафілактычным уліку ў Нарацкім сельвыканкаме, як асоба, схільная да ўжывання спіртных напіткаў і працяглы час нідзе непрацуючая.

Як было ўстаноўлена пры правядзенні папярэдняга расследавання, а таксама пры разглядзе крымінальнай справы ў судзе, усе члены сям’і Дуброўскіх злоўжывалі алкаголем. На гэтай глебе якраз і ўзнікла ноччу 30 жніўня бягучага года канфліктная сітуацыя адразу паміж мужам і жонкай, а затым паміж бацькам і сынам. Вынікам яго і стала ўчыненне цяжкага злачынства на аснове асацыяльных паводзін.

17 лістапада 2014 года адбылося пасяджэнне суда раёна, па прыгаворы якога Артур Дуброўскі быў прызнаны вінаватым у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, гэта значыць, небяспечнага для жыцця. І яму на падставе часткі 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь было назначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 4 гады з адбыццём яго ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Вывад з расказанага вышэй адзін: адсутнасць паміж членамі сям’і ўзаемаразумення, узнікненне між імі з-за злоўжывання спіртным сварак і скандалаў ні да чаго добрага не прыводзіць. Вынікам такіх асацыяльных паводзін можа стаць не толькі прычыненне шкоды здароўю пацярпеўшым ад злачынных дзеянняў асобам, але і пазбаўленне іх жыцця. А за гэта, дарэчы, прадугледжана больш строгае крымінальнае пакаранне.

І. МАЛАФЕЙ.

Пракурор раёна, саветнік юстыцыі.