СУД раёна прыгаварыў саракагадовага жыхара Мядзела да двух гадоў абмежавання волі за перавозку 85 асобін вугра вагой 45,3 кілаграма. У ходзе працэсу ўстаноўлена, што абвінавачаны ў красавіку 2019 года непадалёку ад берагавой лініі возера Мядзел знайшоў сумку з каштоўнай рыбай і забраў яе.

Гэта гісторыя з вуграмі пачалася 26 красавіка 2019 года каля 17 гадзін 30 хвілін. Менавіта ў гэты час жыхар Мядзела, знаходзячыся на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, на адлегласці прыкладна 49 метраў ад берага возера Мядзел, убачыў сумку з тка­ніны зялёнага колеру, у якой была рыба, і прысвоіў яе. Каштоўную знаходку занёс у сваю машыну, якая стаяла ў вёсцы Стругалапы, паклаў у багажнік. Разам з ім ехаў у райцэнтр з Нарачы яго знаёмы з сынам. Што за сумка і што знахо­дзілася ў ёй, спадарожнікі не ведалі.

Накіроўваючыся ў бок Мядзела, абвінавачаны заўважыў чорны аўтамабіль, які ехаў следам. Спалохаўся, бо не ведаў, хто ў ім знахо­дзіўся: супрацоўнікі Дзяржаўнай інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь альбо гаспадар знойдзенай сумкі. Паспрабаваў адарвацца ад пераследнікаў, і гэта яму ўдалося. Мужчына паведаміў пра ўсё, што здарылася, знаёмаму і прапанаваў усім уцякаць далей ад машыны. Аўтамабіль застаўся на дарозе непадалёку ад вёскі Целякі. А гаспадар на спадарожнай машыне дабраўся ў райцэнтр, адкуль у хуткім часе падаўся ў сталіцу. Калі вярнуўся, адразу ж пайшоў у міліцыю, дзе ўсё расказаў.

Як пасля стала вядома, мужчына хваляваўся недарэмна. Бо ў аўтамабілі, які ехаў за імі, сапраўды былі супрацоўнікі Дзяржаўнай інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Яны агля­дзелі сумку, у якой знаходзіліся 85 асобін вугра, занесенага ў Чырвоную кнігу, на суму 32 тысячы 512 рублёў, што на момант учынення злачынства адпавядала 1275 базавым велічыням і ўяўляла ўрон, нанесены навакольнаму асяроддзю ў асабліва буйным памеры.

Гаспадара сумкі выявіць не ўдалося. Паводле ветэрынарнага заключэння, рыба была прыдатная для рэалізацыі і ўжывання ў ежу.

Мужчына раней некалькі разоў быў судзімы за хуліганства і кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення. Дарэчы, пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на момант перавозкі сумкі з вуграмі ён поўнасцю не адбыў. Тым не менш набыў аўтамабіль “Шкода Феліцыя” і ездзіў на ім, не маючы вадзіцель­скага пасведчання.

Пры вынясенні прыгавору суд зыходзіў з прынцыпу індывідуалізацыі пакарання, улічваў характар і ступень грамадскай небяспекі ўчыненых злачынстваў, матэрыялы справы, якія характарызуюць яго асобу, змякчаючыя і абцяжарваючыя абставіны. Да першых адносіцца наяўнасць у мужчыны на ўтрыманні двух малых дзяцей. Абставінамі, якія абцяжарвалі адказнасць, стала ўчыненне злачынства ў перыяд незнятай і непагашанай судзімасці за папярэдняе злачынства.

Суд раёна прызначыў жыхару Мядзела пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Акрамя таго, у даход дзяржавы кан­фіскаваны аўтамабіль грама­дзяніна, а таксама знойдзеная ім рыба.

В. АФАНАСЕНКА.
Пракурор раёна.

М. ЛУБНЕЎСКАЯ.
Супрацоўнік рэдакцыі газеты “Нарачанская зара”.

Фота ілюстрацыйнае