Ёсць і станоўчае

237

Ёсць і станоўчаеАДБЫЛОСЯ выязное пасяджэнне раённага савета грамадскіх пунктаў аховы парадку. Адразу перад прысутнымі выступіў старшыня Свірскага пасялковага выканаўчага камітэта В. І. Субач, які паведаміў пра работу пункта аховы парадку пры Свірскім пассавеце. Віктар Іосіфавіч адзначыў, што асноўная мэта дзейнасці названага грамадскага фарміравання — прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў. Штосьці ў гэтым накірунку ўдаецца, штосьці — не. Свірскі пассавет — другі па велічыні ў раёне. У яго складзе 35 населеных пунктаў. Шмат сюды наведваецца і гасцей, у тым ліку з Прыбалтыкі. Уплывае на стан аператыўнай абстаноўкі на тэрыторыі пассавета і часовае пражыванне на Свіршчыне асоб, задзейнічаных на будаўніцтве Астравецкай АЭС. Тым не менш, узровень злачыннасці тут не самы высокі ў раёне. Пэўная работа праводзіцца з асобамі, якія злоўжываць спіртным, схільныя да правапарушэнняў, здзяйсняюць прагулы, учыняюць сямейныя скандалы. Нядрэнна працуе добраахвотная дружына, якую ўзначальвае Ю. М. Марчанка. Дружыннікі падабраны талковыя, адказныя. Пры неабходнасці яны дзяжураць на ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў гарадскім пасёлку, у тым ліку на дыскатэках у гарпасялковым Доме культуры. А вось участковага пастаяннага на месцы няма. Малодшы ўчастковы інспектар Д. Р. Баркоўскі, замацаваны за Свірскім пассаветам, у асноўным нясе службу ў Нарацкім аддзяленні міліцыі. Патрэбен яму і транспарт, каб у выпадку неабходнасці мог выехаць аператыўна па месцы прызначэння.

З аналізам стану грамадскага парадку на тэрыторыі Свірскага пассавета за чатыры месяцы бягучага года выступіў намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Ю. М. Жалубоўскі. Юрый Міхайлавіч, у прыватнасці, падкрэсліў, што за адзначаны перыяд тут учынены 2 злачынствы. Першае звязана з ухіленнем ад выплаты аліментаў на дзяцей, другое — крадзеж маёмасці, яно пакуль не раскрыта. Найчасцей, па меркаванні прамоўцы, марадзёрству падвяргаюцца дачныя дамы, якія ў асенне-зімовы перыяд пустуюць. Таму задача праваахоўных органаў і грамадскасці — весці сярод насельніцтва растлумачальную работу па прадухіленні крадзяжоў, павышэнні адказнасці саміх грамадзян за захаванне бяспекі ўласнага жыцця, маёмасці. А вось дзіцячай злачыннасці няма, што радуе. У той жа час не можа не хваляваць гібель грамадзян на дарогах Свіршчыны. На жаль, і злачынцаў, учыніўшых наезд на пешаходаў, не заўсёды ўдаецца адшукаць. Варта, па меркаванні намесніка начальніка РАУС, пры размове з людзьмі рабіць акцэнт на тое, што, згодна са статыстыкай, 60% злачынстваў здзяйсняюцца ў нецвярозым стане, а забойстваў — 80%. Паабяцаў Юрый Міхайлавіч вы¬дзеліць малодшаму ўчастковаму інспектару Д. Р. Баркоўскаму матацыкл і ў перспектыве па магчымасці менш за¬дзейнічаць яго на нясенні службы ў курортнай зоне.

Змястоўным атрымалася выступленне ў дырэктара Свірскай сярэдняй школы А. С. Марчанкі. У прыватнасці, Ала Сяргееўна расказала пра тую вялікую работу, якую даводзіцца весці з навучэнцамі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, а таксама ў сем’ях, дзеці ў якіх адносяцца да катэгорыі “знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы”. Вучні з групы рызыкі пастаянна задзейнічаны ў гуртках, спартыўных секцыях, а ў перыяд летніх канікулаў — у аздараўленчых лагерах. У рабоце з дзецьмі няма дробязей. Таму настаўнікі прыкладваюць шмат намаганняў, каб усе хлопчыкі і дзяўчынкі знаходзіліся ў роўных умовах, адчувалі сябе камфортна. Школьнікі атрымліваюць не толькі трывалыя веды па агульнаадукацыйных прадметах, але і жывуць актыўным жыццём у пасляўрочны час. Шмат праводзіцца ў навучальнай установе змястоўных мерапрыемстваў выхаваўчага зместу, працуюць спартыўныя секцыі, гурткі па інтарэсах. Напэўна, таму і няма часу школьнікам займацца чым папала. Адзначыла прамоўца і добрую сувязь школы з мясцовым касцёлам, кіраўніцтвам ААТ “Свір-Агра”. Напрыклад, касцёл штогод аплачвае абеды ў школьнай сталовай вучням з малазабяспечаных сем’яў. Сёлета такая дапамога аказвалася мясцовай рыма-каталіцкай парафіяй 11 школьнікам. Кіраўніцтва ААТ “Свір-Агра” прыняло зноў рашэнне аб аплаце 50% кошту пуцёвак дзецям работнікаў, а гэта 9-ці вучням у аздараўленчы лагер “Русалачку” і ў школьны аздараўленчы лагер. 15 вучняў у летні час будуць працаваць у мясцовай гаспадарцы.

Падчас пасяджэння ўдзялялася ўвага правядзенню выхаваўчай работы з асобамі, якія парушаюць грамадскі парадак. Хочацца спадзявацца, што прафілактычная размова з асобнымі з іх дасць з часам станоўчыя вынікі.

Падвяла вынікі пасяджэння старшыня раённага савета грамадскіх пунктаў аховы парадку, намеснік старшыні райвыканкама І. І. Барыева. Іна Іванаўна, у прыватнасці, звярнула ўвагу намесніка начальніка РАУС на неабходнасць больш аператыўнай работы ўчастковага інспектара ў Свіры. Шмат добрых слоў выказала ў адрас педагогаў Свірскай СШ, якія вялікую ўвагу ўдзяляюць арганізацыі выхаваўчага працэсу сярод вучняў. Ці не таму яны не ўчыняюць злачынстваў, паводзяць сябе нармальна дома і ў грамадскіх месцах. Значная работа праводзіцца і з неблаганадзейнымі сем’ямі.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.