Як ратавацца ад сабак?

257

Як ратавацца ад сабак?У РЭДАКЦЫЮ завітала жанчына і прынесла пісьмо ад імя жыхароў дамоў №4 і №6 па вуліцы Шаранговіча. Падпісалі ліст шэсць чалавек. Вось кароткі змест пісьма:

«Гаспадары асобных кватэр з першага пад’езда дома №4 трымаюць сабак. Іх гадаванцы свабодна гуляюць па двары і хапаюць за ногі дзяцей. Не толькі дзецям, але і дарослым боязна прайсці. На нашы заўвагі ў гаспадароў адзін адказ, маўляў, іх сабакі не кусаюцца. Але да пары збан ваду носіць. Вось і нядаўна адзін сабака схапіў за ногі маю ўнучку, калі яна каталася па двары на веласіпедзе. Дзіця са слязьмі на вачах прыбегла дадому. Яна перапалохалася і калацілася ад страху. Колькі такое можна трываць?! Двор — не месца для выгулу сабак. Мы лічым, што сабака на вуліцы павінен быць у намордніку і на павадку. Няўжо няма ўправы на тых, хто выпускае сваіх чатырохногіх сяброў на вуліцу без нагляду?..».

Сапраўды, праблема ёсць. І гэта неадзінкавы выпадак у горадзе. Нядаўна мне давялося назіраць падобную карціну на гарадскім пляжы. Маладая жанчына прыйшла пазагараць на бераг возера. З сабой яна прывяла сабаку. Зразумела, пачуўшы волю, жывёла радасна бегала па пляжы. А тут загаралі і дзеці. Уявіце такую карціну: да цябе бяжыць ваўкадаў. Даросламу становіцца не па сабе. А што гаварыць пра дзяцей?! Піск, крыкі, слёзы…

— Забярыце свайго сабаку. Яму не месца на пляжы, — прасілі людзі. У адказ чулі:

— Не бойцеся, ён не кусаецца, ён мірны…

Але веры жывёле няма. Чым бы закончылася гэта гісторыя невядома, каб не наступнае. Сабака, як кажуць, «наклаў кучку». Якраз на яе і павалілася дзяўчынка. Разгневаная маці дзяўчынкі заявіла, звяртаючыся да гаспадыні сабакі:

— Вось зараз збяру гэта «дзярмо» і вымажу ім твой твар…

Такія словы, а тым больш рашучасць жанчыны падзейнічалі на гаспадыню ваўкадава. Тая ўстала, прыхапіла з сабой рэчы і хуценька пайшла з пляжа.

— Так патрэбна вучыць тых, хто не хоча паважаць іншых. Правільна вы ёй сказалі, — заўважыла маладая дзяўчына. — Не першы раз яна прыходзіць на пляж з сабакам. Мо ў наступны раз задумаецца…

Сёння многіх хвалюе пытанне, як прымусіць уладальнікаў хатніх жывёл выконваць нормы, якія вызначаны законам? Зараз у Беларусі дзейнічаюць Правілы ўтрымання хатніх сабак, катоў у населеных пунктах краіны, зацверджаныя Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, пункт 4.4 гэтых правілаў абавязвае выводзіць сабаку ў месцы грамадскага карыстання на кароткім павадку і ў намордніку. За парушэнне — папярэджанне ці штраф ад 1 да 15 базавых велічынь. Згодна з артыкулам 15.47 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за парушэнне, якое прычыніла шкоду здароўю людзей ці маёмасці, прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт. Такая ж мера пакарання чакае і ў выпадку жорсткага абыходжання з жывёлай, якое прывяло да яе гібелі ці калецтва.

Калі сабака ўкусіў чалавека, пашкодзіў адзенне ці іншую маёмасць, гаспадар можа быць аштрафаваны на суму ад 1 млн ад 3 млн рублёў, а таксама атрымаць адміністрацыйны арышт да 15 сутак. Пытанне пра пакаранне вырашае суд. Дык ці варта даводзіць да гэтага сітуацыю?!

Згодна з існуючым заканадаўствам, сабак можна выгульваць на кароткім павадку і ў намордніку. Выключэнне складаюць шчанюкі ва ўзросце да 3 месяцаў і сабакі дэкаратыўных парод, вышыня якіх у карку не перавышае 25 сантыметраў. Існуючыя правілы абавязваюць уладальнікаў сабак у час прагулак мець з сабой поліэтыленавы мяшок і савок для ўборкі экскрэментаў жывёлы.

Патрэбна зразумець, што месцы агульнага карыстання не прызначаны для выгулу сабак. У Мядзеле рашэннем райвыканка вызначаны месцы, дзе можна выгульваць чатырохногіх сяброў. Гэта тэрыторыі ад філіяла РБУ ААТ «Універсалрамбуд» да нарыхтоўчага магазіна райПО па вуліцы Нарачанская; ад шынамантажу «СТА-Мядзел» да будынка МНС па вуліцы Юбілейная і тарфянога масіву насупраць універсама «Юбілейны».

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.