Выдача даверанасці — апраўданая асцярожнасць

319

Выдача даверанасці — апраўданая асцярожнасць“ДАВЕРАНАСЦЮ прызнаецца пісьмовае ўпаўнаважанне, якое выдаецца адной асобай другой асобе для прадстаўніцтва перад трэцімі асобамі”, — вызначана артыкулам 186 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Прадстаўніцтва па даверанасці з’яўляецца абсалютна законным і дастаткова шырока распаўсюджана ў практыцы здзелак з нерухомасцю. Пры гэтым дзеянні, якія ажыццяўляюцца па даверанасці, носяць самы разнастайны характар: ад паўнамоцтва на простае атрыманне дакументаў у розных інстанцыях замест даверніка — да надзялення даверанай асобы правам адчужэння маёмасці і атрымання ўсіх належачых прадаўцу грошай. Напрыклад, адчужаецца кватэра, якая з’яўляецца агульнай долевай уласнасцю вялікай сям’і. Асобныя яе члены ўпаўне могуць звяртацца да афармлення даверанасці на продаж сваіх долей на імя больш энергічных ці менш занятых сваякоў. Гэта ўвогуле лагічна, асабліва калі кліенты, прадаючы адну нерухомасць, тут жа набываюць іншую.

Найбольш шырока распаўсюджанай і бяспечнай з’яўляецца практыка афармлення даверанасцей на выкананне асобных даручэнняў, звязаных са спрашчэннем падрыхтоўкі здзелкі. Напрыклад, прадаўцы надзяляюць сваіх сваякоў ці іншых асоб паўнамоцтвамі на падрыхтоўку дакументаў, неабходных для продажу кватэры. Безумоўна, няма ніякай рызыкі ў афармленні кліентам такой даверанасці. Бо ў дакуменце не прадугледжана права на адчужэнне (продаж, дарэнне, абмен) нерухомасці, а тым больш на атрыманне грошай замест кліента.

А вось прысутнасць у здзелцы так называемай генеральнай даверанасці патрабуе асаблівай пільнасці. Чалавека, які дрэнна разбіраецца ў юрыдычных пытаннях, угаварыць на яе выдачу лёгка. У якасці аргумента нячыстыя на руку людзі могуць прад’явіць унушальны спіс дзеянняў, якія ім давядзецца здзейсніць, скажам, для прыватызацыі жылля ці афармлення спадчыны. А таму прапануюць адразу аформіць даверанасць “прыгодную на ўсе выпадкі жыцця”. Натарыусы не рэкамендуюць праводзіць здзелкі па генеральнай даверанасці, акрамя тых жыццёвых выпадкаў, калі такі дакумент аформлены для зручнасці самой сям’і. Напрыклад, ад імя пажылых бацькоў на дзяцей, якія больш актыўныя і лепш арыентуюцца ў сучасных рэаліях; ад імя дзяцей на бацькоў з мэтай эканоміі часу на паездкі і паходы, асабліва калі давернік пражывае не ў тым населеным пункце, у якім размешчана нерухомасць. Пры надзяленні адзін аднаго самым шырокім колам паўнамоцтваў унутры сям’і для візіту да натарыуса лепш усяго прад’явіць дакументы, якія пацвярджаюць ступень сваяцтва. Дзяржпошліна ў дадзеным выпадку складзе толькі адну базавую велічыню.

Каб натарыяльна засведчыць даверанасць, прысутнасць даверанай асобы не патрабуецца, давернік сам з’яўляецца да натарыуса (з дзеючым пашпартам). Пра асобу, якой выдаецца даверанасць, неабходны наступныя звесткі: прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, пашпартныя даныя, рэгістрацыя. Як можна больш падрабязна і дакладна неабходна пералічыць дзеянні, якія давераная асоба можа ажыццяўляць. Тэрмін дзеяння даверанасці ўстанаўліваецца любы, аднак не больш трох гадоў. Калі тэрмін у даверанасці не ўказаны, яна захоўвае сілу на працягу аднаго года з дня яе складання. Можна аформіць даверанасць з правам перадавер’я. У такіх выпадках той, на каго даверанасць аформлена, можа перадаць канкрэтныя паўнамоцтвы трэцяй асобе па ўласным меркаванні, у залежнасці ад сітуацыі. Калі абставіны зменяцца да заканчэння тэрміну дзеяння даверанасці, яе можна адклікаць. Унутры краіны даверанасць на ўсе віды паўнамоцтваў можа быць аформлена ў любога натарыуса Рэспублікі Беларусь, незалежна ад таго, дзе знаходзіцца давераная асоба, дзе — аб’ект нерухомасці і дзе — сам натарыус.

А. ШАРАФАНЕНКА.

Кансультант дзяржаўнай натарыяльнай канторы раёна.