Сёння ноччу ў аграгарадку Нарач гарэла новабудоўля

1630

ПАВЕДАМЛЕННЕ, што ў аграгарадку Нарач гарыць новабудоўля, паступіла выратавальнікам Мядзельшчыны сёння, 23 лістапада, у 01:17. Калі прыбылі на месца, дом гарэў адкрытым полымем. У выніку пажару пашкоджаны сцены і маёмасць, якая знаходзілася ў домаўладанні, дах і перакрыццё. Верагодней за ўсё, віной таму пакінуты без нагляду абагравальнік.

Сёння ноччу ў аграгарадку Нарач гарэла новабудоўля

Пра тое, што лягчэй папярэдзіць пажар, чым ліквідаваць яго наступствы, ведае нават дзіця. Пазбегнуць бяды нескладана, калі выконваць элементарныя меры перасцярогі. У адпаведнасці з інструкцыяй па эксплуатацыі ўключаныя электраабагравальнікі нельга пакідаць без нагляду.

Што рабіць, калі электрапрыбор загарэўся? Па-першае, выключыць яго з электрычнай сеткі. Па-другое, калі полымя меншае за футбольны мяч і вашаму здароўю і жыццю нічога не пагражае, паспрабуйце справіцца з загараннем самі: да прыезду выратавальнікаў накрыйце электрапрыбор шчыльнай тканінай ці коўдрай, або паспрабуйце засыпаць полымя пяском, зямлёй з вазона, пральным парашком, але ні ў якім разе не тушыце вадой. Па нумары 112  выразна паведаміце, што гарыць, дзе гарыць (дакладны адрас), сваё прозвішча і нумар тэлефона. З задымленага памяшкання выбірайцеся, прыгнуўшыся да падлогі ці паўзком, прыкрываючы нос і рот вільготнай тканінай. Апынуўшыся на дварэ, ні ў якім разе не вяртайцеся ў дом, дачакайцеся выратавальнікаў, пакажыце ачаг пажару, паведаміце аб наяўнасці ў доме людзей.

Ірына КАРАПЕЦЯН, старшы інспектар сектара ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння РАНС, капітан унутранай cлужбы.

Фота забяспечана аўтарам.