Сумніўнае задавальненне

189

Сумніўнае задавальненнеАПОШНІМ часам у краіне актуальнай з’яўляецца праблема распаўсюджання курыльных сумесей — “спайсаў”. Яны рэкламуюцца як легальны прадукт, які не ўтрымлівае наркатычных і псіхатропных рэчываў, што не адпавядае рэчаіснасці. У іх склад уваходзіць сінтэтычны канабіоід — асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва, вельмі шкоднае для здароўя чалавека. У першую чаргу ад ужывання “спайсаў” пакутуе псіхіка. Гэта можна параўнаць толькі з уздзеяннем моцных наркатычных рэчываў. Частае ўжыванне сумесей прыводзіць да галюцынацый, незваротных парушэнняў дзейнасці цэнтральнай нервовай сістэмы, назіраюцца ўстойлівыя парушэнні ўвагі, слабее памяць, зніжаецца інтэлект, з’яўляецца схільнасць да дэпрэсіі і суіцыду. Сёння шкоду ад курэння “спайсаў” можна нават не ставіць пад сумненне. Дастаткова пацікавіцца, колькі жыццяў забраў гэты быццам бы “легальны” наркотык, не кажучы пра колькасць пакалечаных лёсаў. Нягледзячы на тое, што захаванне і распаўсюджанне такіх сумесей прыводзіць да крымінальнай адказнасці, яны вельмі папулярныя сярод моладзі. Імі актыўна гандлююць праз інтэрнэт, на тэрыторыях устаноў адукацыі, у інтэрнатах, масавых месцах адпачынку грамадзян. Не абышла гэта бяда і наш раён. Пятага лютага бягучага года на дыскатэцы ў забаўляльным цэнтры “Вега” ў к. п. Нарач супрацоўнікамі праваахоўных органаў быў затрыманы жыхар г. Мінска грамадзянін Д., які прыехаў на выхадныя адпачыць на курорце. Падчас асабістага вобыску ў яго знайшлі 2 пакецікі са “спайсам”, якія ён набыў у Мінску. У адносінах да грамадзяніна ўзбуджана крымінальная справа за незаконную перавозку і захаванне псіхатропных рэчываў па ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Судом раёна яму вынесены прыгавор з прызначэннем пакарання ў выглядзе 2-х гадоў абмежавання волі.

Няхай гэты прыклад стане падставай задумацца і вырашыць, ці варта за такое сумніўнае “задавальненне” плаціць такую цану?

М. ВАЛЕЎКА.

Старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, старшы лейтэнант юстыцыі.