Суд раёна спагнаў з браканьераў кошт незаконна здабытых казулі і ласёў

926

У маі судом раёна разгледжана грамадзянская справа аб спагнанні з трох браканьераў незаконна здабытых казулі і двух ласёў.

Злачынства было ўчынена на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Нарачанскі” без дазволу на адстрэл дзікіх жывёл. Як было ўстаноўлена ў ходзе судовага працэсу, грамадзянін М. адзін незаконна застрэліў казулю еўрапейскую. Ён жа, дзейнічаючы ў групе асоб па папярэдняй змове з грамадзянамі А. і К., у перыяд забароны палявання на лася здабыў дзве асобіны — самку з двума эмбрыёнамі і самца-маладняка.
Усе тры браканьеры — жыхары раёна. Раней былі асуджаны за злачынствы да розных тэрмінаў пазбаўлення волі. Адзін з іх, бо з’яўляецца пенсіянерам, вызвалены ад пакарання па амністыі.

Рашэннем суда раёна з браканьераў спагнаны ў даход рэспубліканскага бюджэту кошт казулі, які ацэнены больш як на 166 рублёў, і ласёў — на суму больш за 2363 рублі. Акрамя таго, ім давядзецца заплаціць яшчэ дзяржаўную пошліну.

Як паказвае нядаўняя судовая справа, незаконнае паляванне часам можа нятанна абысціся ахвотнікам парушыць закон. Максімальнае пакаранне за такое злачынства, у адпаведнасці з артыкулам 282 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, досыць суровае: ажно да шасці год пазбаўлення волі.

А. ГАВЕТА,
намеснік пракурора раёна, малодшы саветнік юстыцыі.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц